Feb 19, 2014 00:03
Сёньня сын сказаў, што бачыў на сьценах падземнага пераходу каля ГУМу два вялізныя бел-чырвона-белыя сьцягі. Пацікавіўся, ці мо сёньня якое сьвята кшталту Дня сьцягу ці штось падобнае. Гугл нічога такога не падказаў, і я выказала меркаваньне, што, можа быць, беларускія заўзятары гэтак адзначылі перамогі Домрачавай. "А-а-а-а, - зьнясілена прастагнаў сын. - Як жа яны ўсе задзяўблі з гэтай Домрачавай! Мне нават з Украіны даслалі віншаваньні. Я пішу - але пры чым тут я? А яны адказваюць - дык Домрачава ж зь Беларусі. Дасталі ўжо з гэтай алімпіядай! Мне ўвогуле нецікава, хто там перамагае..."
Ну во, я не адна кажу, што я не пры чым. Вы адкажаце, што сын падпаў пад мой уплыў, - але гэта ня так, майму сыну калі захочаш навязаць сваё меркаваньне, адразу і абломісься. Ён на ўсё мае свой асабісты погляд. Проста супалі...
На жаль, сын не зрабіў здымка, бо надта сьпяшаўся. І нам абоім вельмі цікава - колькі часу правіселі там тыя сьцягі? Бо ж перамогі перамогамі, а сьцягі могуць адразу падарваць прэстыж і канкурэнтаздольнасьць нашай краіны - калі ўвогуле ня зьнішчаць усю працу органаў па стабілізацыі ў краіне і ўсталяваньні ўсеагульнага "ўра-настрою".
уразіла