Aug 20, 2016 18:43
22.07.2016. Амаль кожную ноч сніцца праца. Сёння снілася, што я прыйшоў у выдавецтва, а там супрацоўнікі падзяліліся і ў двух кабінетах памінаюць памерлых. Адны адных, а другія другіх…
Снілася вёска. Родная хата. Я з братам мяняю шыбы ў вокнах-рыхтуемся да зімы.
З Людмілай вырашылі яшчэ раз з’ездзіць у Клайпеду. А 12 былі ў цэнтры горада. Пайшлі па галоўнай вуліцы. Заглянулі ў першую напатканую вялікую краму жаночага адзення. Думалі на пяць хвілін, а прабылі амаль гадзіну. Людміла сёе-тое набыла. Паабедаўшы ў кавярні, якая паблізу старога горада, пайшлі ў Музей Клайпедскага замка. Пажылая касірка, калі Людміла звярнулася да яе па-англійску, папрасіла: “А можна па-руску?” і, прадаўшы білеты, дадала: “Наша пакаленне ведае рускую мову, а маладыя і ведаць не хочуць!” Экспазіцыя яшчэ небагатая, але ўжо можна ўявіць, якой вялікай яна будзе ў будучым, бо поўным ходам ідзе рэстаўрацыя. Працуе чалавек дваццаць. Пры нас брыгадзір ці прараб, агледзеўшы кладку сцяны, усчыніў лаянку. Лаяўся па-руску. Пасля замка мы пайшлі ў Музей малой Літвы, дзе асабліва нічога цікавага няма. Побач з намі хадзіў мужчына даўгавалосы і барадаты гадоў сарака з чатырма дзецьмі. Старэйшай дзяўчынцы гадоў дванаццаць. Размаўляюць па-руску. Чамусьці падумаў, што гэты мужчына нейкі святар. Па дарозе на вакзал зайшлі ў кавярню, у якой ёсць кніжная паліца. Сярод кніг знайшлі выданне 1989 года “Знака бяды” і “У тумане” Васіля Быкава ў перакладзе на літоўскую. П’ючы каву, слухаючы музыку і гледзячы ў вакно на машыны, падумаў, што наша жыццё працякае няспешна, як з крана сапсаванага вада…
Кава ў філіжанцы, як клайпедскае сонца…
У Палангу вярнуліся а палове на сёмую. На вакзале ў “Максіме” купілі вячэраць і чамадан на колцах за 30 еўра, які раней каштаваў 54.
А дзявятай пайшлі перад сном да мора. Ветру амаль няма. Разуліся і сталі гуляць па вадзе. Вада цёплая. Дайшлі да пірса. На ім народу, як на “Тытаніку”. Шмат рыбакоў. Цягаюць і цягаюць. Часам па шэсць рыбін. Даволі вялікая-па 15-20 см. Ловяць на голыя кручкі, якіх на лесцы па шэсць штук.
Дамоў вярталіся па беразе мора. Чаек над вадой было, як у нас на Мухлі вечарамі камароў…
вандроўка