Каталіцкія могілкі ў
Талачыне называюцца “польскія” і знаходзяцца ля старадаўняга тракта з Менска і Барысава на Воршу і Смаленск. Цяпер гэты тракт абмінае Талачын з поўначы, а ў самім мястэчку застаўся ў выглядзе Аршанскай вуліцы, што з’яўляецца рэдкім прыкладам захавання гістарычнай назвы. Менавіта на гэтай вуліцы, на выездзе з Талачына ва ўсходнім кірунку, і знаходзяцца гэтыя могілкі. Склаліся яны, верагодна, у 19 стагоддзі, калі ў Талачыне стварылася і ўмацавалася вакол касцёла, пабудаванага ў 1853 годзе, каталіцкая парафія. Парафіі ў гэтай частцы Беларусі былі рэдкія і вялікія, таму на талачынскія могілкі везлі нябожчыкаў з усіх навакольных сядзіб, фальваркаў, ваколіцаў ды проста каталіцкіх вёсак. Натуральна, што і ўся шляхецкая эліта з самога Талачына таксама была пахаваная тут.
На талачынскіх каталіцкіх могілках знаходзіліся родавыя пахаванні шляхцічаў Славінскіх, фаміліі, з якой звязана аблічча і сацыяльна-эканамічнае развіццё мястэчка ў 19 - пачатку 20 стагоддзя. У 1915 годзе тут быў пахаваны Вітальд Славінскі - чалавек-эпоха для Талачына, гаспадарка якога была вядомай далёка за межамі Беларусі. На жаль, пасля савецкага часу амаль нічога тут не засталося. У 1937 годзе носьбіты польскай культурнай традыцыі вынішчаліся на Талачыншчыне цэлымі сем’ямі, а каталікоў ды шляхцічаў пачалі вынішчаць нават яшчэ раней. Таму кожны вандал, які прыходзіў апаганьваць магілы на “польскія могілкі”, мог пачувацца цалкам беспакарана, а мо нават і адчуваць пэўную падзяку. Камуністаў “рускага свету” прысутнасць польскай культуры ў гэтым краі хіба толькі раздражняла, і каб яе пазнакі зусім раструшчылі ды замялі пад бруд, дык яны б былі толькі ўдзячныя.
Дык дзе ж былі тыя родавыя пахаванні Славінскіх, якія відавочна мусілі вылучацца сваёй прыкметнасцю? Можа тут? -
А можа быць, тут? -
Ці вось тут? -
Не, насамрэч, гэта Вітальд, але не Славінскі, а Савіч-Корсак. З славутага і старадаўняга літоўскага роду, карані якога сягаюць у 15 стагоддзе. Далёкі сваяк нашага незламанага
Самуэля Савіч-Корсака, які разам з Тадэвушам Рэйтанам бараніў айчыну на падзельным сойме. Сімвалічна, што прадстаўнік гэтага роду пахаваны тут ў Талачыне, які мяжа 1772 года пасекла літаральна папалам. Маёнткі Савіч-Корсакаў ў наваколлі Талачына ў Аршанскім павеце набыў у 1721 годзе у пасаг наваградскі харунжы Пётр Савіч-Корсак, жанаты з князёўнай Ганнай Друцкай-Горскай з роду спрадвечных уладароў гэтых мясцін. І нават амаль праз сто год пасля таго “першага падзелу” сям’я Корсакаў памятала пра сваю Рэч Паспалітую. У 1864 годзе Вітальд знаходзіўся пад расійскім следствам за тое, што паведамляў антырасійскім паўстанцам пра месцазнаходжанні сялянскіх вартаў - пэўна, продкаў тых, якія потым давядуць яго магілу да гэткага стану.
Ганарліва ўзвышаецца сярод агульнага разбурэння на могілках гранітны крыж над пахаваннем прадстаўніка яшчэ аднаго роду буйных землеўласнікаў талачынскага наваколля. Юзаф Багушэўскі, з маёнтку Арава, непасрэдны сусед Савіч-Корсакаў, малодшы сын у вялікай сям’і Ўладзіслава і Тэклі Багушэўскіх герба Юнчык. За нейкае дачыненне да паўстання 1863 года ягонага старэйшага брата Юльяна арыштавалі ды адправілі шэрагоўцам у расейскае войска. І Юзаф стаў адзіным мужчынскім спадкаемцам маёнтку Багушэўскіх, што ў той час уключаў сядзібны дом з гаспадарчымі пабудовамі, млын, бровар, пасеку і фруктовы сад.
