Дзявочая Гара

Jul 06, 2012 15:09

Нарэшце давялося пабываць на Дзявочай Гары на мяжы Маладзечненшчыны і Валожыншчыны.

Пра гэтую Дзявочую Гару захавалася паданне, якое распавядае пра спборніцтва двух юнакоў за дзяўчыну. Яны павінны былі прабегчы пэўную адлегласць, а пераможцам вызначаны той, хто першым дабяжыць да камяня на самым версе пагорку, на якім ужо чакала дзяўчына. У выніку абодва хлопца, выбіўшыся з сіл, памерлі адначасова на вяршыні недалёка ад валуна. Іх пахавалі на гэтым жа месцы, а на іхняй магіле выраслі два дубы. Дзяўчыну жорстка пакаралі: яе закапалі жыўцом ля каменя, а пасля на яе магіле вырасла бяроза. Падобная легенда мае блізкія аналагі ў літоўскім фальклёры.


Дзявочая Гара мае вышыню каля 40 м, а на самай яе вяршыні знаходзяцца больш за 20 курганоў. Археалагічныя даследаванні праводзіліся Э. М. Зайкоўскім у 1997-1990, 1992 гг. Было даследавана 8 курганоў. Найбольш буйныя з іх складзеныя з камянёў, перасыпаных зямлёй, меншыя ж мелі па краёх каменную абкладку (выкладзенае з камянёў кола). Каменныя канструкцыі ў курганах характэрныя для балцкіх народаў. Пахавальны інвентар датуеццы другой паловай ХІ ст. і належыў крывічам. Касцякі знаходзіліся ў падкурганных ямах, мелі ў цэлым заходнюю арыентыроўку (з некаторымі адхіленнямі на паўднёвы ці на паўночны захад). Пахаванні ў самых вялікіх курганах - мужчынскія, а астатнія - жаночыя. У адным з пахаванняў, акрамя рэшткаў жанчыны, быў знойдзены чэрап дзіцяці. Паводле вызначэння антраполагаў, у мужчынскіх курганах былі пахаваныя людзі ад 35/40 - 55/60 гадоў. Да нашага часу на гары святкавалася Купалле. Камень, на якім паводле легенды сядзела дзяўчына падчас спаборніцтва, раней знаходзіўся на вяршыні, але пасля некуды знік. Дзявочая Гара пэўна была звязана з культам жаночага боства і ўрадлівасці, а пахаванні на яе вяршыні звязваюць з пахаваннямі жрацоў і жрыц . Магло быць і так, што назвы пагоркаў кшталту Дзявочая Гара першапачаткова мелі назвы, якія паходзяць ад балцкага dievas “бог”, dieviškas “боскі”, а пазней адбылася іх паўторная этымалагізацыя да блізкага па гучанні слова “Дзявочая” . У такім выпадку, назва пагорка магла азначаць “Богава гара”.

Літ.: Зайкоўскі Э. Таямніцы Дзявочай гары // Kryuja №1. Мн., 1994. С. 91 - 101.

Дзявочая Гара




Я на вяршыні ля кургана з каменным колам.


вандроўка, святое месца, курганы, паганства, краязнаўства

Previous post Next post
Up