Павел Бiч
Мы, літвіны - нацыя!
Мае артыкулы аб уплыве культуры на палітыку, а праз яе і на эканоміку, і наогул на ўсё жыцце ў краіне, незалежныя СМІ, за рэдкім выключэннем (сайты "Мы-нацыя" і "Наша зямля") не бяруць для публікацыі. Але, цяпер, калі шмат хто зразумеў, што нашая Незалежнасць вісіць на валаску, спадзяюся, нешта зменіцца... Ніхто не прааналізаваў прычыны паразы апазіцыі ў 2010 годзе і нацыянальнага Адраджэння ў апошні час. Дарэмна я чакаў тлумачэнняў нашых філосафаў, сацыёлагаў, аналітыкаў, палітыкаў ...
____________________
Мой погляд на Беларусь.
Аб глупстве апазіцыі .
Русіфікацыя нашага народа дасягнула такіх вялікіх памераў, усе дзяржаўныя структуры так шчыльна абсажаны расейскімі агентамі, што Расея ў любы час можа пазбавіць нас незалежнасці і забраць у РФ. Ідэалагічным абгрунтаваннем захопу будзе іх сцвярджэнне, што беларусы -народ з рускага міра, што мы па сутнасці рускіе і самі просімся ў РФ ( магчыма будзе арганізаваны фальшывы рэферэндум). Што гэтаму павінна супрацьставіць апазіцыя? Натуральна, інфармаваць народ аб тым, што мы не з рускага міра, нават наадварот - у мінулым мы стагоддзямі змагаліся супраць Масквы. Трэба прызнаць, што аргументы нашых ворагаў смяротныя, таму што аргумент, які дагэтуль выкарыстоўвае апазіцыя - «беларускі» гэта не «рускі» годны ідыёта.
Кацярына Вялікая ў сваім Загадзе аб перайменаванні нас з літвінаў у беларусаў паказала ў чым іх смяротнасць. Гэта: прывязка беларусаў к Расеі, (таму народ не ідзе за апазіцыяй), пазбавленне яго мовы (без яе немагчыма нацыянальная культура), і пазбаўленне памяці пра саміх сябе (без міта пра веліч народа ў мінулым (ВКЛ) немагчыма пазбавіцца комплекса непаўнавартасці). Імя (назва) вельмі моцна дзейнічае на свядомасць людзей, што пацвярджаецца патрабаваннем змяняць імя асобы пры змене рэлігіі (наша эліта пачынаючы з Бурачка-Багушэвіча гэтага так і не зразумела). Назва «беларус» мае прыніжальны характар, вызначае нас як атростак рускай нацыі, і таму культуру па назве «беларускай» народ ніколі любіць ня будзе. Масква спрабавала русіфікаваць усе нерускія народы Расеі і СССР, але атрымалася гэта ў яе толькі з намі і дзякуючы толькі назве «беларус».
Каб падвысіць супраціўленне захопу нас Расеяй трэба даводзіць да народу нашу нерускасць. А гэта значыць, нагадваць яму што раней на працягу стагоддзяў мы называліся літоўцамі (літвінамі). Напрыклад, ў опере «Барыс Гадуноў» спяваюць: «Гришка з опальными боярами и сволочью литовской идет на Москву». Літоўская сволач - гэта мы. Гэтым павінна заняцца апазіцыя ў бліжэйшыя гады.
Каб не займацца прапагандай літвінства апазіцыя выстаўляла і выстаўляе наступныя аргументы:
1.З-за нашай мовы і праваслаў’я часткі насельніцтва адносна нас у гісторыі ужываліся тэрміны «рускі» і «русіны» (але гэта звычайная рэч у шматнацыянальных і шматканфесійных краінах; звычайна народы і называюць па назве краіны).
2. Адбудова нацыі з пачатку 20 ст. ішла пад назвай «беларускае», напісана шмат твораў з гэтай назвай, людзі гінулі за краіну пад назвай Беларусь; згоду на назву Беларусь далі адукаваныя людзі і змяняць яе не мае сэнсу.
