Старыя каталіцкія могілкі ў
мястэчку Волма пад Ракавам налічваюць мо 500 гадоў сваёй гісторыі. Бо створаны ў адной з найстарэйшых каталіцкіх парафіяў на тэрыторыі Беларусі, што вядзе адлік гісторыі ад 1474 года. Знаходзяцца яны на паўднёва-заходнім выездзе з мястэчка ля гасцінца, які калісьці злучаў Волму і яшчэ адно даўняе літоўскае мястэчка Рубяжэвічы.
Такі далягляд з валмянскіх могілак на мясцовы касцёл святога Яна Хрысціцеля. Калісьці, да савецкіх часоў, тут стаяў драўляны храм, узведзены ў 1750-я Ўладзіславам-Тадэвушам Ваньковічам, мінскім войскім.
Нягледзячы на даўнюю гісторыю, самы стары захаваны помнік на могілках адносіцца да 1818 года. Вось гэтая прыгожая калюмна з крыжам пад дубам, да якой, паводле мясцовых легендаў, са старога касцёла вёў падземны ход!
А пахаваны тут Міхал Крупскі, заснавальнік заможнай галіны шляхецкага роду, якой ў 19 стагоддзі належалі землі ля Стоўбцаў, Старобіна, Пухавічаў. У 10 кіламетрах ад Волмы Крупскім належаў фальварак Ігнатава, у якім, верагодна, у 1818 годзе і памёр Міхал Крупскі. А яшчэ праз 4 гады тут жа народзіцца ягоны ўнук
Баніфацый, які ў 1863 годзе паспрабуе кіраваць паўстанцкай арганізацыяй, за што будзе высланы ў Сібір.
Гэты прыгожы металічны крыж стаіць над металічнай плітой надмагілля Антонія Язвінскага. Але ж, вядома, не таго, што быў знакамітым педагогам і
пахаваны ў Цімкавічах, але нейкага яго не меней шляхетнага сучасніка.
На валмянскіх могілках ёсць рэшткі сапраўднага радавога шляхецкага некропалю. Тут знаходзяцца ўшчэнт разбітыя, але паважныя калісьці пахаванні роду Красоўскіх. Заснаваў галіну ў гэтых мясцінах гранічны суддзя Менскага павета Баніфацый Красоўскі, які ў 1805 годзе набыў каля Волмы маёнтак Ойцінава.
Побач амаль у чалавечы рост металічная пліта з магілы ягонай, відаць, жонкі Вікторыі.
Вось такі магутны крыж стаяў каля іх магілаў.
Цікава, што ўсе гэтыя надгробныя кампазіцыі былі выраблены на металургічнай мануфактуры графаў Храптовічаў у мястэчку Вішнева! Ці шмат гістарычных вырабаў гэтага завода ўвогуле ёсць у сучаснай Беларусі? Усе яны мусілі б быць на адмысловым музейным уліку і пад аховай! Але ў рэальнасці вось так…
Ізабэла з Красоўскіх Сабалеўская, пэўна была дачкой Баніфацыя і Вікторыі. А гэты помнік з адзнакамі неаготыкі паставіла ёй ужо ўласная дачка.
З іншага боку таўшчэзнай бярозы сумна ляжыць помнік Іллі Красоўскаму, які памёр у 1863 годзе. Ён быў апошнім з Красоўскіх, хто жыў тут у сваім маёнтку. Яго сын Напалеон ужо быў доктарам у Вільні.
Яшчэ адна адметная па-мастацку выкананая магіла, створаная ў тым жа Вішневе, належыць Томашу Палкоўскаму. Тут усё таксама разбіта, а надмагілле сыходзць у зямлю… Цікава, што шляхціч Палкоўскі нетутэйшы. Кім ён быў, што рабіў у нашых краях, чаму аказаўся пахаваным тут пад такім прыгожым трывалым надмагіллем? Такія пытанні наўрад ці будуць цікавіць мясцовы люд, у адрозненні ад пытання, як сцягнуць рэшткі гэтай магілы ў металалом.
А вось шляхцічы Набароўскія цалкам тутэйшыя. Гэтыя нашчадкі паэта і прыяцеля ваяводы Януша Радзівіла
Даніэля Набароўскага. Ад сына Януша Багуслава Радзівіла (а таксама ад шлюбу з прадстаўніцай роду Валадковічаў) яны атрымалі зямлю каля Волмы, на якой пачэсна жылі да самага 1939 года.
Да нейкіх савецкіх магілаў па-сіроцку прытуліўся панскі помік Караліны Клюкоўскай. Яе дзявочае прозвішча напісана ў цікавай ўзвышанай манеры: “de domo Nielubowicz”. Калісьці ў канцы 18 стагоддзя каморнік Томаш Клюкоўскі дапамагаў размяжоўваць уладанні валмянскага касцёла. А зараз няма каму размежаваць магілы ягоных нашчадкаў ад наступу савецкіх людзей…
У гісторыі Волмы быў перыяд, калі мясцовы касцёл перасвяцілі на праваслаўную царкву ды актыўна намагаліся распаўсюджваць “рускі свет”. Ад гэтага перыяду на могілках засталіся толькі рэшткі двух фактычна ўжо безыменных рускамоўных надмагілляў. Пад адным - нехта “…і дачка яго Антаніна”, а ў другога магчыма прачытаць адно дату ды памятны надпіс, па якім можна вызначыць хіба што жаночы пол нябожчыцы. Верагодна, гэта маглі быць помнікі, звязаныя з сем’ямі праваслаўных святароў.
Вось, на жаль, і ўсё, што захавалася да нашага часу… На могілках Волмы, дарэчы, няма ніводнай магілы ксяндзоў мясцовага касцёла. І гэта за паўтысячы гадоў гісторыі храма! Дакладна вядома, што яны там былі, і былі яны мясцовай славутасцю. Але савецкі беларускі народ бязлітасны да сваёй гісторыі і сваіх магілаў…