Трохі рызыкоўная тэма “пісьменнікі як недругі лінгвістаў”,
“пісьменніцкае як вораг лінгвістычнага”, закранутая ў першым допісе пра Янкоўскага, тым не менш вартая, хай пакуль пункцірнага, працягу.
З ёю ўпершыню сутыкнуўся студэнтам чацвёртага курса, калі па наводцы Шакуна чытаў зборнікі “Пісьменнікі БССР аб рэформе правапіса беларускай мовы” і “Пісьменнік і мова” 1934 года. Быў моцна ўражаны тым, як вядомыя пісьменнікі дружна тапталі мовазнаўчую (часткова і літаратурную, узвышаўскую) спадчыну 20-х гадоў - тады яшчэ невядомых мне Лёсіка, Некрашэвіча, Ластоўскага. Праўда, там быў і мовазнавец Юргілевіч, аднак увогуле калізія “пісьменнікі” - “мовазнаўцы” (пакуль, аднак, добра не ўсведамляная мной) была навідавоку.
Пазней пра гэта давялося задумацца за аспіранцкім часам, праведзеным у Акадэміі навук. Патрыярхам беларускай лінгвістыкі тады яшчэ заставаўся Кандрат Крапіва, а мне было незразумела, як мовазнаўчыя працы Крапівы можна параўноўваць, скажам, з працамі расіяніна Смірніцкага. Розніца ўзроўняў і “стылістык” была ўражвальная.
Найбольш “пісьменніцкая праблематыка ў лінгвістыцы” звярнула на сябе ўвагу, калі заняўся гісторыяй беларускага мовазнаўства непасрэдна. Прышлося задумацца, чаму ў 1934-35 гадах Інстытут мовазнаўства акадэміі ўзначальваў камсамольскі паэт Андрэй Александровіч. Як выраслі да ўзроўню акадэмікаў пісьменнікі Крапіва і Глебка? Чаму першы паваенны руска-беларускі слоўнік выйшаў пад рэдакцыяй пісьменнікаў Коласа, Крапівы і Глебкі, а не мовазнаўцаў?
Такога не было ў 20-я гады. Тады Колас і Купала пазіралі ў рот Лёсіку, а пазней (прынамсі, у справах правапісу) для Купалы, як я ужо пісаў, аўтарытэтам стаў Некрашэвіч. У 20-я гады беларускія мовазнаўцы выказвалі незалежныя ад пісьменнікаў погляды (гэта не азначае, што погляды Коласа ці Купалы яны лічылі неаўтарытэтнымі, зусім не бралі іх пад увагу).
Адным з вынікаў таго, што ўладу ў беларускай лінгвістыцы з 1934 года трымалі пісьменнікі, а не мовазнаўцы, было тое, што пэўны час у лінгвістыцы паспяховаму развіццю навукі замінала “пісьменніцкая свядомасць”. Вядома, дзякуй Крапіве і Глебку, за тое, што яны зрабілі для беларускага мовазнаўства, але яны былі ўсяго толькі… пісьменнікі. І ў гэтым была іх абмежаванасць.
Таму не вельмі прыемна назіраць, калі нехта з мовазнаўцаў, як напрыклад, Каўрус, сёння (дакладней, у 1989 годзе), пішучы пра быццё літаратурнай мовы, гатовы падтрымаць усё, кожны радок і кожнае канкрэтнае меркаванне пра мову Чорнага і Дубоўкі, Лужаніна і Юрэвіча, “растварыцца” ў пісьменніцкіх падыходах да мовы. Вядома, станоўчай пазіцыяй Каўруса было тое, што паміж Крапівой і Дубоўкам ён выбіраў Дубоўку, і ўсё ж гэта трохі нагадвае капітуляцыю… Мовазнаўчая навука мае захоўваць пэўную аўтаномію, і ёсць такія выпадкі, калі ёй не ўказ сам Чорны з Дубоўкам і Коласам, дакладней тое, што яны пісалі пра мову. Таксама і Янкоўскі, тады, калі ён занадта дазваляе "пісьменніцкаму" "прыдушыць" у сабе лінгвістычнае.
У нашай з Кулеш хрэстаматыі ёсць маленькі раздзельчык “пісьменніцкая лінгвістыка”.