А мне бяз розьніцы

Feb 18, 2014 00:01

Па радыё ў перадачы па заяўках слухачоў радасна паведамляюць пра чарговую перамогу Домрачавай і віншуюць усіх беларусаў з гэтай перамогай. Панове, але пры чым тут я, чаму віншуюць і мяне?
Хоць я і беларуска, мне бяз розьніцы, хто там перамагае, бо мае сябры і сваякі ў той алімпіядзе ня ўдзельнічаюць. А іншыя мяне не цікавяць: я зь імі нават не знаёмая, дык што мне іхныя перамогі?
Для мяне спорт - нешта кшталту рэлігіі. Нехта ВЕРЫЦЬ у сваю далучанасьць да перамог сваіх суайчыньнікаў - хай сабе вераць, мне не шкада. Нават хай сабе ганарацца тымі перамогамі, калі больш няма чым ганарыцца. Хай пагрэюцца ў прамянях чужой славы. А мяне чужая слава зусім не калыша. Бо я ня маю ніякага дачыненьня да тых перамог. А хто з вас мае дачыненьне?
Вось адзін мой сакурсьнік, дачка якога некалькі гадоў займалася тэнісам, адправіў яе за мяжу, каб там зь яе падрыхтавалі чэмпіёнку. Ну ёсьць грошы ў чалавека, вось і адправіў. Калі дзяўчына стане чэмпіёнкай - я парадуюся за яе, таму што ведаю яе бацьку. А бацька парадуецца - нашмат больш, чым я, - за дачку: ён мае самае непасрэднае дачыненьне да перамогі. І ўкладзеныя ім грошы, вядомая справа, вернуцца - як тут не радавацца? Але пры чым тут астатнія беларусы? Ці мо яны ўкладалі грошы ў тую чэмпіёнку? Не, і яшчэ раз не!
Мне сьмешна чуць пра “расейскую” тэнісістку Марыю Шарапаву, якая зь сямі гадоў жыве ў США, тамсама трэніруецца, і нават па-расейску гаворыць з акцэнтам. Ага, расейская спартсмэнка... Ці расейцам больш няма кім ганарыцца? Ганарыцца Мендзелеевым, Піраговым, Боткіным, Мечнікавым, Талстым, Пушкіным, Буніным, Чайкоўскім, Мусаргскім, Рахманінавым, Пракофьевым - гэта ўжо лічыцца дурным густам? Аднак гэтыя прозьвішчы будуць гучаць і праз сто гадоў, а Марыю Шарапаву хто ўспомніць праз 20 гадоў? Каму яна будзе цікавай?
Нам нагла навязваюць думку, што перамогі спартоўцаў павышаюць прэстыж краіны на міжнароднай арэне. Ага, я ўжо разьвесіла вушы і падрыхтавалася верыць у гэтую лухту... Ды хай бы Паўночная Карэя заваявала хоць пяцьдзясят мэдалёў - хто-небудзь у сьвеце перамяніў бы сваё стаўленьне да гэтай краіны? Баюся, што не. Бо не мэдалямі напрацоўваецца прэстыж краіны, зусім не мэдалямі...
Спорт - гэта звычайны бізнэс. Спартоўцы і тыя, хто мае дачыненьне да арганізацыі спаборніцтваў, атрымліваюць грошы, а заўзятары - гэта авечкі, якіх стрыгуць арганізатары. Нясіце вашы грошыкі... Адзін зь легальных спосабаў адняцьця грошай, не падкапаецеся. Шматлікія тэлеканалы па ўсім сьвеце пацьвердзяць гэта.
Маладыя заўзятары часам крыўдуюць, што старэйшыя не падзяляюць іхнага захапленьня. Эх, маладосьць! Вось нажывяце сабе дзіця - і адразу зьявяцца іншыя інтарэсы, іншыя захапленьні. Зуб даю! Бо колькі ведаю заўзятараў - усе яны бязьдзетныя. А дарослыя людзі маюць звычку ганарыцца СВАІМІ дасягненьнямі, а не дасягненьнямі чужых людзей.
Як той казаў, у іх сваё вясельле, а ў нас - сваё. Адзінае, што нас аб’ядноўвае зь пераможцамі, - краіна нараджэньня. Але тут таксама нарадзіліся і такія людзі, якія лепш бы ніколі і не нараджаліся. Хіба вы такіх ня ведаеце? Ведаеце, гэта факт. Чым жа ганарыцца?


роздум

Previous post Next post
Up