Чортаў камень у Любеку

Jul 17, 2013 20:15

Чортавы камяні сустракаюцца не толькі на нашых абшарах. Цікавы камень знаходзіцца ў германскім Любеку. Нават сталіца Ганзы з пашанай захоўвае старажытны камень з легендай, але да яе хутка вернемся. Чортаў камень уяўляе сабой выцягнуты каменны блок, які ляжыць ля сцяны гатычнага храма Марыі, менавіта таго, што "маці цаглянай готыкі". А на камяні сядзіць сам Чорт. Даволі сімпатычны) Легенда вось што кажа. Калі пачалося будаўніцтва храма, Чорт падумаў, што збіраюцца рабіць карчму. Ідэя яму вельмі спадабалася, бо п'яныя асноўная кліентура. Каб будаўніцтва ішло хутчэй, Чорт замаскіраваўся і стаў дапамагаць будаўнікам. Бажніца пачала расці з неверагоднай хуткасцю. Аднак нарэшце да Чорта дайшло, што гэта будзе храм. Ён раззлаваўся і тым блокам, што цягнуў, пачаў разбураць ўжо гатовыя сцены. Каб спыніць разбурэнне, людзі пайшлі на паклон да Чорта і папрасілі яго не ламаць бажніцы. А ў якасці кампенсацыі паабяцалі, што насупраць храма абавязкова будзе пабудавана карчма. На тым і дамовіліся. Велічны храм быў дабудаваны, а насупраць сапраўды зрабілі карчму, якая і цяпер працуе ў будынку сярэднявечнай ратушы. А камень са слядамі кіпцюроў Чорта так і ляжыць ля сцяны храма з тых часоў, як напамін аб дамове. Гараджане вольнага горада шануюць камень, і, як кажуць, не забываюць ні Бога ні Чорта. У нядзелю ранкам на імшу, а пасля можна і Чорта за рогі пацерці на поспех.






вандроўка, народнае хрысціянства, паганства, паданні, камяні

Previous post Next post
Up