Іншай прадстаўніцы гэтага роду, сястры Юзафа, Міхаліне з Багушэўскіх Казьмянавай, пашанцавала меней, яе надгробак амаль сышоў у зямлю.
Яшчэ адзін прыкметны гранітны крыж, які пакуль яшчэ(!) стаіць на талачынскіх могілках у поўны рост. Гэта магіла шляхецкага польскамоўнага паэта Вінсэнта Газдзіцкага, які жыў у сядзібе Азярцы ў некалькіх кіламетрах на ўсход ад Талачына. Ягоная біяграфія і творчасць не надта даследавана сучаснікамі нават у Польшчы. А калісьці ягоным зборнікам вершаў “Bukiet serc ludzkich”, выдадзеных у 1849 годзе ў Вільні, зачытваліся ва ўсіх сядзібах ад Койданава да Магілёва. Уласна, на замову нашай мясцовай шляхты яна і была выдадзена. Сёння, вядома, ніхто тут ўжо гэтым не цікавіцца, але пакуль яшчэ стаіць, цудам захаванае, ягонае надмагілле. Верагодна, было тут яшчэ шмат магілаў Газдзіцкіх, бо род быў заможны і гаспадарлівы. Менавіта Газдзіцкімі было закладзена найбуйнейшае прадпрыемства сучаснага Талачына -
кансервавы завод. Аднак, “удзячныя” нашчадкі не пакінулі нам больш ніводнай іх магілы…
Са зламаным крыжам і выскубаным фотаздымкам, але стаіць на могілках помнік ксяндза Яна Стрэгоўскага - талачынскага пробашча ў 1893 - 1904 гадах. Мясцовая парафія крыху расчысціла зараз месца навокал. Вядома, ксяндзоў у талачынскім касцёле за яго гісторыю было куды больш, але дайшла да нашага часу толькі гэтая магіла.
Стаіць таксама магутны камень шляхцянкі Марыі з Вартманаў Сушынскай.
А вось надмагілле Жанны-Гелены з Ламінскіх Навіцкай ляжыць у брудзе. Родавым маёнткам шляхцічаў Ламінскіх былі Славені ў 10 кіламетрах на паўднёвы захад ад Талачына. Месца, дзе стаяў іх сядзібны дом, і ў наш час завецца Ламіншчына. У 1863 годзе руплівымі сялянамі тут былі схопленыя браты Аляксандр-Пётр і Антоній Ламінскія, прысуджаныя потым да высылкі ў Сібір. Можна меркаваць, што мы не надта памылімся, калі дапусцім, што Жанна-Гелена была з той жа сям’і.
Зусім нечака было выцягнуць з-пад галля і бруду на талачынскіх могілках помнікі інфлянцкіх баронаў Унгерн-Штэрнбергаў! Гэтае прозвішча найбольш вядома, дзякуючы, найперш
аднаму экстравагантнаму прадстаўніку расійскага белага руху. Але ў нас у Рэчы Паспалітай было сваё адгалінаванне гэтага роду, якое было вядома ў Аршанскім павеце з 17 стагоддзя. Жылі яны тут у фальварку Каменка паміж Талачынам і Коханава. Францішак Унгерн-Штэрнберг, надмагілле якога мы можам (пакуль яшчэ) тут бачыць, скончыў Дэрпцкі ўніверсітэт быў знаным у свой час лекарам і батанікам, працаваў у Вене, Парыжы, Фларэнцыі. Яго малодшы брат Станіслаў жыў у той жа час у родавых маёнтках. Таксама тут жа мы бачым магілу іх старэйшага сваяка Эліяша.
А што ж Славінскія? З усяго шматлікага і значнага для гісторыі ўсіх гэтых мясцін рода на талачынскіх могілках застаўся толькі адзін помнік. Ядвіга з Славінскіх Гайль, якая памерла ў 1887 годзе, не маючы і 30 год. Гэта была стрыечная сястра ўладальніка талачынскай сядзібы Юзэфполле Вітальда Славінскага, дачка ягонага дзядзькі Антонія.