3 ліпеня 1620 года ў Нясьвіжы разьбіралася справа, што тычылася вялікага гетмана ваяводы віленскага Яна Караля Хадкевіча і ваяводы троцкага Мікалая Крыштафа Радзівіла Сіроткі. Ніжэй прапаную цікавую вытрымку зь яе:
„Паводле ліста Яго Мосці пана Гетмана пан Аляксандр Каменскі, стараючыся аб ласцы Яго Мосьці, з дапамогаю гусьляра падданага Яго Мосьці пана Троцкага па імяні Грынь Дзедзкі з вёскі Лань меўся тое зрабіць. Тую справу Аляксандру Каменскаму загадаў выканаць слуга Яго Мосці пан Геранім Касакоўскі са сваёй жонкаю Зоф’яй Уніхоўскай. Тады пан Ваяводы, прагнучы тое ўсё дакладна даведацца, прасіў, каб таго халопа ўзялі і ў той справе распыталі: праўда тое, ці не. …
3 ліпеня 1620 года ў Нясьвіжы пры бытнасьці Аляксандра Каменскага загадалі стаць Грыню Дзедзкаму з Лані. Калі той халоп стаў, мы яго пыталі пільна, ці ён калісьці меў справу з панам Каменскім. На што той пад прысягай вызнаў, што пана Каменскага ён ня ведае і ніякай справы зь йм ня меў. Толькі пан Касакоўскі браў мяне [далей словы гусьляра ад першай асобы] перад Сьвяткамі гэтага году два разы дадому, ня ведаю нашто. Яго паданы па імяні Грыцук аднаго дня аб’ехаў шэсьць вёсак мяне шукаючы, а як знайшоў, то завёў на двор свайго пана. Калі я туды прыехаў, пан Касакоўскі мне паскардзіўся, што яму баліць ўлоньне. Пасьля на каня ўсеўшы ён паехаў у Ляхавічы. Я там у двары яго пераначаваў, а ня могучы там яго чакаць, назаўтра ж прасіў пані яго, каб мяне адаслала дадому майго ў Міцкевічы. Па маёй просьбе пані мяне адаслала.
Зноў потым трэцяга дня пан Касакоўскі з паняй сваёй прыслалі па мяне таго ж Грыцука. Быў там цэлы дзень, але пана Касакоўскага ў доме ня было. Потым я пачаў казаць, нашто мяне сюды пані цягне дарма, аднак мусіў пражыць некалькі дзён, а пані Касакоўская зусім нічога не казала. А пасьля прыехаў пан Канюшы, мовячы: “Дзеля пана Бога пан сябе дрэнна чуе, сядай са мною і едзь да пана Балгарына, дзе пан Касакоўскі”. Там я пасьля пачаў вымаўляцца, што стары і далёка ехаць не магу. Адказалі, што толькі датуль паедзем, затым усадзілі мяне на воз. Калі мы ехалі з панам Канюшым братам пані Касакоўскай, то я пачаў казаць, што даўно едзем, вялікая міля павінна быць, а пан Канюшы кажа мне ужо недалёка, едзем да Ляхавіч. Затым я на вазьніцу закрычаў, абы стаў, і, сьсеўшы з воза, у хрост пачаў зыходзіць, не жадаючы зь ймі далей ехаць. Аднак яны мяне дагнаўшы ізноў гвалтам на воз узялі.
Прыехаўшы ў Ляхавічы сьсеў у гасподзе, дзе мне адразу прыслалі конеў мёду з замку і прыставілі да мяне двух гайдукоў, каб мяне пільнавалі. Потым другі конеў мёду прыслалі, пасьля чаго я пайшоў спаць на сена. Назаўтра за мною паслалі і ўзялі мяне да пана Касакоўскага ўжо не з сена, а з пасьцелі, якую мне ўначы прыгатавалі і ў ізбе паслалі. Калі прыйшоў да замку да Касакоўскага з тым пасланцам, узяў мяне пан Касакоўскі і пачаў мяне вадзіць па замку намаўляючы мяне, каб ішоў да пана Гетмана і яму хвораму дапамог. На што я казаў, дзеля Бога ня хочу, хоць бы пяць коп давалі, бо нічога ня ўмею і ня ведаю. Потым мяне завялі ў камяніцу бязь верху між муроў намаўляючы мяне ізноў, каб ішоў да пана Гетмана. А калі я не хацеў ісьці, казаў мне: “Ідзі к бесу”. Потым мяне адаслалі з Ляхавіч на падводзе пана Ваяводы віленскага і далі мне два злотых польскіх. …
У 1620 годзе завяршалася ўзвядзенне магутнай Ляхавіцкай фартэцыі, у якой Вялікі гетман, перад якім дрыжэлі і швэды, і маскавіты, і туркі, пакутуючы ад хвароды дажываў свае дні. З гісторыі прыведзенай вышэй так і не разумела, чаму Халоп адмовіўся дапамагаць Пану, інтэрпрэтацый напрошваецца безьліч. Адна з самых для мяне цікавых разьвіваецца ў наступнае пытаньне: калі пакласьці на вагі жыцьця з аднаго боку перамогі гетмана, а з іншага - музыку гусьляра, што пераважыць?...