Рэчыца, год 1649

Nov 24, 2011 00:58

Месту на магутным Дняпры пры рачулцы Рэчыцы, якая і дала яму назву, пашанцавала больш чым Бабруйску, пра які пісаў раней. У час вайны з казакамі ў сярэдзіне XVII ст. польны гетман Януш Радзівіл пераўтварыў Рэчыцу ў магутны абарончы лягер - апорную базу для абароны ад казакаў, якія ўрываліся ў ВКЛ з поўдня. Разам з гетманам Рэчыцу наведалі галяндзец Абрагам ван Вэстэрфэльд, які пакінуў ажно дзьве выявы места, а таксама Каспэр Мэрыян, з малюнка якога Крыштаф Эйгірд гравіраў знакаміты плян Рэчыцкага лягера Януша Разівіла. Міхась Ткачоў называў гэтыя дакумэнты "выключна цэннымі", я б сказаў інакш: яны - бясцэнныя! Але мяркуйце самі ...

З пачаткам казацкага паўстаньня ва Ўкраіне пад кіраўніцтвам Багдана Хмяльніцкага ў 1648 годзе Рэчыца хутка трапіла ў рукі казакаў. У 1649 годзе Януш Радзівіл выбіў іх адтуль. Выключную стратэгічную важнасьць Рэчыцы ўсьведамлялі абодва канфрантуючыя бакі. Таму ў польны гетман вырашыў закласьці лягер для сваёго войска менавіта ў Рэчыцы, дзе ён знаходзіўся да 1654 года. За такі надзейны шчыт ад казакаў Януша Радзівіла будуць хвалілі многія сучасьнікі.

У гэткіх варунках Вэстэрфэльту давялося двойчы замаляваць Рэчыцу. Нагадаю, арыгіналы галяндца не захаваліся, аднак, на шчасьце, з многіх яго малюнкаў былі зроблены копіі. Першая з выяваў Рэчыцы шырока вядома ў літаратуры:




На другім малюнку прадстаўлена сцэна сустрэчы пасланца, які прынёс ў лягер польнага гетмана вестку аб Збораўскай дамове ўвосень 1649 года. Дрэшчык, які апублікаваў гэты малюнак, слушна заўважыў, што насуперак подпісу, дзе значыцца Лоеў, адлюстравана была менавіта Рэчыца, дзе па пісьмовых крыніцах гетман якраз і атрымаў вестку аб Збораўскай дамове.




Зьлева ўнізе стаіць сам гетман, а справа зьверху бачны Рэчыцкі замак і тамтэйшы касьцёл.

Але поўную асалоду і разуменьне, якой была Рэчыца ў 1649 годзе, можна атрымаць толькі разам з гравюрай Эйгірда.




Унізе зьмяшчаецца подпіс на лаціне і па-нямецку, у якім згадваецца пра лягер "літоўскага палкаводца Януша Радзівіла пад Рэчыцаю".




Першапачаткова, мне падавалася, як, напэўна і Ткачову, што ўсе малюнкі паўсталі ў блізкі час і адлюстроўваюць прыкладна адно і тое ж, але з розных ракурсаў. Аднак, ня ўсё так проста.

Бастыёны, што бачны на першым малюнку былі насыпаны непасрэдна перад мейскімі ўмацаваньнямі і ня былі злучаны валамі-курцінамі.




Той умацаваны лягер, што бачны на пляне Эйгірда - рэч зусім іншая. Яго фартыфікацыі высунуты на значную адлегласьць ад горада і ствараюць вялікую плошчу для разьмяшчэньня войска. прастакутнікі розных памераў і канфігурацый, што бачныя на тэрыторыі лягера, у месьце і на замку, абазначаюць розныя харугвы, што там стацыянаваліся. Такім чынам выглядае разьмяшчэньне войска паводле добрага знаёмага Януша Радзівіла Адама Фрэйтага. Першы варыянт - для пехоты, другі - для кавалерыі.







