May 05, 2013 20:38
Я выдатна разумею сваё ўнутранае раздражненьне ў часе першай-другой-трэцяй... рыбалкі на адкрытай вадзе. Травень. Забарона. Лавіць можна адно зь берагу. А бераг - ня роўны. Балоцістая затока, хмызы, дрэвы ці высокі трысьнёг, што не падступіцца, вуду толкам не закінуць. Ці вецер дурны проста ў твар, а з падветранага боку такая ж самая карціна - хмызы, трысьнягі, балота... Тупа стаіш на больш-менш зручным пятачку і чакаеш, што рыба тупа падыйдзе менавіта сюды... І на гэты ж пятачок плішчацца яшчэ пара-тройка аматараў рыбалкі...
Але ты яшчэ выразна памятаеш зіму, калі азяро цалкам належала табе. Ідзеш па лёдзе, куды хочаш: на плёс, на перакаты ці бліжэй пад бераг. Вецер? Не праблема! Павярнуўся да яго задам у любой кропцы азяра... А можа ты прыгадаеш хоць адзін выпадак, калі твая зімовая вуда зачапілася за недарэчную вольху ці асіну на беразе? Зачэпы? Узімку аніводнага разу мая мармышка не чаплялася за розную прыдонную фігню. Чаму яна ў такой колькасьці з'яўляецца ў летні час і абрывае мае кручкі?
Калі туманным досьвіткам чырвонае пёрка твайго патанка торгаецца і кладзецца на цёмную дымчатую ваду, то раздражненьне, такое зразумелае і раскладзенае па палічках, некуды зьнікае, як і не было...
рыбалка,
зіма і лета