Малюнак Бабруйска 1649 года

Nov 16, 2011 00:35

Выява места над Бабруйкай і Беразіной, якую хацеў бы прадставіць ніжэй з'яўляецца надзвычай важным і цікавым іканаграфічным помнікам па гісторыі, архітэктуры і урбаністыцы Бабруйска. Пакуль гэта адзіны вядомы малюнак старажытнага Бабруйска да яго поўнага зьнішчэньня ў пачатку ХІХ ст. у час будаўніцтва на яго месцы вядомай расейскай крэпасьці.

У ваенныя кампаніі 1648-1651 гадоў супраць казакаў польны гетман Януш Радзівіл браў з сабою мастака з Нідэрляндаў Абрагама ван Вэстэрфэльта, які мусіў фіксаваць вайсковыя вікторыі свайго патрона. Так паўсталі каля 50 малюнкаў, на якіх адлюстраваны найлепшыя для Януша Радзівіла хвілініы. У свой час малюнкі Вэстэрфэльта захоўваліся ў Нясьвіскім архіве, аднак пазьней былі страчаны. На наша шчасьце зь йх пасьпелі зрабіць копіі, асобныя зь якіх дайшлі да нашага часу. Значная частка гэтых копій была апублікавана Я.Я. Дрэшчыкам у 7 томе "Muzealnictwa Wojskowego". Адной зь першых аўтар прадстаўляе малюнак, на якім адлюстравана узяцьце Бабруйска войскамі польнага гетмана ў 1649 годзе.




Нягледзячы на тое, што на подпісе пад малюнкам пазначаны якраз Бабруйск (Puga Janusij XI Ducis Radzivily cum krzyczevianis rebellibus Cosacis ad Bobroyskom anno 1649), Дрэшчык перакананы, што на малюнку адлюстраваны Пінск. Трэба сказаць, што польскі дасьледчык увогуле вельмі сумнеўна ставіцца да подпісаў пад малюнкамі і многія зь йх прыпісвае да іншых падзей, чым пазначана на самой выяве. Галоўны закід у бок непраўдападобнасьці подпіса ў тым, што ў пісьмовых крыніцах згадваецца аб мірнай здачы Бабруйска, у той час як Пінск зазнаў даволі жорсткі штурм. Ня будзем удавацца ў разважаньні, ці на прадстаўленым малюнку бачны штурм ці хутчэй панічныя ўцёкі казакаў на чаўнах, прадставім галоўны козыр на карысьць таго, што гэта менавіта Бабруйск.

Зьвярніце ўвагу на расейскі плян Бабруйска канца XVIII ст.




На пляне бачна затока на Беразіне, паўз якую наступала войска Януша Радзівіла, а таксама дзьве сакральныя дамінанты: царква (у канцы XVIII ст. - уніяцкая) і парафіяльны касьцёл, які былі адлюстраваныя на малюнку Вэстэрфэльта. Хаця, як піша Дрэшчык, Пінск і стаіць над шырокімі воднымі абсягамі Піны і прылеглых багнаў, тапаграфічная сітуцыя там іншая, а наступаць з боку ракі ці паўз раку, каб была бачна панарама горада немагчыма.

Абрагам ван Вэстэрфэльт, як сапраўдны галяндзкі мастак, для якога тутэйшы край быў шмат у чым экзатычным, аб чым піша і Дрэшчык, імкнуўся даволі дакладна і падрабязна перадаць тое, што бачыў. Таму па дакладнасьці яго выявы можна паставіць нават вышэй за творы слыннага Т. Макоўскага. Ніжэй прапаню прыгледзецца да панарамы Бабруйска.




На старым замчышчы добра бачна драўляная царква, ніжэй - розныя прыватныя і, напэўна, грамадзянскія будынкі. Пад клубамі дыму з места ўцякаюць казакі, кідаюцца ў чаўны і адплываюць ад берага. Дарэчы, малюнак сьведчыць, што самі казакі і падпалілі места перад уцёкамі, бо войска Радзівіла яшчэ не пасьпела ўвайсьці ў места. Аб гэтым сьведчыць і тое, што полымем пачаў займацца касьцёл, у той час як царкву не кранулі.


.

Пехота штурмуе паркан каля места і браму, дзе, відаць, спрабавалі абараняцца казакі. Навокал уздымаецца дым ад выстралаў. Справа зьверху бачны парафіяльны касьцёл, па даху якога разыходзіцца полымя. У цэнтры бачна сыгнатурка ці вежачка, верагодна, касьцёлу езуітаў.

У вядомым энцыкляпэдычным даведніку аб беларускіх храмах аўтарства А. Кулагіна няма ніякай інфармацыі аб абодвух храмах, якія былі адлюстраваныя Вэстэрфэльтам. Па ўсім відаць, гэтыя страчаныя архітэктурныя помнікі дасюль застаюцца невядомымі для беларускай архітэктурна-гістарычнай навукі.

А вось у што пераўтварыўся гэты чароўны гарадок у пачатку XIX ст.


АРХІТЭКТУРА

Previous post Next post
Up