Пасля сканчэння працы з дакументамі Перапісу насельніцтва 1926 года у Нацыянальным архіве, варта адкрываць для сябе яшчэ больш глыбокі скарб інфармацыі - Нацыянальны гістарычны архіў Рэспублікі Беларусь (вул.Крапоткіна, 55). Тут вы застанецеся надоўга і магчыма здолееце дайсці ў пошуках продкаў да 1700 года. Якія ж крыніцы трэба шукаць у першую чаргу тут?
фота незвязаныя з тымі часамі, яны проста з сямейнага фотаальбома.
Метрычныя кнігі.
Нашы продкі, ад нараджэння да смерці былі звязаныя з царквой ці касцёлам. Яны нараджаліся, вянчаліся, хрэсцілі дзяцей, паміралі, і ўсё гэта занатоўвала рэлігійная ўстанова. Вось дзеля гэтага, трэба было пытацца ў самым пачатку размовы са сваякамі пра веравызнанне сваіх продкаў, каб пасля працуючы ў архіве вы лягчэй маглі знайсці прыход ды парафію да якой адносілася ваша вёска. Усе Метрычныя кнігі складаюцца з трох разделаў - нараджэнне, шлюб, пахаванне. Адрозненні паміж праваслаўнымі і каталіцкімі метрыкамі назіраюцца толькі хіба ў грунтоўнасці звестак. У праваслаўных неяк усё павярхоўна і без глыбіні. Калі дзеўка пабралася шлюбам, то з гэтага моманут яна губляе ўсе сувязі з бацькамі нават у метрычных занатоўках. Указваецца толькі сучасная яе імя (т.е. мужава прозвішча). У каталікоў наадварот, пры кожных узгадках ці то пры нараджэнні дзіця, ці то пры хросце, ці то па смерці жанчына заўсёды згадваецца з дзявочым прозвішчам, т.е. указваецца два прозвішчы - дзявочае і шлюбнае. З дапамогай такой падрабязнасці можна вельмі лёгка вызначаць, хто каму прыходзіцца па сваяцтву.
Нараджэнне. Занатоўвалася імя дзіцёнка, даты нараджэння і хросту, імёны бацькоў і іх сацыяльная прыналежнасць (сяляне, мяшчане, шляхта), да якога прыходу ці парафіі адносяцца (вельмі актуальна для тых, чые продкі пераехалі з іншай мясцовасці), месца жыхарства бацькоў. Таксама ў гэтым раздзеле размешчана інфармацыя пра хросных дзіцяці - імёны хросных, населены пункт адкуль яны, сацыяльная прыналежнасць (указвалася праз раз, і тое збольшага для шляхты).
Да прыкладу (ўзята з каапеляцыі розных дадзеных, каб паказаць усе магчымасці Метрычных кніг):
10 студзеня 1866 года нарадзіўся, 12 студзеня хрост, хлопчык, Леон, сын венчаных у Буцэвіцкай царкве сялян Сцяпан і Марцэля Азаронкі з Юзуфова (пераведзены панам Лапіцкім з прыхода Глыбоцкай воласці). Хросныя - селянін Піліп сын Івана Пашыка з вёскі Мацкі, шляхцянка жонка Адама Макоўскага Эльжбета з фальварку Літвінкава.
Калі дзіцё пазашлюбна народжанае, то так і будзе напісана ў метрыцы, указваецца толькі імя маці, а для яе часта не ўказвалася нават імя яе бацькі. Т.е. будзе напісана маці Ксенія Андрыеўская. Ад якога яна роду будзе цяжка знасці, бо Андрыеўскіх у наваколлі шмат.
