КРАСНЫ БЕРАГ (Гомельская вобласць)

Apr 20, 2020 07:48

Вёска Красны бераг Жлобінскага раёна ўпершыню ўзгадваецца пад 1317 годам, але толькі ўзгадваецца. Дакладны расповяд пра вёску і ўладароў пачынаецца толькі з 1528 года. Як жыла вёска гэтыя 200 год пакуль невядома. Але наступныя амаль 400 год Красным берагам валодалі Занковічы, Солтаны, Варанецкія, Фаміны, Грыневічы, Багародскія, Гатоўскія, Козел-Паклеўскія. За гэты перыяд як уладары мясцін, так і простыя жыхары адчувалі ўсе цяжары палітычнага і сацыяльнага развіцця краіны, па наваколлях актыўна прайшліся гарматамі памежныя войны ВКЛ з Маскоўскай дзяржавай, руска-швецкая вайна і руска-французская вайна, падзелы Рэчы Паспалітай і тры паўстанні за яго аднаўленне.


У 1866 годзе палкоўнік Бабруйскай крэпасці Аляксандар Багародскі, набыў за малыя грошы у нашчадкаў расстралянага паўстанца Тамаша Грыневіча маёнтак Красны бераг. Новы ўладар дзякуючы высокай пасадзе і сувязям у арміі дамогся каб у Красным беразе ў 1873 годзе была пабудавана станцыя на новаправедзенай чыгуначнай ветцы Бабруйск-Гомель. Багародскаму было цікава валодаць гэтымі землямі толькі з-за блізкага размяшчэння да бабруйскай крэпасці, і як толькі служба скончылася, у 1877 годзе, ён прадае маёнтак свайму калегу ваеннаму інжынеру, генерал-лейтэнанту Міхаілу Гатоўскаму (1810-1900). Цікавы факт - амаль праз 10 год, Міхаіл і Марыя-Юзэфа Гатоўскія становяцца ўладарамі яшчэ аднаго маёнтка з назвай Красны бераг, але гэты маёнтак знаходзіўся ўжо недалёка ад Масквы.




Марыя Козел-Паклеўская з Гатоўскіх

У 1891 годзе, іх адзіная дачка Марыя Гатоўская (1853-1949) з пасагам прынесла маёнтак Красны бераг Вінцэнту Козел-Паклеўскаму (1853-1929), прадстаўніку роду які вядомы на нашых землях з XV ст. Вінцэнт быў старэйшым з пяці дзяцей Альфонса Козел-Паклеўскага (1809-1890) і Анэлі Рымша (1830-1901). Яго бацька, дзякуючы сваёй прамысловай дзейнасці ў Сібіры, павялічыў да буйных памераў і да таго вялікую маёмасць Козел-Паклеўскіх.



Альфонс Козел-Паклеўскі

Альфонс Козел-Паклеўскі з'яўляўся заснавальнікам першага ў Сібіры параходства, якое амаль 30 год працавала за Уралам без канкурэнцыі. Ён уладарыў шматлікімі броварамі і вінакурнямі, што надавала яму званне алкагольнага караля Сібіры. Свае маладыя гады Альфонс быў заняты павялічэннем капітала, таму час для пачатку сямейнага жыцця абраў пазнавата па мяркаваннем ХІХ стагоддзя. Толькі 41 год ён пабраўся шлюбам з маладой 20-гадовай прадстаўніцай шляхецкага роду Анэляй Рымшай. Рэзідэнцыяй Козел-Паклеўскіх за Уралам быў абраны горад Таліца. Падчас шлюбу ў Альфонса і Анэлі нарадзілася 5 дзяцей, двое з якіх памерла ў малецтве. Галоўным спадчаннікам усёй маёмасці з'яўляўся старэйшы сын Вінцэнт Козел-Паклеўскі.



Вікенці Козел-Паклеўскі

Дзякуючы, вялікай колькасці грошай, якімі валодалі Козел-Паклеўскія, маладая сям'я Вінцэнта і Марыі не абмяжоўвала сабе ні ў чым пры будаўніцтве палаца ў Красным беразе. Архітэктарам быў абраны Яўген Шротэр, які ў 1893 годзе скончыў будаўніцтва палаца.


Сядзібна-паркавы комплекс у модным тады стылі мадэрн займаў тэрыторыю 11 гектараў ля ракі Дабасна, 4 гектара з іх былі адведзены пад парк. Палац уяўляў сабой несіметрычны, Г-падобны двухпавярховы будынак з двухскатным дахам. Рознаўзроўневыя вокны, злівы для вады ў выглядзе хімер, дзіўныя пачвары гаргуліі на ўваходзе, выявы кажаноў і павукоў надавалі палацу непаўторны выгляд.










Госьці маёнтка ўражаныя вонкавым выглядам палаца, патраплялі ў такую ж магічную галоўную вітальню, дзе размясціліся каміны ў нэагатычным стылі і лесвіца з казачным каваным ліхтаром.






