Вёска Красны бераг вядома двума месцамі, якія варта наведаць кожнаму беларусу. Першае - гэта палац Козел-Паклеўскіх, які прыцягвае ўсіх сваёй містычнасцю, нетрадыцянасцю і магічнасцю (
https://azarkinm.livejournal.com/189174.html). Другое - гэта мемарыял усім дзецям, якія загінулі ў нацыскіх лагерах на нашых землях. Вось таму, Красны бераг для мяне стаіць у спісе для наведвання кожнага беларуса як і Несвіж, Мір, ды Хатынь (
https://azarkinm.livejournal.com/93497.html) з Дальвай (
https://azarkinm.livejournal.com/93839.html) ці з Шунеўкай (
https://azarkinm.livejournal.com/170332.html).
Мемарыял быў адчынены ў 2004 годзе, па праекту знакамітага архітэктара Леаніда Левіна, і размясціўся недалёка ад калгаснага яблыневага саду.
Комплекс уражвае і кранае сваёй задумай і цішынёй. На ўваходзе вас сутрэне схуднелая дзяўчынка якая сваімі схуднелымі рукамі спрабуе абараніцца ад няшчасцяў і куль адначасова. За яе спіной размешчаны каменны маўклівы клас з каменнымі белымі партамі і чорнай дошкай, на якой напісаны ліст дзяўчынкі з нямецкага лагера да таты. Кажуць, што гэта сапраўдны ліст дзяўчынкі, які знайшлі ў 1944 годзе ў Лёзна. Яна напісала яго перад тым як здзейсніць самагубства, каб не ехаць у Нямеччыну.
Магчыма яго крыху прычасалі, дадалі моцы, а можа і сапраўды дзеці вайны маглі так пісаць. Чытаеш яго, і адразу уяўляецца схуднелы дзіцячы твар, які просіць аб дапамозе і які ўжо не пабачыць цішыню і спевы птушак у лесе.
На белым карабліку, які ўмеюць рабіць з паперы ўсе дзеці, напісаныя быццам бы ад рукі імёны 120 дзяцей. А за ім, караблём надзеі, вітражы з дзіцячых малюнкаў, пра мары і казкі, пра тое, што ўжо не спраўдзіцца.
Праз дроты лагера які быў створаны ў 1943 годзе прайшло каля 15 тыс.чалавек, з іх 12 тысяч былі дзеці да 15 гадоў. Гісторыкі сёння вядуць спрэчкі, ці былі ў лагеры закатаваныя дзеці, ці яны толькі тут утрымліваліся. Старажылы сцвярджаюць, што ў дзяцей бралі крывю, абследвалі і вывозілі ў Нямеччыну як донараў для параненых. Таксама вядома, што такім чынам былі адпраўлена больш за 2 000 дзяцей Рагачоўскага, Добрушскага і Жлобінскага раёнаў. Але ёсць звесткі і меркаванні, што ў пакоях былой сядзібы Козел-Паклеўскіх адбываўся і забор крыві "да апошняй кроплі". Па агульным падлікам, такім чынам у канцлагеры загінула 5 тыс.чалавек.
На мапе Беларусі пазначаны ўсе лагеры на нашай тэрыторыі дзе ўтрымліваліся дзеці. Сярод іх Азарычы, месца, дзе ў мужа бабулі загінула ўся сям'я - двое дзяце і першы муж. Пасля вайны яна пачынала жыццё наноў. Сказаць, што гэта страшна, значыцца нічога не сказаць. Мы не зразумеем відаць, той боль, які адчувалі, бачылі, трымалі ў сябе людзі пакалення вайны.
Але я распавядаю пра гэта месца не дзеля таго, каб аргументаваць ці абвергнуць той ці іншы бок. Я распавядаю пра месца, пра якое трэба распавядаць у школе, трэба паказваць дзецям і вазіць экскурсіі. Бо ў любым выпадку, не мае значэнне колькі менавіта тут было загублена маленькіх жыццяў, важна тое, што ўвогуле ў ХХ стагоддзі такі прэтэндэнт быў здзейснены і такіх месцаў як і ў Беларусі, так і ў Еўропе было шмат.