"сіня-залаты чарот..." і іншыя колеры

Sep 08, 2014 19:08

Я ізноў пра класікаў.
Калі ты даведваешся, што паэт у рэальным жыцці блытаў колеры, то ўся твая трывалая літаратуразнаўчая метадалогія ламаецца ўмомант. І як цяпер успрымаць сімволіку-метафорыку, кшталту "Букет пралесак залаціцца" або "заглядзеўшыся у сіня-залаты чарот..."?

Ці яшчэ: "Ды на ліха дала ёй ночка цёмная бровы, // Залатым напаіўшы вочы цветам ліповым"? Вочы ўявілі? :)

Прычым пра дальтанізм паэта не абы-хто згадвае, а аўтарытэтная крыніца - сын. Цытую яго ўспаміны пра бацьку: "Дарэчы, ён дальтонік быў. Як мы вызначылі? Піша пісьмо з Амерыкі (па тры месяцы быў у Злучаных Штатах): Любаша, купіў табе бэзавую сукенку. Максімку - ... (называе нейкую рэч і яе колер). Прывозіць - зусім такіх колераў няма... У зялёна-карычневых танах я таксама дальтонік. Гэта ад яго па спадчыне перадалося".



Пра каго я? Пра аднаго з маіх любімых савецкіх паэтаў - Максіма Танка.

І адмыслова для kabierac. Танк насамрэч аднаЛЮБ быў, не буду спрачацца, але любоўныя вершы розным жанчынам усё ж прысвячаў. І нават пасля вяселля. Я яшчэ на сярэдзіне другога тома, а ўжо чатырох адрасатаў налічыла. Ведама ж, паэт :).

Такі вось імпрэсіянізм.

PS Прыкладна з гэтай серыі песенька ад Беларусі для дзіцячага "Еўрабачання" 2014 года з яе "сінімі ізумрудамі".

навука, лірыкі без лірыкі

Previous post Next post
Up