Паланга. Дзень восьмы

Aug 20, 2016 18:40

17.07.2016. Сонца няма. Аблокі ад мора плывуць і плывуць. Думаю, што некаторыя сямейныя, прыехаўшы ў Палангу загараць, цяпер сварацца паміж сабой: “Я ж казала (казаў) трэба ехаць у Іспанію!”, а мы спакойныя, бо мы ехалі сюды проста адпачыць ад нашых будняў і свят.
Па вуліцах адны ходзяць у куртках, другія ў саколках і шортах. Тыя, што ў цёплым, відаць, толькі нядаўна прыехалі ў Палангу. Мы самі першы дзень хадзілі ў куртках…
Над Палангай чаек меней, чым над Мухляй, з якой мы побач жывём у Мінску…
Сёння нашай аўчарцы Міёне 11 месяцаў. І яна ўжо 10 дзён без нас, а мы без яе. Як яна там у чужых людзей?
Толькі сабраліся ісці ў цэнтр горада, як пайшоў дождж. Перачакалі хвілін пятнаццаць. Выглянула сонца. Пайшлі праз лес, які ў метрах пяцідзесяці ад нашай вілы. Паветра пахне сасновай смалой. Калюжын болей, чым людзей. Праз хвілін дзесяць дайшлі да цэнтра Палапнгі, дзе ўчора пачаўся міжнародны фестываль-грыль. А 10 вечара быў дадзены старт на засмажку кабанчыка.  Мы прыйшлі якраз да 12 гадзін, калі журы пачало абход удзельнікаў конкурсу. Найлепш на маю думку з заданнем справіліся ўкраінцы. Эстонцы смажылі ў вялікай чыгуннай печцы і, адчыніўшы яе, узяліся за галовы- там кабанчык ляжаў чорны, як вугаль. Калі старшыня журы запытаўся ці будуць яны свайго кабанчыка прапаноўваць людзям, пякар у шапцы ў выглядзе ружовага парсючка адказаў: “Не! Мы будзем вяртацца ў Эстонію і ўсё аддадзім нашым паліцэйскім!” Пасля таго, як журы абыйшло ўсіх удзельнікаў конкурсу, пачалася дзяльба кабанчыкаў. Самыя смачныя кускі свінінкі (узгадаўся кліп Віктара Лупасіна “Піва ды свінінка”) былі аднесены журы на дэгустацыю, а астатняе пачалі прадаваць. За 2 еўра Людміла купіла ў літоўцаў грам сто свініны з салёнымі агурочкамі і хлебам. Я стаў у чаргу да ўкраінцаў. Падрыхтаваў грошы, але яны не спатрэбіліся-украінцы свініну раздавалі бясплатна. Некалькі каманд нават не прадавалі, а загарнулі сваё печыва ў фальгу і схавалі…
А дзясятай вечара пайшлі на пляц, дзе праходзіў фестываль-грыль. Нічога не засталося, што нагадвала б пра фестываль. Ні смецця, ні паху. Іграе музыка, швэндаюцца людзі і вецер з мора, а ў небе аблокі, як дым ад караблёў, якія былі спалены пад час аблогі Палангі…
Спыніліся каля фантана са святламузыкай. Прыгожа, але да Барселонскага фантана яму далёка-далёка, як ад Палангі да Барселоны…
 

вандроўка

Previous post Next post
Up