За сваё больш за паўтысячагадовае жыцьцё міфічныя гарматы, адлітыя Германам Мольцфэльдтам на зломе XVI-XVII стагодзьдзяў па загадзе Мікалая Крыштафа Радзівіла Сіроткі, пабачылі шмат. Больш за дзьвесьце гадоў пасьля адліву яны спраўна выконвалі свой абавязак на валах Нясьвіскага замка, у тым ліку ў час вайны 1654 - 1667 гадоў, калі замак абложвалі ажно тры разы.
У час швэдзкага наезду 1706 года, калі замак быў цалкам зьнішчаны, а большасьць гармат расплаўлены, сем мольцфэльдтаўскіх фальканэтаў (Вінаград, Цэрбэр, Гідра, Хімера, Сава, Папугай, Цырцэя) уратавала іх прыгажосьць. Відаць, швэды пашкадавалі іх і намерыліся вывезьці ў Швэцыю, як Мэлюзіну (восьмую мольцфэльдтаўскую гармату). Аднак, па невядомых прычынах, гарматы затапілі ў Лахве, дзе яны былі знойдзены ў 1717 годзе. Так сем сястрычак вярнулася назад у разрабаваны Нясьвіж. Арсэнал замка ўжо ніколі не набыў той баяздольнасьці, у якой яго пакінуў Сіротка.
Тыя самыя сем мольцфэльдтаўскіх гармат застаў у замку Сыракомля, які наведаў яго ў сярэдзіне XIX ст. З пачаткам нямецкага наступленьня ў 1915 года, гарматы, відаць, былі вывезены ў Расею. У той час пад фармулёўкай "каб вораг не парабіў з іх снарадаў, якія будуць забіваць нашых рускіх бацькоў, братоў і сыноў" у масавым парадку вывозіліся таксама і званы з тэрыторыі ўсяе Заходняй Беларусі.
Здымак Вінаграда пачатку ХХ ст.
У 1922 годзе паводле Рыскай дамовы ўсе сем гармат былі "вернутыя" Польшчы, але абмінулі Нясьвіж, а патрапілі на дзядзінец каралеўскага замка ў Варшаве. Немцам, якія пачалі ўпарадкаваць эўрапейскі сьвет у 1939 годзе зь ліквідацыі Польшчы і, між іншым, досыць сымбалічнага зьнішчэньня каралеўскага замка, відавочна, даспадобы падалося, што гарматы адліваў немец Мольцфэльдт, таму і гарматы былі накіраваныя ў Нямеччыну, наступную сваю "гістарычную радзіму".
Савецкія вызваліцеля гэтаксама "абдумана" паставіліся да нясьвіскіх гарматаў:
пяць гармат было перададзена Польшчы (Гідра, Хімера, Папугай, Цырцэя, Сава), а дзьве (Вінаград і Цэрбэр) былі адпраўлены ў колішнюю сталіцу імпэрыі - Пецярбург. Прычына такога "брацкага" падзелу застаецца невядомай. Але, што цікава, у музэі польскага войска ня ведаць пра гэты факт, бо туды былі перададзены гарматы, якіх там раней ня было. Такім чынам, Вялікая Айчыннай стала повадам для Расеі ў каторы раз узбагаціць свой музэйны фонд, але ня толькі за кошт Рэйха, але і за кошт "вызваленых брацкіх" народаў. Пры "навуковай апрацоўцы" трафэяў Вінаград быў пераназваны ў "Чашу дастатка", відавочна, з прычыны абсалютнай адстунасьці інфармацыі ў музейшчыкаў пра гэтыя трафеі. З Цэрбэрам было прасьцей: на ім ёсьць інскрыпцыя, дзе напісана імя.
Доўгі час мне было невядома, куды падзеліся гэтыя дзьве гарматы, пакуль выпадкова не натрапіў у інтэрнэце на здымак Цэрбэра. А пазьней, калі пачаў больш шчыльна займацца нясьвіскімі справамі ўсё стала больш менш зразумела.
Другая чарга рэканструкцыі Нясьвіскага замка (фактычна ўвесь зама) мусіць быць здадзена ў ліпені гэтага года. Тады ж павінны быць зроблены копіі шэрагу мольцфельдтаўскіх гармат. Першымі стануць якраз Вінаград і Цэрбэр. У час свайго апошняга наезду ў Менску, мне ўдалося пазнайміцца з майстрам, які працуе над імі і паглядзець на амаль скончаныя мадэлі.
Мікалай Іванавіч Байрачны - майстар:
Такім чынам, цені Вінаграда і Цэрбэра вернуцца ў Нясьвіж.
І пару словаў пра самі гарматы. Абедзьве - фальканэты паводле тыпа вагамерам каля 1 фунта (ці калібрам каля 50 см). На жаль, дакладных дадзеных пакуль ня маю, але па тыпу і памерах ўсе сем гармат, акрамя Хімеры (3 фунта) - падобныя. На абездьвух гарматах ёсьць радзівілаўскі герб. Ужо у самых першых інвэнтарах Цэрбэр апісваецца як "неацясаная калодан", а Сыракомля піша наступнае: "да паловы кшталту неацясанай калоды, а ад паловы віецца полымя". Вінаград ня меў акрэсьленай назвы ў інскрыпцыі, таму ў інвэнтарах ён ўзгадваецца таксама пад назвамі "Вінагрона" і "Бахус". Інскрыпцыі (надпісы) па-лацінску з'яўляюцца лейтматывам мастацкай праграмы гармат. Цэрбэр: "CERBERUS ACRE TONO CUM DITIONES MILITI DONO" - "Як цэрбер жахліва рыкаю і даю жаўнерам перавагу". Вінаград: "POPULI SINT DITIS NOSTRAE VIDEMIA VITIS" - "Няхай народы будуць багатыя ураджаем нашай віньніцы".