Крыніцы ў Крынічках

Jul 07, 2017 14:11

Наведаў самую знакамітую крыніцу (крыніцы) Барысаўшчыны. Быў моцна ўражаны. Такой крыніцы і комплекса ў раёне яшчэ не бачыў. Сапраўды ўнікальная мясціна. Склалася ўражанне, што крыніца рэагуе на моц гукаў каля яе. Калі голас гучней ці пляскаеш у далоні, то нібыта і крыніца актыўней варушыцца. І цікавая тапаграфія. Высокі бераг Схі, яр з крыніцамі фактычна уваходзіць у склад гарадзішча, за валамі якога знаходзяцца курганы.

Распавядалі мне, што там збіраліся на святы, а таксама на крыніцы вазілі хрысціць дзяцей з навакольных вёсак.

Адно што не спадабалася - "гаспадарская" царкоўная рука. Старыя зрубы і каплічку разабралі. Новыя пачалі рабіць, але не дабудавалі. Так і стаіць. Старых крыжоў няма. Але яшчэ больш здзівіла шыльда, якая паведамляе, што ў 2014 г. крыніцу асвяцілі ў гонар іконы "Божай маці дзяржаўнай". Натуральна, ікона ніякага дачыненне да гэтай крыніцы і да традыцыі яе ўшанавання не мае. Ікона, што з'явілася ў 1917 г., ёсць сімвалам расійскіх манархістаў. Як і ў выпадку з будаўніцтвам на Барысаўшчыне храма ў гонар Мікалая ІІ, ніякай гаворкі пра веру і традыцыю няма. Палітыка. Чужая.

Не буду далей пісаць. Скапірую адпаведны артыкул з краязнаўчай газеты "Гоман Барысаўшчыны" з дадаткам уласных здымкаў.

Урочышча Крыніцы ля Пупелічаў
(“Гоман Барысаўшчыны” №10(103) за 2007 год)

Урочышча Крыніцы (іншая яго старая назва - Акоп) знаходзіцца за паўтара кіламетра на паўночны ўсход ад вёскі Пупелічы (сучасная афіцыйная назва вёскі - Крынічка). Яно, безумоўна, з’яўляецца адным з найбольш цікавых куткоў на Барысаўшчыне.
       Тут, практычна на адным месцы, можна ўбачыць вельмі своеасаблівыя прыродныя аб’екты - крыніцы і старажытныя археалагічныя помнікі: гарадзішча і курганы. Варта дадаць, што ўсё гэта знаходзіцца ў лесе ў вельмі маляўнічым месцы на беразе ракі Сха.

Крыніцы

Крыніцы ля Пупелічаў варта хоць адзін раз убачыць. Але сучасны іх стан - гэта зусім не тое, што было нам дадзена прыродай. Як распавядаюць старыя тутэйшыя жыхары, яшчэ трошкі болей за 50 гадоў таму тут была толькі адна крыніца. Яна вялікім напорам з моцным гулам біла з зямлі вертыкальна ўверх на паўтара метра. Кажуць, што гэты гул у ціхае надвор’е быў добра чутны за кіламетр адсюль у Пупелічах. Безумоўна, такое надзвычайнае месца вельмі вабіла да сябе людзей. Каб гэта не адцягвала ўвагу калгаснікаў ад працы, асабліва ў рэлігійныя святы і ў дні хрэсьбінаў, было вырашана яе знішчыць.
       У другой палове 50-х гадоў ХХ стагоддзя пачалі грузавікамі звозіць сюды валуны і закідваць крыніцу. Працягвалася гэта досыць доўга. У выніку крыніца перастала “біць”. Засталіся толькі невялічкія патокі. Але і яны ўражваюць. Больш таго, у іншых месцах таксама пачалі прабівацца крынічкі. Таму іх зараз некалькі. Размяшчаюцца яны ля падножжа ўзвышша. З некаторых вада проста патрошку цячэ з-пад зямлі. Але ў двух месцах яна ў літаральным сэнсе б’е з яе нетраў. Вада тут падымаецца праз пясок вертыкальна ўверх і выходзіць пад напорам на паверхню. Яна ўжо не мае вертыкальных вадзяных слупоў над зямлёй, але ў крыніцах ўтвараюцца водна-пясчаныя патокі, якія ўвесь час варушацца, бурляць, перамяшчаюцца ў межах крыніц. Узнікае ўражанне, што яны жывыя.





Нягледзячы на тое, што вада ў крыніцах праходзіць праз пясчаную масу, яна празрыстая і вельмі чыстая. Цячэ вада з гэтых крыніц у Сху.





