Рыбалка на Вялікдзень

May 05, 2013 15:56

Перадусім, усіх, хто сьвяткуе, віншую са сьвятам!
Вырашыў сустрэць сонца на азяры. Сёлета, праўда, яно ня йграла, але прыгажосьці задавала. Цішыня, вада, што люстэрка... Чапляю чарвяка на кручок, хвалююся...



Зрэшты, хваляваньне - гэта ўжо набыты інстынкт, бо розум ведае пра іншае: ніводнага разу першая летняя рыбалка пасьля зімовага сезону не была пасьпяховай. Сумна, але факт. Таму і азяро выбраў найперш з эстэтычных меркаваньняў.



Праз пару гадзін стала зразумела, што сумная заканамернасьць застаецца ў сіле. Ад самага рана і да 10 гадзін я не ўбачыў аніводнай паклёўкі. Затое ўбачыў нахабнага бабра. Пасьля таго, як гэтыя зьвяры выправілі ў засьвет няшчаснага палешука, бабры згубілі ўсялякі самакантроль і павагу да чалавека. Гэты мардаты монстр, што на фота, тройчы (!) рабіў колы ля маёй вуды і за кожным разам моцна шалёхаў хвастом, даючы нырца. Я быў падумаў, што бабёр хоча сьвінціць маю вуду, але абыйшлося...



Паколькі рыба не клявала, то мой сум прыняліся разганяць іншыя прадстаўнікі жывой прыроды. Адных вужоў, што грацыёзна выпісвалі віражы на вадзе, я налічыў тры штукі.



Нарэшце, недзе а палове на 11-ю, патанок рашуча таргануўся... Маё соннае царства было атакавана невялікім атрадам паласацікаў. Нажаль, тая атака цягнулася ня больш за паўгадзіны, пасьля чаго ізноў пачаўся панылы шціль. У палон узяў каля дзясятка акушкоў, але, па прычыне сваіх малых памераў і з нагоды Вялікадня, усе палонныя былі адпушчаны ў родную стыхію жывымі і здаровымі...
У якасьці бонуса я атрымаў выдатны, па-сапраўднаму сьвяточны настрой. Чаго і вам жадаю!

рыбалка, Вялікдзень, Полаччына

Previous post Next post
Up