Пра Янкоўскага можна напісаць яшчэ раз.
Унутраны матыў - Янкоўскі мяне “трымае”.
Мінулы допіс быў прысвечаны яму як “стаўпу пэўнага напрамку”. А гэта толькі частка Янкоўскага.
Папраўдзе ж…
…яго навуковая дзейнасць “была вельмі шматграннай і плённай” (Германовіч). Каля трохсот публікацый, большасць прысвечаны беларускай народнай мове. У Брэсце да 80-годдзя была праведзена канферэнцыя і выдадзены матэрыялы: Жыццём слугуючы Айчыне : матэрыялы навуковай канферэнцыі да 80-х угодкаў прафесара Ф. Янкоўскага. Брэст, 1999 (рэдактар М.Аляхновіч).
Кандыдацкая была прысвечана глускім гаворкам (быў шэраг публікацый у канцы 50-х). У дадатку быў збор лексікі, які паслужыў асновай для публікацыі трох самастойных слоўнічкаў (мелі больш за дзесяць рэцэнзій, у тым ліку за мяжой). У слоўніках былі падборкі прыказак і фразеалагізмаў.
У 1957 надрукаваў зборнік “Беларускія народныя прыказкі і прымаўкі” (перавыдаваўся яшчэ два разы, апошняе выданне выйшла ўжо пасля смерці).
Аўтар слоўніка “Крылатыя словы і афарызмы” (1960)
Аўтар “Беларускага літаратурнага вымаўлення” (1960) (былі яшчэ тры выданні)
У 1968 годзе надрукаваў слоўнік “Беларуская фразеалогія. Фразеалагізмы, іх значэнне, ужыванне”. Рэдактары М. Яўневіч, А. Баханькоў. Мінск, “Вышэйш. школа”, 1968. (ёсць у сеціве)
Доктарская дысертацыя (1969) была прысвечана фразеалогіі, увайшла ў кнігу “Роднае слова” 1972 года і кнігу "Беларуская мова" 1978 года.
Суаўтар “Фразеалагічнага слоўніка для сярэдняй школы” 1973
Аўтар слоўніка “Беларускія народныя параўнанні” 1973
У калектыўным падручніку для студэнтаў “Сучасная беларуская літаратурная мова: Марфалогія” (1975, 1980) у асобных выпадках можна назіраць пэўны рэвізіянізм у дачыненні да акадэмічнай школы лінгвістыкі.
Пра Янкоўскага як стаўпа пэўнага напрамку (хутчэй пра сам гэты напрамак) сур’ёзней давядзецца напісаць пазней.