Ёсць цікавае назіранне С.І. Санько пра герб Барысава ў кантэксце блізнечнай міфалогіі. Між іншым, у блізкіх ваколіцах Барысава ёсць і святая крыніца, якая прысвечана хрысціянскай "блізнечнай пары" Пятру і Паўлу. Супадзенне?)
***
Выклікае цікавасць герб горада Барысава, першыя звесткі аб якім адносяцца да пачатку XII ст. і звязаны з удалым паходам сына полацкага князя Усяслава Барыса (у міру Рагвалода) на яцвягаў. Паводле апісання: у сярэбраным полі брама, паміж дзвюма вежамі паабапал брамы мужчынская постаць з двума ключамі ў руцэ.
Выява з вялікакняжацкага прывілея 1792 г. Сучасны герб
Дзве вежы, брама, мужчынская постаць з ключамі могуць разглядацца як (архетыпавыя) элементы іканаграфіі Януса, якія перайшлі ў спадчыну хрысціянскім святым: Пятру (у дагматычным хрысціянстве) або Юр’ю (у народным хрысціянстве). Пётра - не толькі нябесны брамнік, які трымае ключы (звычайна два) ад «царства нябеснага» (τὰς κλεῖδας τῆς βασιλείας τῶν οὐρανῶν; параўн. Janus Clusius), але і заснавальнік царквы - супольнасці вернікаў (як Янус быў першым рэлігійным «рэфарматарам» у Італіі). Пётра быў братам першапакліканага апостала Андрэя, месца якога, як можна меркаваць, у календары заступіў пазней апостал Павел, з якім Пётра ўтварае своеасаблівую «блізнечную» пару. Імем Пятра адкрываецца пералік дванаццаці абраных (Мц. 10,2; Мк. 3,16; Лк. 6,14), як імем Януса пачынаўся зварот да рымскіх багоў. Да Пятра, аднаго з заснавальнікаў рымскай грамады (разам з Паўлам), хрысціянская традыцыя ўзводзіць інстытут біскупства [Свенцицкая 1988:151], таму не выпадкова знакам біскупскай годнасці становіцца lituus (літаральна «крывуля»), у якім можна бачыць перайманне скіпетру (baculum) Януса як знака яго святарскай годнасці. Праўда, старажытны атрыбут самога Пётры - пастырскі посах, увенчаны крыжам, які з пачатку V ст. быў заменены ключамі, аднак пазней каталіцкія біскупы карысталіся выключна посахамі з літуусападобнымі навершамі. Адзначым мімаходзь, што на Палессі (Тураўшчына) летняе сузор’е Лебедзя называецца «Пятрова палка» і «Цароў крэст» [Тураўскі слоўнік 1985:10; Тураўскі слоўнік 1987:262; Санько 2006с:411]. Падобна да таго, як Янус быў захавальнікам сусветнага парадку і міру («Me penes est unum vasti custodia mundi» - «Мне аднаму належыць ахова абшарнага свету» (Ovid. Fast. I.119)) і «вартаўніком нябесных палацаў» («coelestis janitor aulae» (Ovid. Fast. I.139)), гэтак і святы Пётра выступае як апякун не толькі рымскай грамады хрысціян, але і ўсёй сусветнай (κᾰθολικός) царквы.
Варты ўвагі тут заходнебалцкі (яцвяжскі) фон летапіснага аповеду пра заснаванне Барысава. Паводле паведамлення В. М. Тацiшчава: «В 1102 г. Борис Всеславич полоцкий ходил на ятвяг и, победя их, возвратясь поставил град Борисов в свое имя и людьми населил» [Татищев 1963:123]. Пад «людзьмі» шэраг гісторыкаў разумее ўзятых у палон яцвягаў [Данилевич 1896:72]. Балцкая тэма ў сувязі з заснаваннем Барысава ўзмацняецца ў «Кроніках» XVI ст. Так, «Кронiка Вялiкага княства Лiтоўскага i Жамойцкага» (20-я гады XVI ст.) паведамляе, што горад быў пабудаваны Гінвілам, сынам літоўскага князя Мінгайлы, які пасля разгрому полацкага войска пад Гарадцом пасадзіў Гінвіла ў Полацку. Апошні, ажаніўшыся з цвярской князёўнай і хрысціўшыся ў «рускую веру», прыняў імя Барыс і пабудаваў горад на Бярэзіне, даўшы яму сваё імя. Г. Штыхаў сцвярджае, што сярод рэчавых комплексаў, знойдзеных на старым гарадзішчы Барысава і ў наваколлі, няма ніякіх прыкмет прысутнасці яцвягаў, хаця сярод знаходак прыгадвае «дзве бронзавыя падковападобныя фiбулы з патоўшчанымi арнаментаванымi канцамi ўсходнебалцкага тыпу» і нават дапускае верагоднасць таго, што «князь Барыс зрабiў паход у Беларускае Панямонне, дзе захапiў у палон славянiзаваных балтаў, якiя называлi сябе «яцвягi» [Штыхаў 2002]. Аднак можна прыгадаць, што ў суседнім з Барысавам Лагойскім раёне абкладзеныя камянямі пахавальныя насыпы вядомыя ў наваколлі Гайны, дзе, як вядома, у асяродку балтамоўных язычнікаў Ягайла ў 1387 г. пабудаваў адзін з першых на Беларусі касцёлаў, відаць, на месцы былога свяцілішча.
Крыніца: Гісторыя філасофскай і грамадска-палітычнай думкі Беларусі : у 6 т. Т. 1 : Эпоха Сярэднявечча. - Мінск : Беларус. навука, 2008. С. 188-190.