3. Нагадваюць пра цяжкасці перайменавання Беларусі, напрыклад, ў Вялікалітву; узгадваюцца і дакументы ААН, і рэакцыя з боку цяперашніх Літвы і Расеі, і суммы грошаў для змянення, тых жа штампаў капотаў трактароў «Беларус», пераробку паспартоў, усялякіх пасведчанняў, шыльдаў і г.д.
4. Агітацыя літвінства прывядзе да расколу народа (але наш народ даўно катастрафічна расколаты, няма чаго расколваць, нацыі няма). Усе гэтыя аргументы маюць культурна-гістарычны характар.
Але цяпер літвінства набывае ваенна-палітычны аспект. Толькі яно здольнае павысіць дух супраціва. Неразуменне гэтага ёсць глупствам апазіцыі. Па навукому гэта называецца - няздольнасцью мысліць канкрэтна. (А ісціна заўжды толькі канкрэтна). Можна назваць гэты недахоп таксама адсутнасцю пачуцця Меры. Такое мысленне есць сведчаннем адсталага метафізічнага розума. Некаторыя (дурні) з нашай эліты не любяць простых тлумачэнняў; ім падавай штосьці складанае, грувасткае, са словамі «беларуская ідэя, ідэалогія, ідэнтычнасць і г.д.».
22.07.2015
Крыніца .
Сучасны статус краіны .
Звычайна ён беспамылкова вызначаецца сімваламі краіны. Іхняя сіла ў тым, што прыняць сімвалы, не адпавядаючыя сутнасці дзяржавы, немагчыма. Нашыя сімвалы - герб, сцяг, назва краіны выразна каланіяльныя, прыдуманыя (ці выбраныя) Расеяй. Дабавім сюды рускую мову ўладную (прэзідэнта, чынавенства, вайскоўцаў...), руска-савецкую тапаміміку, мову адукацыі і панаванне рускай культуры ў звычайным жыцці. Гісторыя не дае прыкладаў, каб пры дыктатурах у іншых краінах мела месца такое панаванне чужой культуры. Усе дыктатуры яскрава нацыяналістычныя. Знешняя палітыка нашых улад адрозніваецца ад расейскай толькі большай грубасцю і нахабствам. Таму балбатню аб апошняй дыктатуры ў Еўропе трэба спініць. Мы калонія, а ў калоніях кіруюць не дыктатары, а паслугачы. Нам пакуль дазволілі самастойна вырабляць ежу, нешта з прамысловых тавараў, прэзідэнту - катацца па Свету... Але гэта павінна скончыцца, адпаведна менталітету рускіх - альбо ўсё альбо нічога. На чарзе ўвядзенне расейскага рубля і змешванне нашай і расейскай армій.
Найбольш складана ўспрымаецца назоў Беларусь у нашым каланіяльным стане. Я не адмаўляю, што гэтая назва "не звалілася на нас з неба" ў 1840 годзе. Магчыма яна існавала даўно, як і назва Літва. Але дакументальна нашымі гісторыкамі даказана (ці паказана), што цяперашняя Летува гэта не гістарычная Літва; Летува ў мінулым гэта Жамойтія, якая была адваеваная ў немцаў намі праз 100 гадоў пасля стварэння ВКЛ. Даказана таксама, што ў ВКЛ панавала славянская мова і што тэрмін рускі (русінскі) выкарыстоўваўся для назвы праваслаўнай часткі нашых жыхароў і для пазначэння нашай мовы. Таму "Літва" гэта нашая сапраўдная назва.
