Нагадаю, я спытала, з якога матэрыялу выраблена вось гэтая інсталяцыя.
Адказы былі разнастайныя, з фантазіяй, я ацаніла. Вынікі наступныя.
Такім чынам, *паўза* дранікі ў маім выкананні *паўза* з бульбы старадаўніх беларускіх гатункаў, вырашчанай і беражліва сабранай лепшымі беларускімі перадавікамі, якую палівалі вадой з артэзіянскай свідравіны і ўгнойвалі прадуктамі вытворчасці адборных пародзістых кароў ад вялікакняжацкіх заводчыкаў, *красамоўная паўза* атрымлівае... атрымлівае... атрымлівае... ніхто не атрымлівае, на жаль, сябры. Затое перадавікі нарэшце змогуць расслабіцца і закурыць.
А цяпер - адказ!
Дык вось, гэта не воск, не дрэва, не чыгун, не мосенж, не алюміній, не медзь, не пластык і не пап'е-машэ.
Не гарбуз, не рэдзька, не сыр, не курыца, не кабачок, не яблык.
І нават не 3D-прынтар :).
Гэтая кампазіцыя выраблена з...
шакаладу! :)) Па-мйому, такі дранік - годны супернік украінскаму салу ў шакаладзе.
Учора я наведала выставу шакалацье Нікаля Папова, якая размешчана ў гомельскім палацы Румянцавых-Паскевічаў.
Пакажу некаторыя, найперш гіганцкія, экспанаты.
Калі вы не Шура, праходзьце міма.
Набор інструментаў у натуральную велічыню. Ілюзія праўдападабенства поўная. За выключэннем хіба што дрыля ці як гэты "струмант" называецца.
Мы за здаровы лад жыцця, малпа паказвае вялае "victory".
Кожны Нікаля ў дзяцінстве быў хлопчыкам і любіў свае цацкі.
НікаляМіколка-паравоз :).
Трохі цацак для дзевачак.
Насамрэч на фатаграфіях экспанаты выглядаюць не так унушальна, бо складана ацаніць іх памер. Таму я, робячы здымкі, імкнулася, дзе магчыма, злавіць у кадр разеткі ці электракаробкі, каб вы, сябры, маглі скласці ўяўленне пра гэтыя мегашакаладкі.
Гэта, натуральна, цвік праграмы - і па вышыні, і па майстэрству выканання.
Недалёка ад гомельскага Парыжу - гомельскі Егіпет. Піраміда, пэўна, самая цяжкая шакаладзішча на выставе. Каля яе мы завіслі і задумаліся, колькі ж часу нам бы спатрэбілася, каб яе з'есці нашай кампаніяй і дабрацца да муміі фараона.
Але больш за ўсё ўразіла, што інфармацыйныя стэнды таксама выраблены з шакаладу. Заява на канцэптуальнасць!
Сімпатычныя варыяцыі на тэму гомельскага герба. Па памерах - карціна для залі.
Імперскія матывы. Цікава, што чырвоныя падушкі таксама ядомыя.
Фабержэяна.
І трохі гісторыі сучаснай Беларусі. Найлепшыя перамогі айчыннага хакея старанна зафіксаваны. Аргенціна - Ямайка - 5:0.
І напрыканцы. Як шкада, што фота не перадае пахі. Нанюхаўшыся, мы нагулялі такі апетыт, што адразу ж па выхадзе накіраваліся ў "Кватэрнік" - паесці!