Мэблю з інкрустацыяй са слановай косткі і перлінаў Козел-Паклеўскія прывезлі з Дамаску, персідскія дываны з Усходу, венецыянскі крышталь з Італіі, фаянс з Англіі, а з Францыі быў замоўлены парцэлянавы посуд. Усе залі адрозніваліся аздабленнем і прызначэннем. На сценах можна было пабачыць карціны знакамітых мастакоў таго часу - Сцяпана Бакаловіча, Генрыха Семірадскага, Івана Айвазоўскага, Гаўрылы Кандраценка. Бальная заля была аформлена ў пампезным стылі Людовіка XVІ. На сцяне будуара размяшчалася вялікае люстэрка з цікавай казачнай ляпнінай па краю.














Не меншымі за палац былі прыцягальнымі і арыігінальныя гаспадарчыя будынкі. Уязная брама была зроблена ў выглядзе неагатычных васьмігранных вежаў,


далей уздоўж алеі былі размешчаны стайня і свіран, побач з палацам размяшчаліся флігель і вадакачка ў выглядзе дэкарататыўнай вежы. Усе будынкі былі выкананы ў стылі несапраўднай готыкі.


Адначасова з будаўнічымі працамі над палацам знакаміты варшаўскі садавод Францішак Шаніёр займаўся ландшафтным дызайнам маёнтку.

На змену рэгулярнага стыля, які быў пры Гатоўскіх, прыйшоў пейзажны англійскі парк, які характарызаваўся разнастайнасцю раслінаў і нелінейнымі складанымі сцежкамі.


рэгулярны стыль. фота для прыкладу



англійскі стыль. фота для прыкладу

У парку можна было знайсці цікавыя рэдкія экземпляры - елкі чырвоная і змеевідная, сасна веймутавая, ліпы амерыканская, крымская і крупналістная, клёны срэбраны і востралісты Шведлера, аксаміт амурскі, арэх грэцкі, дуб чырвоны і піхта. Гэта толькі малая частка раслін, якія здолеў знайсці і занатаваць у сваіх вандроўках знакаміты даследчык садова-паркавага мастацтва А.Т.Федарук.

Усе групы дрэваў і кустоўяў былі высаджаны ў парку з улікам змены колераў лісця ў розную пару года, а сцежкі і алеі парка праходзілі так, каб пешыя маршруты мелі пачатак і сканчэнне ў адной кропцы і не перасякаліся.


фота для прыкладу рознакаляровасці парка

У парку былі закладзены ліпавая, бярозава-каштанавая, грабавая, кляновая алеі. Хвойныя ж дрэвы высаджваліся групамі па 5-7 экземпляраў, але меліі ў адной групе розныя віды. У парку таксама можна было бачыць групавыя пасадкі бэзу, язміну, спірэі і снегнаягадніка. Дзякуючы разнастайнасці алей можна было шпацырыць па цёмным і светлым закутках сада, якія пастаянна змянялі адзін аднога. Гульня ценяў проста заварожвала гасцей палаца.


Характэрнай рысай англійскага пейзажнага парка таксама была нечаканасць размяшчэння. Так наведвальнік не заўсёды мог здагадацца, што яго будзе чакаць за паваротам. На беразе ракі Дабасна была пабудаваны павільён-купальня, вакол якой былі высаджаны белыя івы. А ў ціхай заходняй частцы парка была размешчана альтанка. Праз парк былі пракладзены каналы, якія злучаліся з ракой Дабасна, а ў месцах, дзе каналы перакрыжоўваліся са сцежкамі былі зроблены масты. Акрамя гэтага ў парку можна было знайсці шмат лавак для адпачынку.




Не магчыма сказаць, ці былі Козел-Паклеўскія тут пастаяннымі наведвальнікамі. Але з дакладнасцю можна сказаць, што іх палац на нашых землях стаў сапраўднай перлінай сярод палацаў ды маёнткаў, якімі яны валодалі. Цяжка меркаваць пра характар уладароў, але мяркую паказальным было б для нас, што яшчэ да рэвалюцыі на землях Козел-Паклеўскіх паднялося сялянскае паўстанне, якое спрабавала захапіць палац.

Пасля 1917 года маёмасць Козел-Паклеўскіх была нацыянаналізавана і ў жніўні 1920 года на аснове былога маёнтка была заснавана сельска-гаспадарчая вучэльня.


А ў гады Другой сусветнай вайны палац ацалеў толькі таму, што немцы ўражаныя прыгажосцю будынка размясцілі тут свой шпіталь, а побач дзіцячы донарскі лагер. Гэта быў адзін з пяці існуючых на Беларусі лагераў такога тыпу. Праз дроты лагера ў часы вайны прайшло каля 15 тыс.чалавек, з іх 12 тысяч былі дзеці да 15 гадоў. Дакладных падлікаў па загінуўшым няма, але прыблізна можна сказаць, што тут загінула каля 4,5 тыс. дзяцей. У палацы ж размяшчаліся кабінеты, дзе адбываўся забор дзіцячай крыві.