Тэрмін "Русь" набыў зусім іншый сэнс, калі Масковія ўзяла сабе назву Расея і ўсе землі, захопленыя ў нас, рускія пачалі называць Белай Русью. У 1840 годзе землі цяперашняй цэнтральнай і заходняй Беларусі было забаронена называць Літвою. І тут нашая эліта (яе рэшткі, бо асноўная яе частка была альбо знішчана ў войнах і паўстаннях, альбо рассеяна па свету) зрабіла эпахальную памылку - пагадзілася на назву Беларусь. Змякчальнымі абставінамі гэтай памылкі можна назваць моц рускай культуры і панаванне ў грамадскай думцы сацыяльных ідэяў у канцы ХIХ і пачатку ХХ ст. Згодна з апошнімі, нацыянальнае і культурнае ёсць неістотнае; істотнае гэта эканоміка і палітыка. Над сілай і прыдатнасцю, годнасцю сімвалічнага тады мала думалі нават філосафы. Але шмат хто з нашай эліты адчуваў русіфікатарскую ролю новай назвы і адмаўляўся яе прыняць. "Ліцьвінкай і толькі ліцьвінкай я з Божае ласкі была, ёсць і да апошняга дыхання буду" - выгукнула ў 1910 годзе Канстанцыя Скірмунт. Народ таксама не ўспрымаў сябе белымі рускімі, бо адчуваў сваё адрозненне ад рускіх, нягледзячы на рускае выхаванне. Ідэі БНР не захапілі, магчыма, не дайшлі да нізоў, хоць Слуцкі збройны чын пра нешта і гаворыць. Цяпер можна назбіраць фактаў аб арміі (!) БНР, каварстве бальшавікоў, нагадаць пра Кнорына, Мяснікяна, але ... факт застаецца фактам - Усебеларускі з'езд ў 1917 годзе некаму было ахоўваць ад разгону купкай салдатні (зусім як цяпер, калі любое пасяджэнне апазіцыянераў можа разагнаць купка амапаўцаў).
У чым шкоднасць назвы Беларусь? Яна ствярджае, што наш і рускі народы маюць адзіны (рускі ) корань, а гэта не так, і што прыметнік "белы" гэта неістотнае адрозненне. Так вынікае з законаў семантыкі, якія немагчыма аспрэчыць. Гэтае ж датычыцца і да ўсей нашай культуры - з "Беларуссю" культура губляе ўсялякую арыгінальнасць, успрымаецца як нешта другаснае рускае. Народ ніколі не палюбіць другаснае, на то ён і народ, якому не загадаеш, што любіць, а што не любіць. А каб схаваць ад сябе што русіфікаваная беларуская культура - гэта дробязь у параўнанні з рускай, наш народ стаў выказваць раўнадушша да праяў усялякага Нацыянальнага; а ў глыбіні душы набыў балючы комплекс непаўнацэннасці.
Іншая справа - інтэлігенцыя, асабліва мастацкая. Усё ХХ ст. яна спрабавала неяк прыляпіць нашу культуру побач з рускай, але войны культур не маюць перапынкаў і літасці. Культуры выконваюць тыя ж функцыі што і войскі, яны абараняюць сваё і нагортваюцца на слабых. Тут, дарэчы, можна ўспомніць Ніцшэ, з ягонай "Воляй да ўлады", воляй, якая першасная і не тлумачыца ніякімі прычынамі. І ўлада і культура пачынаюцца з падаўлення волі і разбурэння ладу жыцця Іншага. Культура гэта не толькі мастацтва і гісторыя, гэта яшчэ і лад жыцця, працы, адпачынку, людскіх аднасінаў ... Калі людзям навязваецца чужы лад жыцця, яны хапаюцца за зброю. Нашая інтэлегенцыя гэтага не разумее. Некаторыя з іх шмыгаюцца паміж Масквой і Парыжам, прывозяць адтуль граматы, узнагароды і не бачаць сваёй здрадніцка-агіднай сутнасці. Іншыя спрабуюць стварыць нейкія ўстановы, дзе збіраюцца вучыць молодзь еўрапейскай навуцы, іншыя спрабуюць навучыць правільна думаць і ўладу, і апазіцыю ... усіх. Ці не належу да апошніх і я?
Але ж назва Беларусь шырока адчыніла дзверы рускай культуры, якая дратуе нашу; тое чаго не адбылося ані з адной культурай народаў былых саюзных рэспублік. І цяпер нашы гаспадарнікі марна спадзяюцца з дапамогай розных Дагавораў усталяваць раўнапраўныя адносіны з Расеяй. У рускіх жа зусім іншыя адносіны да дамоў, чым у еўрапейцаў. Шмат інфармацыі важкай для дзелавых справаў і жыцця застаецца па за паперкамі. Ну, на самай справе, як можна супраціўляцца націску маскалёў, калі любімы сынок або ўнучак побач з папам-дзедам-татам, карэнным беларусам, голасна вучыць вершык Пушкіна і ўсе навокал да таго ж размаўляюць на "великом и могучем". Доказ гэтаму нашы паразы ва усіх гаспадарчых войнах з расіянамі.