Адсюль вынікаюць некалькі высноваў:

1) Першы малюнак паўстаў у 1649 годзе, калі Вэстэрфэльт першы раз наведаўся ў Рэчыцу разам з літоўскім войскам. Умацаваньні, што ён пабачыў маглі існаваць дагэтуль, альбо былі насыпаны гетманам у 1649 годзе.

2) Што тычыцца пазнейшага ўмацаванага лягера, то ён мог паўстаць і ў 1649 годзе, і пасьля другога "прышэсьця" Януша Радзівіла ў 1650 годзе, калі Рэчыца на нядоўгі час ізноў трапіла ў рукі казакаў. Пасьля ўзьвядзеньня гэтай лініі ўмацаваньняў бастыёны перад мейскім парканам былі зрытыя.

Цяпер бліжэй места Рэчыцы, якім яно было ў 1649 годзе. Найперш зьвярну ўвагу на кропкі зь якіх рабіліся накіды для малюнкаў Вэстэрфэльта.




Першы малюнак зроблены з паўднёвага ўсходу ад мейскіх умацаваньняў, якія стаяць вельмі блізка. На ім бачны паўднёвы бакавы фасад касьцёла і усходнія вежы замка. А вось другі малюнак - ажно з іншага боку ракі з тэрыторыі перадмоставага ўмацаваньня, дзе Януш Радзівіл, напэўна, прымаў пасланца. Тут Рэчыцкі замак і касьцёл паўстаюць з паўночна-ўсходняга боку: мы бачым паўночны бакавы фасад касьцёла з прыбудаванай капліцаю і усходняе прасла сьцяны замка з дзьвума брамамі і нарожнымі вежамі.

Аб дакумэнтальнай дакладнасьці Вэстэрфэльта выдатна сьведчыць абрыс драўлянага касьцёла, які быў адлюстраваны аднолькава з двух супрацьлеглых бакоў.





Ля самога касьцёла бачны дзьвухпавярховы будынак, які напэўна належаў да яго.Плян храма і сумежнага будынка можна разглядзець на гравюры Эйгірда. Там жа паказаны плян замка, а таксама абазначаны дзьве царквы, абрысы якіх бачны на першым малюнку Вэстэрфэльта. Дарэчы, пра гэты касьцёл і цэрквы нічога не вядома ў літаратуры.



А над касьцёлам узвышаецца велічны пяцівежавы драўляны замак.







На малюнках Вэстэрфэльта выдатна бачны канструкцыя вежаў і сьцен замка, а таксама абарончых умацаваньняў места, якія дадаткова былі адлюстраваны на невялікіх малюнках далучаных да пляна Эйгірда. Ня хочацца расповядаць пра ўсе дзівосы, падрабязнасьці і тонкасьці, якія адкрываюцца для нас пры разглядзе гэтых выяваў. Думаю, лепей дазволіць гледачу самому паўзірацца ў гэтыя малюнкі. Адзінае зазначу, што на гэтых выявах мы бачым бадай што найлепшае рэалістычнае адлюстрваньне драўлянага замка XVII ст., аналягаў якому няма.

Мейскі паркан зь вежачкай на пляне Эйгірда.Зьвярніце ўвагу на канструкцыю ірва: абожва схілы выкладзены бярвеньнямі ствараючы так бы мовіць драўляны эскарп і контрэскарп у рове.




На тым жа пляне паказаны і профіль абарончага валу пазьнейшага ўмацаванага лягеру. Наверсе на вале пастаўлены плеценыя кашы ці габіёны.




Мару аб тым, каб дастаць арыгіналы усіх трох малюнкаў і тады наўпрост сесьці за 3D мадэль Рэчыцы XVII ст. Такой якаснай іканаграфічнай падтрымкай для рэканструкцыі і ўвогуле вывучэньня могуць пахваліцца нямногія беларускія месты. Нават тую ж знакамітую Гародню малявалі заўжды з аднаго ракурса.

Ну і ў завяршэньні: канфігурацыя старога места і замка бачныя дасюль. Хацелася б, каб гэты лапік слаўнай гісторыі места Рэчыцы захаваўся на радасьць нашчадкаў.


ФАРТЫФІКАЦЫЯ, АРХІТЭКТУРА

Previous post Next post
Up