Пасля вайны, палац зноўку быў перададзены сельска-гаспадарчаму тэхнікуму, а ў вёсцы разгарнулася актыўнае аднаўленне. З 1960-х гадоў тут дыслакуецца ваенная частка, дзейнічалі сочываварачны і адзіны ў Беларусі крухмальна-патачны заводы, цэх першаснай перапрацоўкі малака, хлебапякарня, крамы, сталовыя, буфеты, школы, бібліятэка, дом культуры, кінатэатры і дзіцячыя садкі.

У 1993 годзе пачалася зацяжная рэстаўрацыя палаца. Тэрміны сканчэння рэстаўрацыйных прац пастаянна адцягваліся і музей адчыніў свае дзверы толькі ў 2014 годзе.

Сёння палац Козел-Паклеўскіх - адкрыты для новых калекцый і выстаў. Абсталявання заляў палаца вядома не дакладная копія часоў Паклеўскіх. Яны маюць больш агульны характар і наведвальніку нагадваюць як маглі б выглядаць і якое прызначанне мець тыя ці іншыя пакоі.




А што ж Козел-Паклеўскія?


Яны валодалі вялікімі ўладаннямі за Уралам. Маёнткі размяшчаліся ў Пермскай, Табольскай і Омскай губернях.

Вы толькі прачытайце спіс маёмасці якой валодала сям'я на 1903 год.

Чугунна-плавільныя і чыгуначныя заводы у Слабадскім і Глазаўскім уездах Вяткаўскай губерні, каменныя і вінакурневыя заводы (4 у Пермскай губерні і па аднаму ў Арынбугскай і Табельскай губернях), Ертарская і Сарсінская шклофабрыка. Акрамя гэтага яны валодалі маёнткамі: Быкаўшчызна (Віцебская губ.), Красны бераг (Мінская губ.), Дэмарына (Арынбургская губ.), Цюшэўскае (Пермская губ.), зямля з лесам 6 250 дзесяцін (Уфімская губ.), лясное лецішча ў 10 тыс.дзесяцін (Табольская губ.). Ім належылі каменныя і драўляныя дамы ў Санкт-Пецярбурзе, Пярмі, Екацерынбурзе, Камышлаве, Шчадрынску, Верхатур'е, Краснаўфімску, Курташыме, Бірску, Табольску, Цюмені, Кургане, Семіпалацінску, Омску, Паўладары, на заводах у Ніжнім-Тагіле, Кушвінску, Міасску, Неўянску і Таліцку.



Але такія ўладанні адыгралі і дрэнную службу Козел-Паклеўскім. Уся маёмасць і сродкі былі завязаны на Расійскай імперыі і яны не мелі маёмасці ў Еўропе. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года, у 69 год, Вікент Козел-Паклеўскі застаўся амаль на мяжы беднасці, уся маёмасць і прадпрыемствы былі нацыяналізаваныя, вывезці з сабой нічога не атрымалася. Сям'я таемна з'ехала ў Польшчу дзе пасялілася аднапакаёвай кватэры. Памёр Вікенці Козел-Паклеўскі ў 1929 годзе і быў пахаваны на Варшаўскіх могілках. Яго жонка Марыя Козел-Паклеўская ў дзявоцтве Гатоўская перажыла мужа на 20 год. У часы Другой сусветнай вайны яна жыла ў Варшаве і фінансава патрымлівала супраціўленне.



ЦІКАВА:
Тамаш Грыневіч, уладальнік сядзібы Красны бераг у пачатку ХІХ ст., быў удзельнікам паўстання Каліноўскага ў Рагачоўскім павеце і з'яўляецца прататыпам вобраза Усяслава Грыневіча з рамана Уладзіміра Караткевіча "Нельга забыць".


P.S. Сябры, гэта не навуковае даследванне. Гэта агульны агляд для тых, хто прачытае і зацікавіцца мясцінамі Беларусі, ці для тых, хто паедзе і захоча даведацца коратка пра месца дзе знаходзіцца, каб яшчэ больш улюбіцца не толькі ў краявіды, але і ў гісторыю гэтых мясцінаў.

P.S.S. Гэты матэрыял ляжаў для ЖЖ 2 гады, усё рукі не даходзілі каб выкінуць на сайт. Таму, калі нешта змянілася ці дадалося ў палацы, то пішыце, будзем ведаць куды можна будзе зноўку скатацца. І калі будзеце вандраваць і захочаце зрабіць фота ўсяго палаца цалкам, то варта відаць выбраць пару году такую, каб зелені было менш.

Асноўныя крыніцы: "Архітэктура Беларусі", Федорук А.Т. "Садово-парковое искусство Белоруссии", Aftanazy. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej, Urbanski. Memento kresowe

Жлобінскі раён, Гомельская вобласць, Вандроўкі Беларусь, Вандроўкі, Гатоўскі, Козел-Паклеўскі

Previous post Next post
Up