Апазіцыя .
Асноўныя яе паразы тлумачацца:
- тым, што яна (апазіцыя) не разумее што мы краіна калонія; у яе на першым месцы стаіць змаганне за правы чалавека, дэмакратыю і дабрабыт, а не барацьба за нацыянальнае Адраджэнне. Здавалася б спакойнае (нявыхад на вуліцы) успрыманне насельніцтвам пагаршэння матэрыяльнага становішча ў мінулым годзе, павінна было б раскрыць нашай апазіцыі вочы - што на вуліцы (нават змагаючыся за чарку і шкварку) выходзяць толькі нацыянальна свядомые людзі, і таму трэба заняццца нацыянальна-гістарычнай адукацыяй народа - але гэтага не адбылося;
- тым, што яна не разумее сэнс Культуры - уся нашая інтэлігенцыя лічыць яе нейтральнай ў палітычнай барацьбе; яна збольшага яшчэ агітавала за беларускую мову, мала разумеючы, што мова толькі частка культуры і не галоўная (галоўная - Гісторыя); нагадаю абурэнне, якое, нават ў шэрагах апазіцыі, вызваў артыкул З. Пазьняка "Аб небяспецы рускага імперыялізму".
Апазіцыі трэба нарэшце зразумець, што беларускасць, як разнавіднасць рускасці, дапамагае нашым уладам і Расеі знішчаць наш народ і нашую краіну. Гэтым тлумачацца стэнды з надпісамі "Я - Беларусь" і прыўладная партыя "Белая Русь". Назвы краін не вызначаюцца Богам адзін раз на ўсе часы. Яны змяняюцца ў адпаведнасці з гістарычным момантам. Усе каланіяльныя народы як толькі атрымлівалі Незалежнасць адмаўляліся ад каланіяльных назваў. Хай Расея называе нас да скону часоў як хоча. Шмат якія краіны маюць па некалькі назваў. Мы не павінны адмаўляцца ад сваёй Гісторыі толькі таму, што так хочацца рускім і летувісам.
Я ўжо прапаноўваў варыянты назваў нашай краіны - Крывія, Літва, Вялікалітва, ВКЛ-Беларусь, Літварусь ...
У "Гісторыі беларускай дзяржаўнасці" (кн. 1, стар. 269, Мінск, 2011, пад рэдакцыяй А. Кавалені), нашага слаўнага палітыка пачатку ХХ стагоддзя Р. Скірмунта называюць літварусам. Ці дадумаўся палітык да назвы Літварусь, ці карыстаўся ёю - не вядома. Але да людзей масштаба Скірмунта, пасля правальнага стогадовага эксперыменту з Беларусью", варта прыслухацца.
Каб прыкінуць, што цяпер трэба рабіць апазіцыі, звернемся па аналогіі да "палітыкі" і "вайны". Аналогія блізкая, бо ў іх нават агульная тэрміналогія - перамога, параза, наступленне, адступленне і г.д. Іхняе адрозненне: на вайне забіваюць фізічна, у палітыцы - маральна (чалавек кідае палітыку, або пераходзіць ў стан ворага без вялікіх маральных патрасенняў); палітыку лягчэй працаваць у стане ворага, менш хвалюючыся за выкрыццё; у палітыцы немагчыма заключыць часовы мір, яна, як і культура, не ведае перамір'я і літасці; на вайне адступленне - гэта страта тэрыторыі, у палітыцы - змяншэнне колькасці прыхільнікаў.
Як вайна ёсць працяг палітыкі іншымі сродкамі, так і палітыка ёсць вайна іншымі сродкамі. ...
І так, што робіць апазіцыя з пазіцый "вайны"? Адны, намагаюцца пралезці ў штаб ворага (парламент) бліжэй для галоўнакамандуючага і там пераконваць штаб у памылковасці яго палітыкі, а таксама звярнуцца да народа з прызывам змагацца з уладай пераможцаў. Гэта відавочнае глупства. Прыўладныя СМІ дадуць ілжывую інтэрпрэтацыю іхніх прамоў у парламенце. Пераканаць ворага, што ён памыляецца, немагчыма.
