У адзін важны кастрычніцкі дзень, калі мая сястра з пляменнікам дружна святкавалі свае народзіны, у наш слаўны горад наведаўся "модны блогер" (с) Ягор budgawl і блогер Ксюша alkobugi, якая толькі далучылася да нашай неўміручай жж-супольнасці і абяцала пісаць-пісаць, а маўчыць :).
Горшага дня для развіртуалізацыі цяжка было прыдумаць, бо я разлічвала сустрэць людзей па-чалавечы, а сястра разлічвала, што я дапамагу ёй гатаваць. Планы, як вядома, рэч смешная для таго, хто торгае за нітачкі нашага жыцця. Мы з Ягорам і Ксюшай усё ж дамовіліся сустрэцца, і я ўжо амаль выехала з дому для здзяйснення намеру, але планы, як вядома, рэч смешная для таго, хто...
У 12 гадзін дня сястра блізкім да істэрыкі голасам паведаміла, што згубіўся яе муж, які з раніцы паехаў на рыбалку і прапусціў 38 яе званкоў. З аднаго боку, я, ведаючы, што мужчынскай натуры ўласціва не надта замарочвацца на такія дробязі, як перазваніць жонцы, калі рыба бярэцца так, што дух забірае. З другога - спакойна глядзець на стан сястры я не магла. І ніякія мае довады, кшталту тэлефон стаіць на бязгучным рэжыме; ён згубіў тэлефон; ён захапіўся і не чуе - не дзейнічалі.
У выніку мы селі ў машыну і паехалі, па версіі маёй сястры, пад Рэчыцу шукаць труп у зарасніках чароту.
[чытаць і глядзець далей...]Сястра па дарозе лагічна заўважыла: "Знайду яго - заб'ю" :). Праз гадзіну "труп" сам выйшаў да станцыі цягніка і ледзьве не з'ехаў з глузду, убачыўшы сярод поля жонку. А вы кажаце, руская жанчына "каня на скаку..." Наша круцей, наша - "у балоце-чароце знайду!" Ды што там у балоце, з-пад зямлі дастане.
Карацей, з Ягорам і Ксюшай мы сустрэліся літаральна на некалькі гадзін. Будучы людзьмі прасунутымі, мае госці ўжо агледзелі не толькі цэнтр, але і парк "Фестывальны" (помніце, дзе файная алея з лавачкамі?). Там мы і сустрэліся. Як высветлілася, крэатыўных лавачак за перыяд маёй адсутнасці пабольшала. Скажам, дадалася лавачка для культурыстаў,
лавачка для сушкі бялізны Гулівера,
і лавачка-сыр.
Рэанімавалі, праўда, нейкімі дапатопнымі матэрыяламі, і лавачку, якая дзякуючы пастаўленаму на бок "зэт" рэгулярна станавілася прадметам досціпу мясцовай люмпэнізаванай моладзі.
Добра, што ў маіх гасцей нетрадыцыйныя інтарэсы. Давялося ім паказваць запушчаныя гомельскія дворыкі,
дзе за вамі - не разлічвайце на свабоду перасоўванняў - пільна сочаць адпаведныя ворганы.
Хаця іх усюдыіснасці не хапае на архітэктурныя помнікі. Верыце, што помнік ахоўваецца? Я веру. Пра шыльду ніхто не гаварыў, што яна ахоўваецца дзяржавай.
Увогуле, Ягор з Ксюшай - адчайныя людзі-авантурысты ў самым лепшым сэнсе гэтага слова. Я паслухала пра іх папярэднія прыгоды пры наведванні Гомеля, калі людзі, не замарочваючыся на камфортныя ўмовы, пераночылі ў парку, і ўсплакнула. Эх, дзе мае сямнаццаць лет... :) Ксюша была на абцасах, і гэта таксама аванцюра, і аванцюра цалкам у маім духу (помніце мяне на ковенскай брукаванцы? Ксюша, я Вас успамінала :). Дык вось. Ксюша нарэшце стамілася.
На гэтым этапе нашай экскурсіі да нас далучыўся яшчэ адзін блогер, хлопец з інтэлігентнай сям'і ў n-м пакаленні, - alarmout. Яго бабуля, між іншым, напісала манаграфію па беларускай дыялекталогіі.
Вывучэнне днішча-бараў у розных гарадах нашай неабсяжнай - таксама арыгінальнае захапленне нашых гасцей. Тут мы высвятляем, у які днішча-бар мы паспеем адправіцца за той кароткі абрэзак часу, што нам застаўся. Сорамна прызнацца, але я ўспомніла толькі адзін днішча-бар нашага горада. Я там двойчы на памінках была. Ежа не проста пластыкавая - пластылінавая, а пантоў мора: там, калісьці я расказвала, адмовіліся ўзяць маю дублёнку ў гардэроб, бо на ёй не было "вешалкі". І на ўсе мае довады, што гэта рэч для плечыкаў, гардэробшчыца павучальна-пагарджальна звысоку прамовіла: "Ручкі есть - прішейте".
alarmout таксама прызнаўся, што наведваў гэтую ўстанову. "Я там на памінках быў," - пераможна заявіў ён. Як, лічыце, павінна называцца гэтая гламурная ўстанова? Ніколі не адгадаеце шырыню палёту мясцовых асаў піару, іншымі словамі, піар-асаў.
Ну, і напрыканцы яшчэ адзін шэдэўр, які я раней чамусь не бачыла. Хто гэтая жывёла?
Падыміце рукі тыя, хто з першага разу сказаў, што гэта мядзведзь.
Развіталіся, трэба сказаць, душэўна. Спадзяюся, не апошні раз бачымся. Каторы раз пераконваюся, што жж - не фкантакце і фэйсбук нейкі. Тут у мяне ў сябрах сапраўды цікавыя людзі.