На Ільлю

Aug 02, 2008 22:49



Думаў, што вярнуся са Стайкаўскай крыніцы і напішу, як з’язджаліся да яе людзі з Вушаччыны, Полаччыны, Лепельшчыны, як багата было маладых з малымі дзеткамі, як сустракаліся і віншавалі адзін аднаго сваякі і даўнія знаёмыя… Многа хацеў напісаць, але ўдома сьвяточныя эмоцыі і ўзрушаньне паглынуў нейкі незразумелы водум, сплецены з лёгкага смутку, прадчуваньня раньняй восені і блізкіх навальнічных дажджоў.
Ёсьць багата фотаздымкаў, відэазапіс і шыкоўныя дыктафонныя нататкі, але ўваччу толькі твар старэнькай бабулі. У той час, як сьвянцілі крыніцу, калі сотні людзей цярпліва шыхтаваліся ў чэргі па сьвятую ваду, яна стаяла воддаль, у ценю і яе вочы казалі пра боскасьць куды больш, чым царкоўная служба. Яна глядзела на сьвяточную чалавечую мітусьню, а сама была па-за ёю, недзе там, куды трапіць, нават глынуўшы сьвянчонай вады, далёка ня кожны. Я хацеў быў дастаць дыктафона, каб запісаць чарговую порцыю палявога эксклюзіву, але нешта мяне стрымала. Проста хапіла яе вачэй, што бачылі, як па нашай зямлі ходзіць сівенькі Бог у даматканай кашулі…

Ільля, Вушаччына, сьвята, Стайкаўская крыніца, тутэйшасьць

Previous post Next post
Up