І што новага могуць прапанаваць апазіцыянеры ў параўнанні з газетай "Народная Воля", якая вось ужо амаль за 20 гадоў сто разоў пераказала ўсе ідэі апазіцыянераў; а рашэнні штаба кантралюе галоўнакамандуючы.
Іншыя збіраюцца арганізаваць байкот і тым даказаць (каму?) што народ не любіць уладу і не слухае яе. Гэта таксама глупства. Моладзь, тая проста злуе ўладу - пралазіць за лінію фронту, вывешвае сцягі, робіць акцыі працягласцю пару мінут, садзіцца за краты, чым ў асноўным залагоджвае свае пустахвальства. Некаторыя (сацыял-дэмакраты і камуністы) усё яшчэ спадзяюцца на пагаршэнне матэрыяльнага становішча, якое выведзе народ на вуліцы.
З пазіцый вайны апазіцыя павінна захаваць астаткі свайго войска, адвесці яго на перадыслакацыю і папаўненне свежымі сіламі, якое магчыма толькі пасля знішчэння каланіяльнай залежнасці нашага народа. А як яна можа быць знішчана, я тлумачыў вышэй. Молодзь не ведае нашай гісторыі і таму будзе папаўняць шэрагі амапа, спецназа, БРСМ, з'езжаць з краіны, пераўтварацца ў цынікаў. Калі дзеля агітацыі могуць быць прыдатнымі выбары, іх трэба выкарыстаць. Хутчэй за ўсё за нацыянальныя сімвалы, самавызначэнне, мову, культуру. Калі б такое здарылася і апазіцыю садзілі за краты, увесь Свет убачыў бы што мы краіна-калонія, бо такое магчыма толькі там. Магчымае таксама падполье, як гэта было, зноў жа ва усіх захопленых і каланіяльных краінах. Заклікі да сапраўднага самавызначэння і не зманлівай, а сапраўднай незалежнасці павінны разбудзіць наш народ. Разуменне гісторыі (і культуры) даступна простым людзям ў адрозніванне ад эканомікі (хоць на вуліцы выводзіць і голад), а палітыка для простых людзей - наогул мала зразумелая рэч..
Мы павінны прайсці шлях нацыянальнага Адраджэння, - той, якім паспяхова прайшлі іншыя народы Еўропы 100-200 гадоў таму, а народы Афрыкі і Азіі - з паўстагоддзя. У заваяваных краінах, у калоніях змаганне за дэмакратыю, права ёсць проста глупства. Але можа хто ведае іншы шлях нашага выратавання? Хацелася б паслухаць. Пакуль ўсе маўчаць.
Я ствярджаю, што наш каланіяльны статус і паразы апазіцыі забяспечваюцца ў нас панаваннем рускай культуры, што ў сваю чаргу падтрымліваецца нашым назовам - беларусы. Выратаванне - літвінства.
02.08.2012.
Крыніца .
Па тэме:
Усялякая беларускасць гэта чужое, фальш, не натхняе і не мае будучыні Літвіны-беларусы найстаражытны народ на Еўрапейскім кантыненце Аналіз гістарычнай дакладнасці афіцыйнай назвы Літоўскай Рэспублікі "Крывавы патоп" у якім агрэсарам супраць Вялікага Княства Літоўскага была ардынская Масковія Русіфікацыя Беларусі Беларусь: паглыбленне ў бездань Беларусь як акупаванае грамадства Акупацыйная палітыка расейцамі на беларускай тэрыторыі Заходнеруская прапаганда і яе ўплыў на ментальнасць беларускага грамадства Аналіз гістарычнай дакладнасці афіцыйнай назвы Літоўскай Рэспублікі История формирования беларускай народности - Балтский субстрат в формировании беларуской народности Миф Кремля о триедином народе; русские, украинцы и беларусыBudźma Litwinami! Яны не лічаць сябе беларусамі, а лічаць літвінамі. Хто гэтыя людзі? Аўтар-складальнік ©Czesław List
Назад →
Беларусь Артыкулы і публікацыі