Шлюб. Шлюбныя запісы ў Метрычных кнігах каталікоў і праваслаўных адрозніваюцца таксама. Давайце напачатку пра тое, што аб'ядноўвала іх. У метрыках абодвух канфесій вы знойдзеце інфармацыю пра дату шлюба, прозвішчы тых, хто вянчаецца, узрост (адыміце ад даты шлюбу і атрымаеце дату нараджэння сваіх продкаў), з якой мясцовасці паходзяць маладыя (да якой царквы ці касцёла належаць), сведкі на вяселлі і з якой яны мясцовасці, сацыяльны стан маладых і сведкаў (сяляне, шляхта, мяшчане, вайскоўцы ўказваюцца з назвай палка ці арганізацыі да якой належаць).
Да прыкладу (ўзята з каапеляцыі розных дадзеных, каб паказаць усе магчымасці Метрычных кніг):
1833 год, 8 ліпеня,
Селянін Адам Піліп Азаронак (41 год), удавец 3м шлюбам з вёскі Казекава, праваслаўнага вераспавядання з прыходу Буцэвіцкай царквы з дзеўкай Марцэляй Івана Язвінскага (25 год), з сяла Бяларучы каталіцкага вераспавядання прыходу Гайнаўскага.
Сведкі з боку жаніха - радавы Мінскага ўзорнага атрада Захар Мартын Азаронак, з вёскі Буцэвічы, Васіль Сямёнавіч Таргонскі з вёскі Шэпелі.
Сведкі з боку нявесты - Фадзей Антон Язвінскі і шляхціц Сямён Даніла Язвінскі абодва з Бяларуч.
Назіраючы і гартаючы метрыкі, якія тычацца майго радавода магу сказаць, што ў каталіцкіх кнігах, пры шлюбе продкаў вы знойдзеце не толкі інфармацыю пра тых хто вянчаецца, але і даведаецеся інфармацыю пра бацькоў з абодвух бакоў, ды яшчэ і дзявочыя прозвішчы сваіх прабабуль па абодвум лініям. У праваслаўных як бачым такой раскошы ў вас небудзе. Возьмем той жа прыклад імёнаў што і ўверсе і пакажам як жа будзе выглядаць каталіцкая метрыка шлюбу.
1833 год, 8 ліпеня,
Жаніх - селянін Адам Піліп Азаронак (41 год), удавец 3м шлюбам з вёскі Казекава, каталіцкага вераспавядання з прыходу Радашкавіцкай царквы. Бацькі - Піліп Іосіф і Марыя Ігнат Адынец Азаронкі.
Нявеста - дзеўка Марцэля Івана Язвінскага (25 год), з сяла Бяларучы каталіцкага вераспавядання прыходу Гайнаўскага. Бацькі - Іван Антон і Мілахіла Франц Юркевіч Язвінскія.
Сведкі з боку жаніха - радавы Мінскага ўзорнага атрада Захар Мартын Азаронак, з вёскі Буцэвічы, Васіль Сямёнавіч Таргонскі з вёскі Шэпелі.
Сведкі з боку нявесты - Фадзей Антон Язвінскі і шляхціц Сямён Даніла Язвінскі абодва з Бяларуч.
Пахаванне. У гэтым раздзеле таксама дадзеныя Метрычных кніг каталікоў і праваслаўных адрозніваюцца. Калі адбывалася пахаванне чалавека каталіцкага веравызнання то ўзгадвалася яго прозвішча, узрост, пасада, якога роду (могуць быць указаць яго бацькі), ад чаго памёр, на якіх могілках пахаваны, каго пасля сябе пакінуў і іх узрост. Дзявочае прозвішча жанчыны ўзгадваецца і на смертным ложку. У праваслаўным раздзеле памерлых у метрыках, усё куды больш сціпла - толькі інфармацыя пра імя чалавека, узрост, ад чаго памёр і дзе пахаваны. І ўсё. Часам нават не ўзгадваецца імя па бацьку, што абцяжарвае пошук.
Да прыкладу (ўзята з каапеляцыі розных дадзеных, каб паказаць усе магчымасці):
(праваслаўныя)
22 ліпеня 1863 памёр, 25 ліпеня пахаваны. Іван сын Антона Станкевіча з Казекава, 55 года, ад кашлю, пахаваны на могілках вёскі Буцэвічы.
