Jul 02, 2012 12:25
На паўночным-захадзе Бацькаўшчыны вядома такі міфалагічны персанаж як Сярба, Сёрба, Сярбай. Гэта антрапаморфны персанаж, які ўвасабляе голад, галечу і т.п. Паводле слоўніка "Міфалогія беларусаў", этымалогія імя выводзіцца ад "сёрбаць", а таксама наймення цыганоў-сербіянаў, што прасіліся да сялян на пастой ці зімоўку. Мне падаецца, што версія пра цыганоў дакладна не мае ніякага дачынення да Сёрбы. "Сёрба", магчыма, якраз і з'явілася пазней пад уплывам дзеяслова "сёрбаць". Аднак ад "сёрбаць" сэнс імя таксама не надта зразумелы.
Звяртае ўвагу лакальнасць гэтай міфалагічнай істоты: Астравецкі, Воранаўскі, Ашмянскі, Браслаўскі, Мядзельскі раёны. Такая геаграфія між волі просіць пашукаць літоўскія карані Сёрбы. Формы Сярбай выглядае больш архічнай, блізкай да першапачатковай.
Мая версія такая. Сярбай, сёрба - гэта беларусізаваная форма імя, якое, першапачаткова, было звязана (ці ўтворана) ад літоўскага siaūbas - "жах", siaubė - "спусташальніца", siaubimas - "спусташэнне". Такі сэнс слова дакладна адпавядае міфалагічнаму персанажу, які з'яўляецца ў час голаду, галечы, бяды. Верагодна, што ў гэтым рэгіёне першапачаткова гэтая міфалагічная істота называлася Siaubė.
паганства,
Літва