Зброя

Jul 31, 2008 20:59


Русьлік і штык

Той верасень пераходзіў у кастрычнік вельмі мярзотна. Цяжкае, нізкае, цёмна-шэрае неба бясконца палівала раськіслую зямлю дажджамі. Бацькі па нейкай пільнай гаспадарчай патрэбе з’ехалі на вёску і я застаўся з сястрой, на якую быў ускладзены клопат пра маё харчаваньне і сваечасовы прыход у школу.

Дажджы троху аціхлі і наш фізрук са злавесным выглядам прышчапіў у холе здаравенную абвестку пра школьны крос. Школьніцтва заенчыла, заскавытала, але дырэктарка, а потым завучыха і класухі жорстка давялі значнасьць спартыўнай падзеі і, не шкадуючы змрочных фарбаў, намалявалі наступствы, што чакаюць за сабатаж.

У азначаны час наш 7-ы “Б” паныла прыпёрся на трасу - глухую дарогу ў змрочным восеньскім лесе, адразу за трамвайнымі лініямі. Зірнуўшы на бясконцую чараду лужынаў, сярод якіх мы мусілі станьчыць крос, хлапецкая палова майго класа пастанавіла фізкультурную акцыю байкатаваць. І калі фізрук Аркан даў адмашку чырвоным сьцяжком, мы, як і было дамоўлена, пайшлі да фінішу праменадным, нетаропкім крокам. За сьпінаю нешта гарлаў Аркан і яго памагатая Наталка, а нам было ўсё адно - апанавала нейкая шалёная сьмяшлівая радасьць, адчуваньне ўласнай сілы, калі напаслухмянасьць раптам ператвараецца ў салідарнасьць і арганізаваны адпор.

Зусім нечакана з нашай грамады вырваўся і пабег што было сілы Руслан Сабалеўскі. Мы зарагаталі - усім падалося, што Русьлік паказвае нам жарт-імітацыю, але, калі ён на ўсіх парах схаваўся за лясной павароткай, у паветры павісла разгубленая цішыня. Стала зразумела, што гэты шэры, непрыкметны малец, з якім у класе ніхто не сябраваў, папрост кінуў нас з усімі нашымі “жалезнымі” дамовамі, рукабіцьцем і братэрскімі абдымкамі. З атрада вясёлых, адчайных герояў мы раптам ператварыліся ў купу азлобленых і змрочных падлеткаў з матнымі пераборамі і агрэсіўным цвырканьнем сьліной скрозь зубы. Лёгкаатлетычны парыў аднакласьніка ператварыў наш арганізаваны супраціў у масавае блазнаваньне.

Размова была кароткай. У адказ на гістэрычнае віскатаньне здрайцы я лупануў яго проста ў вока. Русьлік упаў, завішчэў яшчэ гучней, хоць фізічна і ня быў уломкам. Біць яго больш ня сталі і ў змрочным настроі разбрыліся па дамах.

Ад вечара і да раніцы настрой стаў проста паганы. Не дапамог і трывожны сон з нейкімі жахамі. Яно так бывае - уключаецца дзесь унутры барометр-прадчуваньне, і нічым ты яго не падманеш. Ходзіш, круцішся, сядаеш, кладзешся, а ён усё адно паказвае стрэлкай на рыску “бура”. Ніколі ня хібіць той барометр. Прыйшоў я ў школу і не пасьпеў зайсьці ў клас, як перанялі мяне сябры з магільнымі тварамі: “У Русьліка сатрасеньне мозгу. Яго бацька сядзіць у дырэктрысы”. Я адчуў, як зьнік барометр, давёўшы мяне да рыскі.

Першы ўрок - алгебру - вяла ў нас акурат дырэктарка, то ісьці да яе ў кабінет не давялося. Яны ўвайшлі ўдваіх: Іраіда Іванаўна з ледзяным бляскам сваіх акуляраў і бацька Русьліка - мужык-шафа, але з такім няшчасным і скрушным выглядам, што можна было падумаць не толькі пра сатрасеньне, але і пра летальны зыход.

