Aug 20, 2016 18:39
15.07.2016. Усю ноч ішоў дождж. Здавалася, што наш дом плыве па моры…
У 10.40 выехалі ў Плунге. Дождж сыпле, але час ад часу вызірае сонца з-за аблок. Ехалі праз Крэцінге, дзе мы былі тры гады таму. Глядзеў на ўсё, як на роднае, блізкае душы і сэрцу…
За гадзіну заехалі ў Плунге. Палац Агінскіх. У азярыне плаваюць рыбкі і цвітуць белыя, жоўтыя і ружовыя гарлачыкі. Я спрабую сарваць гарлачык для Людмілы, але яны далёка ад берага. Да ўсяго здаецца, што зараз выйдзе сам Агінскі і скажа: “Спадары паэты, запрашаю вас на гарбату!” І раптам адчыніліся дзверы былой канюшні. Мы падыйшлі бліжэй і ўбачылі ў будынку, накрытыя белымі абрусамі, сталы з букетамі, з вялікімі крышталёвымі бакаламі і зялёнымі пляшкамі з шаманскім. Заходзь і частуйся. Не зайшлі. Адыйшліся ад адчыненых дзвярэй і яны праз пару хвілін зачыніліся…
Зайшлі ў палац Агінскіх. Цяпер тут музей. Купілі білеты. У першым зале каля сцяны стаяла вялікая аж пад столь кніжная шафа. Спыніліся каля яе. Пачалі ўслых чытаць назвы кніг. Дзяўчына, якая тут сядзела за сталом, пачуўшы пра што мы гаворым, падыйшла да нас і пачала адказваць на нашы пытанні. У шафе стаяць кнігі 18 і 19 стагоддзя на літоўскай, нямецкай і польскай мовах. Пацікавіліся ці ёсць беларускія кнігі. Даля (так завуць дзяўчыну) тут жа дастала выданне пра Агінскага, якую хтось з Беларусі падарыў: “Міхал Клеафас Агінскі: Ліцвін, Патрыёт, Творца” Леаніда Несцерчука. Паказала кнігу 1847 года “Каталіцкія місіі”, якой карыстаўся Агінскі. Асабістых рэчаў былых гаспадароў вельмі мала. Нашчадкі прыдворнага шаўца ахвяравалі шкляны куфэрак, захаваўся кошык, які жонка Мікалая Агінскага Марыя падарыла нейкай дзяўчынцы. Пастаялі каля піяніна, на якім у свой час іграў Чурлёніс. Даля амаль паўгадзіны вадзіла нас па першым паверсе, а Людміла расказвала: “Палац Агінскіх належаў розным магнатам, нейкі час- фаварыту Кацярыны Другой Платону Зубаву. Ягоны спадчыннік прадаў палац Агінскім. Тут гаспадарыў унук Міхала Клеафаса Агінскага Мікалай. Ён быў вядомым меценатам, арганізаваў у палацы аркестр, музычную школу, дзе, дарэчы, вучыўся Чурлёніс. Ён жа даў Чурлёнісу грошы на адукацыю ў Варшаве…”. Спыняліся каля партрэтаў і Людміла зноў расказвала пра лёсы намаляваных асоб. Даля распытвалася пра Беларусь. Яна хоча прыехаць у Мінск. Потым мы пайшлі на другі і трэці паверхі палаца, дзе выстаўлены працы сучасных літоўскіх мастакоў і скульптараў. Убачылі карціны-шары нашага знаёмага паэта-мастака з Палангі Вітаўтаса Кусаса. Работы маладых мастакоў убачылі у падвале каля прыбіральні…
Тры гады таму палац давялі да ладу. Захаваўся цудоўны парк, у якім мы натуральна заблукалі, бо рэчка так кружляе, што не зразумееш, дзе які масток пераходзіць. “У гэтым парку, як у нутры карціны!”-сказала Людміла.
Дрэвы, як на карцінах Драздовіча і Чурлёніса…
Да Храма, які быў добра бачны з ганку палаца Агінскіх, дабіраліся больш паўгадзіны. Праходзілі каля лужка, на якім рыхтаваўся сабачы фестываль. Храм на ўзгорку. Прыйшлі ў час, калі ў Храме закончыўся малебен. У ім няма ікон. Толькі істужкі каляровыя парасцягнуты. Шмат народу. Усе святочна апранутыя і з кветкамі. Вельмі шмат моладзі. У Паланзе гаспадыня вілы нам сказала, што гэта быў выпускны ў школе.
Пайшлі ў стары горад. Старога мала. Зайшлі ў кавярню паабедаць. Афіцыянтка па-руску нічога не разумее, як і па-англійску, але неяк патлумачылі, што мы хочам ад яе. Сюды ж прыйшоў літовец гадоў саракапяці з тоўсценькай жонкай і дочкамі гадоў васьмі і дзесяці. Для сябе ён узяў літровы куфаль піва, жонцы невялічкую філіжанку кавы, а дзецям па дробнай пляшцы напітку. Мужык піў піва, нібыта толькі што закончыў вялікую і важную справу. На ягоным ілбе можна было напісаць: “Я люблю жыццё!” Жанчына піла каву, нібыта цалавала яе і паглядала з любоўю на мужа. Дзеці свае напіткі выпілі праз некалькі хвілін і пачалі дурэць, ляпаючы пустымі пляшкамі па стале, нібыта намякаючы бацьку, што хочуць яшчэ папіць. Мужчына сядзеў, як каменны, і піў піва. Мы паабедалі, разлічыліся, а мужчына з сям’ёй засталіся ў кавярні…
Пахадзіўшы па горадзе, пайшлі на вакзал. На ім ужо быў нам знаёмы па кавярні літовец са сваёй сям’ёй. Ён сядзеў на лаўцы. Жонка стаяла побач і побач валтузіліся дзяўчынкі. Мужчына пацёршы лоб, дастаў з кішані некалькі манет і даў жонцы. Жанчына падыйшла да кіёска і купіла дзецям па сто грам соку. Дзеці прыціхі і селі непадалёку. Раптам мужчына ўстаў і пайшоў. Следам пайшла жанчына, паклікаўшы малых. Я паглядзеў ім услед праз вакно і ўбачыў наш аўтобус у Палангу…
З мора хмары плывуць і плывуць і ўсё ў бок Беларусі…
А палове дзявятай усе хмары сплылі і засвяціла сонца. Мы пайшлі да мора. Ветрана. Хвалі вялікія і белыя, як са снегу з лёдам. Па беразе ходзяць людзі і чайкі. Знайшлі выкінутую на бераг камбалу. Ужо без вока…
У Паланзе шмат людзей з сабакамі. Амаль усе дробныя і звяглівыя…
Прачытаў у сеціве пра тэракт у Ніцы, дзе загінула больш 80 чалавек і яшчэ за сотню параненыя. Трэрарыст узаў на пракат фуру і на ёй урэзаўся у людзей, што святкавалі свята, і праехаў два кіламетры. Жах! Не мог доўга заснуць…
вандроўка