Паланга. Дзень сёмы

Aug 20, 2016 18:40

16.07.2016. Перад сном даведаліся з сеціва, што ў Турцыі пачаўся вайсковы пераварот, а ў Парыжы загарэлася Эйфелева вежа. Узгадаліся нашы ранейшыя летнія адпачынкі з дзецьмі ў Доме творчасці “Іслач”. Адзін раз паехалі і ў лесе даведаліся, што Гарбачова адлучылі ад улады. Другі раз паехалі. Тады падлодка “Курск” застанула. На трэці раз- у Маскве з танкаў расстрэльвалі Белы дом. Словам, жыццё і раней віравала крывава. У сёлетніх нашых планах адпачынку напачатку была Ніца, дзе цяпер адбыўся тэракт, але ўсё ж вырашылі туды не ехаць, бо не тыя фінансы і хапіла і іншых прычын. Цяпер думаем, што нас Бог бярог ад паездкі ў Ніцу.
Раніца. На вуліцы сонца няма. Магчыма, яно ў час вайсковага перавароту ў Турцыі трапіла ў закладнікі…
Пайшлі ў цэнтр Палангі. Людміла захацела патрапіць на канцэрт музыкі Рахманінава. Прыехаў музыкант з Францыі. Міхаілас Юркас. Знайшлі білетную касу. Дзяўчаты па-руску не размаўляюць. Людміла пачала па-англійску. Таксама слабавата разумеюць. Дзяўчаты паклікалі мурына, які ў іх працуе ў кавярні. Мурын пыкаў-мыкаў і таксама нічым дзяўчатам не дапамог. Праўда, Людміла сама праз нейкі час растлумачыла касіршы, што яна хоча ад яе. Вярнуўшыся дахаты, праз сеціва мы даведаліся, што Міхаілас Юркас з Францыі-гэта Міхаіл Юркоў з Беларусі, які ў Гомелі іграў Рахманінава за 70 тысяч, а тут білеты па 11 еўра.
Пасля абеду на вуліцы Басанавічуса пачаўся грыль-фестываль. Сабралася народу. Шум, тлум, музыка і песні. Не думалі што-небудзь купляць, але, ідучы да музея рэпрэсій і высылкі, Людміла спынілася каля палаткі са скуранымі шапкамі. Пачала мераць. Адну шапку выбрала і я сказаў: “Бяры!” Прадавец, мужчына гадоў пяцідзесяці, усклікнуў: “Вы з Беларусі! Я па слове “бяры” зразумеў адкуль вы!” Разгаварыліся. Майстра па шапках родам з Віленшчыны. Вёска ягоная на Смаргоньшчыне. Цяпер жыве ў Вільні. Бывае ў Мінску. Павінен быў ехаць на “Славянскі базар”, але ў гэтым годзе не пусцілі: “Ты натавец!”
Наведалі музей рэпрэсій і высылкі. Ён месціцца ў маленькім жоўтым дамку на вуліцы Басанавічуса. Уваход бясплатны, працуе тры дні на тыдзень па пары гадзін. У гэты час там дзяжурыць хтось з таварыства рэпрасаваных, якому і дазволілі стварыць музей. Калі мы зайшлі, дзяжурыла пажылая жанчына, якую ў восем гадоў разам з сям’ёй выслалі, як кулакоў, у Іркуцк. Распавядала, як там выжывалі, як вярнуліся, як тут не бралі на вучобу ў інстытут, бо ў анкетах пісала праўду. Камсамолкай не была.  У стэндах- рэчы, якія прывезлі з сібірскіх лагероў. Ёсць літоўскі сцяг, які быў разрэзаны на тры асобныя паласы, бо іначай не маглі яго захаваць. У адным з пакояў- працы школьнікаў, якія наведваюць ахвяр рэпрэсій, распытваюць, запісваюць. Пра кожную высланую сям’ю робяць даклад. Распавёўшы пра музейныя экспанаты, жанчына пацікавілася пра жыццё ў Беларусі. Папрасіла, каб мы пакінулі пару слоў у сшытку для наведвальнікаў. Я напісаў па-беларуску. Запісаў штук дзесяць. Пару па-руску, а так на літоўскай мове.
Вечарам Людміла пайшла на канцэрт Юркаса, думаючы, што там нікога не будзе, бо, калі куплялі білеты, можна было браць любое места. Я падыйшоў да канцэртнай залы праз гадзіну. Думаў, што давядзецца чакаць, як з залы пачалі выхолзіць слухачы. Іх было каля сотні. Канцэрт Людміле спадабаўся.
Пайшлі ў бок пірса. На плошчы, што паблізу мора, фестываль-грыль быў у самым разгары. Канкурсанты смажылі, прадавалі піва, спявалі. Адным словам, багемная атмасфера. Мы пахадзілі, паглядзелі і зразумелі, што заключным нумарам конкурса будзе выпячка парсючка кілаграм пад сто, бо ўсё для гэтага ўжо было падрыхтавана. Шмат знаёмых рускіх песень прагучала на літоўскай мове. У нас Алесь Камоцкі перакладае рускія старыя шлягеры на беларускую.
 

вандроўка

Previous post Next post
Up