(каталікі)
22 ліпеня 1863 памёр Іван сын Антона і Міхаліны Станкевічаў, 55 год ад кашлю. Пасля сябе пакінуў жонку Марыю з Юшкевічаў (45 год), дзяцей: Баляслава (19 год), Мечыслава (16 год), Атонія (14 год), Станіслава (7 год), дачку Сабіну (18 год). Пахаваны на могілках вёскі Буцэвічы на трэці дзень.
Калі памрэ яго жонка Міхаліна, то ў каталіццкай Метрычнай кнізе будзе занатавана, што яна ўдава Івана Антона Станкевіча і будзе ўказана яе дзявочае прозвішча.
фота незвязаныя з тымі часамі, яны проста з сямейнага фотаальбома.
Шлюбныя обыскі
Паралельна з метрычнымі кнігамі, у Нацыянальным гістарычным архіве можна працаваць і з яшчэ адной крыніцай - Шлюбнымі обыскамі . Гэта асобныя кнігі праваслаўных цэркваў дзе ўносіліся звесткі тых хто бярэцца шлюбам. У дакументах можна знайсці інфармацыю пра прозвішчы маладых, іх сацыяльны стан, узрост, з якой яны мясцовасці і прыходу, імёны сведкаў вяселля. Асобна прапісваліся імёны тых, хто даваў згоду маладым на шлюб - імёны бацькоў з абодвух бакоў, а калі яны ўжо памерлі то імёны тых хто паручаецца за маладых. Цікава, што дазвод даволі часта пісалі нават і тым, хто ўжо быў удаўцом і бярэцца другім шлюбам.
Карысць Шлюбных обыскаў для тых хто мае Метрычныя кнігі з гэтай жа царквы відаць будзе незначны, але калі метрыкі не захаваліся, а засталіся толькі Шлюбныя обыскі то карысць такіх знаходак проста бязмежна.
І самае галоўнае, што трэба ведаць праваслаўным, пры працы з крыніцамі, якія закранаюць шлюбы ў ХVIII-ХІХ стагоддзях. Шлюб адбываўся толькі па месцы жыхарства нявесты. І калі ваша прабабуля была з іншага прыходу чым ваш прадзядуля, то шлюбных дадзеных у асноўных метрычных кнігах па месцы жыхарства продкаў вы не знайсці. Вы знойдзіце нараджэнне іх дзяцей, смерць, але толькі не шлюб. Таму варта па магчымасці праглядаць таксама і метрыкі суседніх цэркваў.
фота незвязаныя з тымі часамі, яны проста з сямейнага фотаальбома.
Рэвізскія сказкі.
Рэвізскія сказкі гэта сваеасаблівы перапіс насельніцтва Расійскай імперыі. На нашай тэрыторыі яны праводзіліся ў 1795, 1811, 1816, 1834, 1850, 1858 гадах. У дакументах вы знойдзеце інфармацыю - імя і прозвішча ўладара хаты, імя яго бацькі (імя па-бацьку на той момант яшчэ не было), узрост, прыналежнасць да гаспадара ўсіх хто з ім жыве. Так у спісках вы знойдзеце ўсю палітру сваяцкіх зносінаў - жонка, сын, маці, дачка, унук, нявестка, цешча ці свёкар, швагер, пасынак, пляменнік і г.д. Асаблівасць - у Рэвізскіх сказках указваўся ўзрост не толькі на момант сучасных сказак, але і на момант папярэдніх. Таксама абавязкова занатоўвалася прычына выбыцця з хаты і дата выбыцця (смерць, знікненне, рэкруцкія спісы, пераведзены ў іншую вёску). Да 1816 года ўключна, у Рэвізскія сказкі запісвалі толькі мужчын, жанчыны ўпершыню ўзгадваюцца ў дакументах у 1834 годзе. Калі працуеце з дакументамі звяртайце ўвагу і на напісанне населенага пункта дзе жылі вашыя продкі, бо ў ХІХ стагоддзі паўсюдна выкарыстоўваліся назвы - засценак, фальварак - за савецкім часам іх усе пераймянуюць у вёскі.