Гарадзішча

Наяўнасць вады, узвышшы, якія прыдатны для абароны, не маглі застацца не заўважанымі тутэйшымі жыхарамі ў старажытнасці. Недзе ў першым стагоддзі нашай эры тут было ўтворана абароннае пасяленне - гарадзішча. Яно добра захавалася да нашага часу. Сама пляцоўка гарадзішча мае выгляд авалу памерамі 50х30 метраў, які ўзвышаецца над поймай Схі. З аднаго боку гарадзішча абмяжоўваецца стромкім абрывам ля Схі, з другога - глыбокім ярам з крыніцамі. З астатніх бакоў на пляцоўцы маецца невялікі абарончы вал. За ім размяшчаецца абарончы роў, потым другі вал і далей - яшчэ адзін невялікі роў. Яны дугой агінаюць напольны бок гарадзішча. Максімальны перапад вышынь паміж валамі і равамі дасягае 2-2,5 метраў.



Навукоўцам гарадзішча вядома з 1924 года. У 1979 годзе яго даследаваў Г.Штыхаў. Тады тут быў закладзены шурф, які выявіў культурны пласт таўшчынёй у 0,5 метра. Былі выяўлены 14 фрагментаў ляпной керамікі, кавалак абпаленай гліны ад печы-домніцы. Знойдзеныя рэчы дазволілі аднесці жыхароў дадзенага гарадзішча да прадстаўнікоў культуры штрыхаванай керамікі.
       У 1992 годзе на гарадзішчы ля Пупелічаў праводзіліся больш грунтоўныя раскопкі.
       Гарадзішча скончыла сваё існаванне каля чацвёртага стагоддзя нашай эры. Але жыццё людзей тут не спынілася. Дадзеныя даследаванняў яго паказваюць, што людзі жылі тут у восьмым-дзевятым стагоддзях. Пра жыццё ля крыніц людзей у больш познія пасля гарадзішча часы сведчаць і курганы.

Курганы

Старажытныя пахаванні - курганы распачынаюцца непасрэдна ад гарадзішча. Раскопкі на іх не праводзіліся. Даследаваліся яны ў 1985 годзе. Усяго тут дваццаць курганоў. Яны маюць дыяметр тры - восем метраў і вышыню ад паловы да аднаго метра і трошкі болей.
       Даводзіцца канстатаваць, што нядаўна гэтыя курганы наведвалі так званыя “чорныя” археолагі. На некаторых са старажытных пахаванняў бачны свежыя сляды раскопак. На жаль, мы ніколі не даведаемся пра іх вынікі. Самі ж гэтыя археалагічныя помнікі практычна знішчаны.

Каплічкі

На месцы асноўнай крынічкі здаўна ставілася каплічка. Па яе цэнтры рабілася спецыяльная адтуліна, праз якую можна было браць ваду. У ёй меліся абразы. Колькі за ўвесь час тут было капліц, зараз не скажа ніхто. У савецкі час яшчэ да вайны яна была знішчана. У час другой сусветнай вайны яна была адноўлена. Сучасная каплічка на гэтым месцы была пабудавана толькі ў 90-х гадах ХХ стагоддзя. У ёй замацаваны невялікія крыжы. Як і ў больш ранніх капліцах падлога займае толькі частку яе плошчы. Астатняя пакінута для магчымасці набору вады. У сувязі з тым, што зараз крыніца значна меншая за тую, якая існавала тут раней, сучасная капліца мае значна меншыя памеры, чым старыя. Кажуць, што раней на гэтым месцы ставілі каплічкі разы ў тры большыя.
      На паляне недалёка ад капліцы ў 90-х гадах пастаўлены крыж. Цікава адзначыць, што ў 1953 годзе тут людзьмі была пастаўлена царква. Аднак у тых умовах яна прастаяць доўга не магла. Праз два-тры гады царква была спалена.





Традыцыі

Шанаванне ўрочышча ля крыніц узнікла ў далёкай старажытнасці, але, хоць і ў значна меншай меры, дайшла да нашага часу. Раней - два разы ў год на пэўныя святы (вясной і восенню) - ля яе збіраліся людзі з усіх навакольных вёсак. Па словах тамтэйшых жыхароў, было гэта 6 траўня і 21 верасня. Кажуць, што людзей было вельмі шмат, ладзіліся кірмашы. Была даўняя і вельмі трывалая традыцыя праводзіць тут хрэсьбіны (што рэальна і стала асноўнай прычыный “змагання” ў свой час савецкай улады з гэтай крыніцай).
       Яшчэ і зараз хто-ніхто на гэтыя святы прыязджае сюды. Але гэта ўжо не носіць масавага характару. Бываюць тут людзі і ў іншыя дні. Пакідаюць падарункі для гэтага святога месца, грошы. Раней іх кідалі прама ў паток. Але вада ўсіх іх выкідвала ў ручай. Зараз падарункі замацоўваюць на крыж капліцы.
       Бываюць ля крыніц людзі і з іншай нагоды - ладзяць пікнікі. Для іх правядзення на гэтым месцы ёсць усе ўмовы. Але гэта ўжо наўрад ці мае што агульнае са старажытнымі традыцыямі.
Міхась Мацельскі

святое месца, курганы, лес, народнае хрысціянства, паганства, святая крыніца, гарадзішча, хрысціянства, традыцыя

Previous post Next post
Up