Вось цікавы малюнак з кнігі К.Тышкевіча "Wilija i jej brzegi : pod względem hydrograficznym, historycznym, archeologicznym i etnograficznym", якая была выдадзена ў 1871 г. у Дрэздэне. Малюнак не мае апісання, але з кантэксту зразумела, што на ім мастак паспрабаваў паказаць свяцілішча літоўскай багіні кахання Мільды ў Вільні, а дакладней эпізод часоў хрысціянізацыі. Гэтае свяцілішча, як лічыцца, знаходзілася на месцы касцёла Пятра і Паўла. Там побач цяпер нават ёсць вуліца Мільды.
Што мы бачым на малюнку: аголеная на антычны манер маладая жанчына - гэта Мільда; маладая дзяўчына злева ад старца - відаць, служка Мільды; старац - хрысціянскі місіянер, які паказвае на крыжы на "Гары трох крыжоў", што сведчыць пра прыход новай веры; за галавой старца паміж гарамі ўзыходзіць сонца, як сімвал пачатку хрысціянства на Літве; старац стаіць перад пастаментам для стода, які разбураны ляжыць пад ім. Цікава, што ў ідале лёгка пазнаецца Збручскі ідал, які быў знойдзены ў 1848 г, пасля чаго стаў эталонам для язычніцкай скульптуры (хаця з ім на самой справе ўсё далёка не так проста). Менавіта такая папулярнасць стала прычынай таго, што гэты стод апынуўся на малюнку ў балцкай Літве ды яшчэ ў свяцілішчы жаночага боства. Таксама ў час хрысціянізацыі замак на Гары Гедыміна не быў разбураны. Але нічога дзіўнага, бо падобнае сумяшчэнне тыповае для рамантызму і міфалагізму ХІХ стагоддзя.