Да прыкладу (ўзята з каапеляцыі розных дадзеных, каб паказаць усе магчымасці Рэвізскіх сказак):
Засценак Дубніца.
Хата 1.
Саўка Юркаў Нарушэвіч 59 год на мінулыя сказкі, памёр у 1843 годзе.
1. сын Андрэй 29 год на мінулыя сказкі, памёр у 1845 годзе.
Андрэя Саўкі сыны Тодар 1 год на мінулыя сказкі, 16 год на сучасныя сказкі.
Лукаш народжаны на мінулыя сказкі, 9 год на сучасныя сказкі.
2. сын Бернась 26 год на мінулыя сказкі, 35 год на сучасныя.
Саўкі Юркава жонка Агаф'я 63 гады.
Андрэя Саўкі жонка Мар'яна 45 год.
Андрэя Саўкі сястра Крыся 23 гады.
Пляменніца Андрэя Саўкі Тэкля Адама Макейчыкава 16 год.
Хата 2.
Антон Данілы Макейчык 23 гады на мінулыя сказкі, зараз пераведзены ў в.Узбор'е.
Хата 3.
Вінцэнт Янка Нарушэвіч, народжаны на мінулыя сказкі, пераведзены ў хату 3 засценка Мятлічына.
У наступных Рэвізскіх сказках хаты 2 і 3 ужо не будуць узгадвацца. Будзе нумарацыя 1, 4, 5, 6... і г.д.
Як бачым гендэрнай роўнасці нават у складанні спісаў не было. Калі па мужчынскай лініі мы можам атрымаць поўную інфармацыю па бацькам і нават даведацца калі памерлі, то па жаночай палове ўзгадваюцца толькі тыя хто на дадзены момант жыве ў хаце. Звесткі пра адну хату распісваліся на разварот Рэвізскіх сказах - злева мужчыны, справа жанчыны.
Пералічаныя ў гэтым аповядзе крыніцы вядома не ўсё што можна знасці ў Нацыянальным гістарычным архіве. Крыніц вельмі шмат, тут прыведзены толькі асноўныя з якіх варта пачынаць пошукі. Спадзяюся не зацягваць і далей распавесці пра працу са Спісамі прыходаў на 1835 год, Спавядальнымі спісамі, Дакументамі вызвалення ад прыгону і надзялення зямлёй, Перапісам 1916 года .
Як бачна, інфармацыі па продкам вы можаце знайсці вельмі шмат. І калі ваш радавод будзе дадавацца новымі і новымі імёнамі, то падзелы Рэчы Паспалітай, руска-французская вайна 1812 года, вызваленне ад прыгону, паўстанне Каліноўскага 1863 года, рэвалюцыя 1917 года, раскулачванне і ўсе іншыя гістарычныя даты вамі не будуць успрымацца толькі як звесткі з падручніка. Вы будзеце разумець, што калі вашаму продку было 12 год, то ён пабачыў войска французаў каля хаты дзе жыў; у 16 год, ён пахаваў маці і яго бацька ажаніўся наноў і ў сям'е пачалі з'яўляцца новыя дзеці; у 61 год, ён вызваліўся ад прыгону і атрымаў зямлю, а ў 63 гады ён магчыма пабачыў паўстанцаў і прыхільнікаў Каліноўскага, а магчыма і дапамагаў ім. Гісторыя Беларусі пасля такіх звестак чытаецца ўжо зусім інакш, яна чытаецца як сямейны аповед. І магчыма, ужо вашыя дзеці будуць па іншаму глядзець і ўспрымаць гістарычныя віхуры нашай краіны. Пагадзіцеся, калі мы ведаем імёны, то гэта ўжо гісторыя нас саміх.