Напярэдадні свята Пятра наведалі святую Петрапаўлаўскую крыніцу, якая знаходзіцца ў лесе ў ваколіцах
Барысава. Мэтай была праца і ўшанаванне як мясціны, так і "
Бостваў-Блізнятаў" (Пятро і Павел), якім і прысвечана крыніца. Увогуле, да крыніцы людзі ходзяць, месца дагледжанае і таму працы там фактычна не было. Вялікая праблема ў тым, што вады ў крыніцы ўжо і няма. Дно вільготнае, але вады няма. Крыніца знаходзіцца наверсе пагорка, таму калі ўзровень вады апусціўся, яна і пачала высыхаць. Незразумела, ці здолее яна аднавіцца.
На мой погляд, адбыўся гістарычны момант: упершыню тутэйшай крыніцы і камяню мы ахвяравалі беларускія манеты! Дачакаўся! Парадак аднаўляецца, бо раней ж выкарыстоўваліся толькі чужыя.
Зусім недалёка ад крыніцы, на суседнім пагорку, ляжыць незвычайны камень. Ніхто пра яго нічога не ведае. Пра камень я ведаў і раней, аглядаў. Я лічу, што ён мог быць ахвярнікам. Вакол яго і разгарнулася праца. Камень ляжыць у яме; відаць, вакол яго капаліся ў пошуках скарбаў. Ён быў завалены галінамі, лісцем ды іголкамі, вакол выраслі дрэўцы (дубкі, рабіны, ляшчына) і хмызняк. Так камень мог зусім згубіцца. Таму і заняліся расчысткай валуна і тэрыторыі вакол, высяклі хмызняк, прыбралі паваленыя дрэвы. Вось так камень стаў выглядаць у выніку.
Камень цалкам апрацаваны. Трохкутны. Роўная паверхня, на якой выбіта кола.
Выразна бачна лінія
У цэнтры кола можна пабачыць ямкі, падобныя на адбіткі пальцаў чалавека.
Вось тут ямкі
Пасля таго, як ахвяраваліся працай, запалілі невялікае вогнішча, усклалі на камень вянок, ахвярны хлеб і беларускія манеты, пралілі напой. Цікава было глядзець, як струмень бяжыць і напаўняе кола, сцякае па баках. Ажывае. Праспявалі купальска-пятроўскіх песен, у тым ліку на блізнечную тэматыку. Як ніяк Блізнятаў, "Пятра-Паўла", ўшаноўваем!
Як знак, што у верны час чысцім камень і што звязаны з "блізнечнай" крыніцай, быў арэх-спарыш, праўда яшчэ ў пачатковай стадыі развіцця, які ляжаў на валуне. Пабачылі яго, калі прыбіралі лісце і іголкі з камня.