Паланга. Дзень пятнаццаты

Aug 20, 2016 18:44

24.07.2016. Спаў кепска. Думалася пра дарогу дадому. Усталі а дзявятай. Паснедалі і пайшлі развітвацца з морам. Хадзілі амаль гадзіну басанож па вадзе і пяску. Крыху сумнавата, што ад’язджаем. Прывыклі да вандровак, да волі. А дванаццатай пакінулі рэчы ў гаспадароў у пакойчыку, у якім сярод усяго стаяў вялікі літоўскі сцяг, пра які я чамусьці падумаў, як пра зброю. Ходзячы па горадзе, заглянулі і на месца, адкуль нас павінны забраць у Мінск. Там стаяў аўтобус з беларускім нумарам. Хацелі запытацца, ці не гэты аўтобус прыехаў па нас, але, калі падыйшлі да дзвярэй, кіроўца зачыніў салон. Мы яшчэ апошні раз прайшліся па сасняку і вярнуліся на вілу. Нявестка гаспадыні сказала, што недзе праз гадзіну падвязе нас да аўтобуса. Мы прыселі адпачыць, і тут неўзабаве дамоў з мора вярнуўся яе муж і сказаў, што наш аўтобус будзе адпраўляцца на гадзіну раней, чым планавалася, бо ён даўно прыйшоў з Мінска. Мы хуценька склалі свае рэчы ў машыну і праз пяць хвілін былі на патрэбным прыпынку. У нашым аўтобусе ўжо сядзелі людзі. Мы прыехалі апошнімі. Праз пару хвілін у 14.35 наш аўтобус пакінуў прыпынак. У салоне горача. Асабліва ў вакно не глядзеў, бо ўжо амаль усё  вакол дарогі знаёмае і я ехаў, нібыта з родных Пугачоў…
Едзем праз Каўнас. 102 кіламетры да Вільні. Рэчка Нярыс. Прыгожа.
Калі ехалі адпачываць, на палях усё было зялёным, а цяпер жоўтае, спелае. Праўда, у Літве жніво яшчэ не пачалося.
Сёння выхадны дзень і нашы кіроўцы вырашылі паехаць праз мяжу там, дзе, на іх думку, не будзе затрымкі. Заехалі ў лес на мытню. Высвятлілася, што тут якраз аўтобусы не прапускаюць. Паехалі назад. Кіламетраў трыццаць. Выехалі на дарогу, якая вядзе да памежнай Катлоўкі, праз якую мы і заязджалі ў Літву. На кіламетраў пяць уздоўж дарогі стаялі фуры. Ледзьве даехалі да мяжы. Літоўцы хутка нас прапусцілі, а вось нашы памежнікі папрасілі ўсіх пакінуць аўтобус з рэчамі і прайсці на мытны кантроль. Утварылася чарга. Першым не пашанцавала, бо ім давялося вытрыбушыць свае валізы з ношанымі ў час адпачынку рэчамі.  Праз хвілін дваццаць падыйшоў афіцэр і пацікавіўся, хто мы такія і, даведаўшыся, што людзі едуць з адпачынку, сказаў: “Мы так вас будзем правяраць да раніцы! Паклічце свайго куратара.” Прыйшоў адказны за нас, перагаварыў з афіцэрам, і нас хутка прапусцілі праз мяжу. Яшчэ гадзіны тры ехалі да Мінска. На лугах і палях сцяліўся туман. З комінаў некаторых вясковых хат віўся дым. Яго нельга было адчуць у аўтобусе, але дым мне ўсё роўна пах. Душа радавалася вяртанню. У аўтобусе некаторыя спалі, але большасць глядзела праз вокны на родныя краявіды…

вандроўка

Previous post Next post
Up