Aug 20, 2016 18:44
23.07.2016. Сёння наш апошні дзень адпачынку ў Паланзе. Заўтра дадому. Хочацца і не хочацца. У панядзелак трэба на працу схадзіць. Што там і як там? Відаць, клопатаў хапае, як і заўсёды…
Дзясятая гадзіна раніцы, а сонца не бачна. Учора спадзяваліся, што сёння будзе цяплей, але па ўсім зразумела, што не пацяплее…
Хадзілі па крамах. Нічога асаблівага не купілі, бо няма…
Вечарам а шостай на Басачынявічуса каля фантана сустрэліся з Ксеніяй Шталянковай і яе бацькамі. Пагуляўшы па вуліцы, зайшлі ў невялічкую кавярню. Праз хвілін дваццаць сюды ж зайшоў Зміцер Санько са сваім сямействам. Мы некалькі разоў гукнулі яму, але спадар Зміцер не пачуў, бо іграла музыка і ён быў далекавата ад нас. Праз нейкі час тата Ксеініі ўбачыў сярод наведвальнікаў кавярні хлопца падобнага на Андрэя Хадановіча, а я другога падобнага на Паўла Касцюкевіча. З гэтай нагоды я з усмешкай сказаў: “Вось і сабраўся беларускі бамонд у Паланзе!” Мы хораша пасядзелі і пагаманілі. Праўда, было халаднавата.
Дамоў з Людмілай вярнуліся позна, шкадуючы, што наш адпачынак хоць і быў цудоўным, але ж так хутка праляцеў, як чайка над берагам мора…
вандроўка