У старажытнасьці малое земнаводнае саламандру надзялялі многімі мітычнымі уласьцівасьцямі. Бадай самай магутнай здольнасьцю яе была магчымасьць спараджаць вагонь. Чым ня сюжэт для вырабу гарматы?
Дык вось, у 1599 годзе для Нясьвіскага замка на загад Мікалая Крыштафа Радзівіла Сіроткі была выраблена паўкартаўна "Саламандра". Гэта была цяжкая гармата вагамерам 20 ці 24 фунты пры сярэдней даўжыні ствала, якая прызначалася для барацьбы з варожымі батарэямі ў выпадку аблогі замка. Усяго такіх гармат у XVII ст. у Нясьвіскім замку было чатыры: "Кракадзіл", "Саламандра", "Аляксандр" і "Георгій".
Два гады раней у варшаўскім архіве Радзівілаў мне ў рукі трапілася вось такая цікавая і, на жаль, непадпісаная выява гарматы.
Спачатку мне падалося, што гэта перамалёўка з нейкай кнігі. Іншымі словамі, нейкая тыповая гармата XVII ці XVIII ст. Аднак пазней сюжэт паўкартаўны “Саламандра” і гэтая выява сустрэліся ў маім розуме. Зьвярніце ўвагу на пярэднюю частку ці "доўгае поле" гарматы на малюнку:
Па пашчы пачвару пазнаць цяжка, а вось языкі полымя за ёю і карпавая луска па ўсім “доўгі полі” гарматы сьведчаць пра саламандру. Прыгадаем другую назву згаданай нясьвіскай паўкартаўны, якая часта фігуруе ў інвэнтарах, - “Саламандра ў агні”.
Такім чынам, у якасьці гіпотэзы я высунуў ідэю, што гэта выява рэальнай гарматы, якая калісьці мелася ў Нясьвіскім арсенале, але не захавалася да нашага часу. Адштурховаючыся ад гэтай гіпотэзы, працягну развагі. Зьвярніце ўвагу на дэкор ствала:
Арнамэнт, відавочна, гатычны, а значыцца далёкі ад тых нясьвіскіх рэнэсансных гарматак, што захаваліся да нашага часу (напрыклад
“Гідра”,
“Вінаград” і “Цэрбер”). Гэта можа паставіць пад сумненьне меркаваньне, што аўтарам выяўленай на малюнку гарматы мог быць Мольцфэльт. Аднак, сп. Бэрнатовіч небеспадстаўна сьцьвярджае, што над вырабам рэнэсансных гармат працаваў ня толькі людвісар. Па крыніцах вядома, што канчатковую апрацоўку ствалоў праводзіў злотнік Стэфан, а над пазітывам формы гарматы, відавочна, працаваў разьбяр. Як мне падаецца, нават самаму выдатнаму людвісару было цяжка вырабіць дасканалую калёну замест банальнага ствала. Гэта мог зрабіць толькі спэцыяліст з архітэктурнай адукацый.
У сваю чаргу гармата на малюнку магла быць якраз уласным творам Мольцфэльта. Усе чатыры цяжкія гарматы былі адлітыя ў 1598-1599 гады. У 1599-1600 гадах былі адлітыя шэсьць меншыя гарматы з выбітным рэнэсансным дэкорам. У 1602 і 1603 былі адлітыя яшчэ па адной рэнэсанснай гармаце большага калібра. Напрошваецца наступнае дапушчэньне: першапачаткова Мольцфэльт працаваў над дэкорам гармат адзін і выявіў у іх дэкору тую гатычную ці протарэнэсансную традыцыю, да якой сам належаў. А пазьней, з 1599 года, да яго далучыўся іншы майстар, які пачаў надаваць гарматам дэкор зусім іншага рэнэсанснага кшталту.
Аднак вернемся да гарматы на малюнку. Вось яшчэ адзін цікавы дэкаратыўны элемэнт - ухваты, за якія чаплялася вяроўкі для пад’ёму ствала гарматы.
Цяжка адназначна сказаць, што за хлопцы тут выяўлены. Магчыма, гэта пушкары. Дарэчы форма капелюша можа указаць на нацыянальнасьць майстра, ці рэгіён яго паходжаньня.
Таксама зьвярніце ўвагу на гарматны лафэт. Калі гармата сапраўдная, значыцца і лафэт нявыдуманы, а менавіта такі, на якім калісьці стаяла нясьвіская “Саламандра”. Іншымі словамі перад намі выява прыстасаваньня,альбо элемэнта матэрыяльнай культуры XVII ст., створанага мясцовымі цеслямі, каладзеямі, кавалямі і слесарамі. Тая ж акоўка, у якой, падаецца, няма нічога асаблівага, з’яўляецца мастацкім творам мясцовых майстроў.
У канцы падзялюся яшчэ адной гіпотэзай. А, менавіта, як мог паўстаць гэты малюнак. Пачну здалёк. Пасьля захопу Нясьвіскага замка швэдамі ў 1706 годзе усе малыя гарматы былі зь яго вывезеныя, як трафеі, а цяжкія былі пераплаўлены. Іх наўпрост было цяжка вывезьці. Дык вось пасьля зыходу швэдаў на месцы “спаленьня” цяжкіх гармат знайшлі толькі тры вялікія кавалкі. Іншымі словамі спаленыя ня ўсе гарматы. Адна з іх яшчэ да прыходу швэдаў была перавезена ў Глускую фартэцыю. Усяго між 1695 і 1796 гадамі туды было перавезена каля 10 нясьвіскіх гармат. У 1707 годзе у Глуск прыйшло расійскае войска, якое вывезьла каля 30 гармат. Сярод сьпісу вывезеных гармат згадваецца гармата “у карпавую луску”. Магчыма, гэта і была тая нясьвіская “Саламандра”. А замаляваць яе маглі яшчэ ў Нясьвіжы перад перадачай у Глуск, як адзін з шэдэўраў Мольцфэльта, аб якім хацелі захаваць памяць.
Такая байка!