Вучыцца ніколі ня позна

Jan 28, 2014 16:01

Ніколі не хадзіла на курсы павышэньня камп'ютарнай пісьменнасьці, усяму навучалася "мэтадам тыку" - і самаўпэўнена лічыла, што мой узровень вышэйшы за "лузерскі", бо я ж працавала на камп'ютары яшчэ ў той час, калі большасьць беларусаў нават ня ведала, як тыя камп'ютары выглядаюць.

Ха! Аднак я дагэтуль ня ведала, якая розьніца паміж спойлерам і катам. Ну што, гэта ня дзіва. Нідзе ніхто пра гэта не напісаў. Дый я не шукала. А некалісь заўважыла, што ў некаторых аўтараў ЛЖ можна было пост разгарнуць і потым згарнуць, націснуўшы ўнізе опцыю Collapsе, а ў некаторых аўтараў гэтая кнопачка, якая мусіла б быць унізе схаванага пад кат зьместу, адсутнічала. І ў маіх пастах адсутнічала! Аднак мне хацелася, каб яна была, бо гэта зручна, асабліва калі чытаеш допісы ў стужцы сяброў (а я менавіта ў стужцы і чытаю, і, імаверна, так робіць большасьць).

Тады я зрабіла выснову, што прычына ў тым, што я карыстаюся опцыяй Cut. Відаць, кнопачка пасьля схаванага кавалка існуе для опцыі Spoiler, падумала я, - і вырашыла схаваць кавалак самага вялізнага свайго допісу, скарыстаўшыся опцыяй Spoiler. Але жаданая кнопачка не зьявілася. Во халера! - з прыкрасьцю падумала я - і хутка забылася на гэтую непрыемнасьць.

А сёньня спатрэбілася зазірнуць у свой блог, і - які жах! - я зразумела (ну нарэшце дайшло!), што кавалак, схаваны пад спойлерам, усё роўна пампуецца! У адрозьненьне ад кавалкаў, схаваных пад кат. Бо як пачалі пампавацца ўсе мае мегабайты фотак і відэа, разьмешчаных у маім "падаруначку", дык я, абамлеўшы, падумала: "Ды што ж гэта такое! Якой халеры ўсё гэта пампуецца?!"

Ну гэта ж трэба - такое ліха! Во да чаго даводзяць экспэрымэнты, заснаваныя на "мэтадзе тыку". Хацела як лепей - а атрымалася яшчэ горай... А каб я сонца ўначы ня бачыла! Відаць, нездарма мяне аблаяў markiz_de_kiss, напісаўшы, што "браўзэр просто разрываецца ад аб'ёму графікі". Цяпер я сама адчула тое, што адчуў ён.  :) Не, ня так. Трэба так: :(  Хаця гэта будзе няшчыра, бо я зусім не засмучаная - я проста сьмяюся з сваёй "камп'ютарнай пісьменнасьці".

А цяпер - дапамога залы. Падкажыце, як уставіць пад кавалкам, схаваным пад кат, кнопачку, дзякуючы якой пасьля прачытаньня/прагляду гэтага кавалка ў стужцы сяброў можна зноў схаваць прачытанае/прагледжанае?
Ну во. У мяне патрэбная кнопачка зьявілася сама, з дапамогай сьвятога духу. З чаго можна зрабіць выснову, што... Не, ня будзе высноў! Проста я дадала сябе ў свае сябры і паглядзела, як мой допіс выглядае ў стужцы. Нармалёва выглядае, з патрэбнай кнопачкай унізе. А калі я гляджу менавіта мой блог, тады... тады чамусьці тых ніжніх кнопачак няма! Карацей, праблемы і не было - я яе сама стварыла!

UPD. Дадам яшчэ з сваіх камэнтароў зьнізу. ...спойлер (Spoiler) выявіўся цалкам непатрэбнай опцыяй. Трэба карыстацца толькі катам (Cut). ...проста ня варта лічыць, што ваш допіс будзе выглядаць у стужцы гэтаксама, як у вашым блогу - бо ў блогу ў разгорнутым запісе няма ніжняга Collapsе, каб запіс згарнуць, а ў стужцы - ёсьць. Так, намудравалі праграмісты livejournal, каб іх трасца з гэтай нагоды...

Дзякуй усім, хто прачытаў! І прабачце ўсе, хто не хацеў атрымліваць мой падарунак, але быў вымушаны назіраць у стужцы сяброў, як "браўзэр просто разрываецца ад аб'ёму графікі". Ну і... буду рада, калі мой досьвед прынясе камусьці карысьць.

асабістае

Previous post Next post
Up