Далей пачаліся допыты і прасаваньне. У паветры настойліва круціліся словазлучэньні “інспекцыя па справах непаўналетніх” і “сьпецшкола для малалетніх злачынцаў”. А ўвечары вярнуліся зь вёскі бацькі…

Я падымаўся да кватэры Русьліка як на эшафот. Чатыры паверхі мае ногі адольвалі хвілін дваццаць. Маці праз сьлёзы залагодзіла справу са школай і бацькамі пацярпелага, але засталася адна рытуальная ўмова. Я мусіў прыйсьці да аднакласьніка і папрасіць прабачэньня. І гэтае патрабаваньне мяне курчыла і выломвала больш за ўсё. Па шчырым сваім перакананьні, віны за сабою я не адчуваў і быў абсалютна ўпэўнены, што зрабіў правільна, лупануўшы сцыкуна і здрадніка. Мама наладавала пакунак прысмакамі, купіла нават кветкі ( я да мальца пайду з кветкамі!) і яшчэ загадала, каб я падарыў штось ад сябе.

Тагачасныя маі захапленьні ўжо ўвайшлі ў мілітарную фазу і давялося доўга разважаць, седзячы над россыпам патронаў, пораху, вайсковых спражак, нямецкіх лыжак з арламі. Маім выбарам стаў штык. Рускі рабрысты штык да вінтоўкі Мосіна. Яго мне прынёс бацька з паляваньня і, хоць я не зьбіраў рускія ваенныя прычындалы, гэты штык чамусьці мне страшна спадабаўся. Ён цудоўна захаваўся, але жалеза стала матава-чорным і паблясквала засьцерагальна-папераджальна, як можа блішчэць толькі сапраўдная зброя.

Я сядзеў на зэдліку перад ложкам і нешта тупа мармытаў. Русьлік ухапіўся дзьвюмя рукамі за коўдру, адсунуўся да сьцяны і гэтак жа тупа маўчаў. Прысмакі ўжо былі выкладзены на стол, у нейкім стаўбунку красаваліся кветкі, а мае няўцямныя словы катастрафічна заканчваліся. Пайшлі дурацкія паўзы, за кожным разам усё большыя і я вырашыў, што трэба зрабіць галоўны падарунак, каб скончыць з усёй гэтай валтузьнёй і зваліць. Толькі, відаць, выхапіў я таго штыка з пакунка вельмі рашуча. І замест радасьці ўбачыў у вачах Русьліка жывёльны страх.

Гадоў праз дзесяць я саступіў яму былую аднакласьніцу. Добрая дзяўчына. Яна мела нейкія пачуцьці да мяне, уласную кватэру, багата медычнага сьпірытусу, бо працавала ў больніцы, і спадзяваньні на шлюб. Я кватэры ня меў і планаў на шлюб тым больш, але меў зь ёю фантастычны сэкс. Русьлік жа меў грашовую працу на “Нафтане” і нейкія пачуцьці да нашай аднакласьніцы. Ён прыходзіў да яе і прасіджаваў цэлымі вечарамі за кавай, за праглядам тэлевізара, за аповядамі пра вытворчасьць і рыбалку. Аднакласьніца - чалавек далікатны - яго не выганяла і цярпліва трывала, пакуль на парозе не з’яўляўся я, абвешаны размаітымі пляшкамі і смакоцьцямі. Русьлік моўчкі сыходзіў і пачыналіся спаборніцтвы па спартовай, а можа і мастацкай, гімнастыцы ў спалучэньні з перманентнай дэгустацыяй прынесенага.

Так працягвалася гады два, пакуль аднойчы аднакласьніца, запытальна гледзячы мне ў вочы, не сказала, што зьбіраецца пайсьці за Русьліка. Я далікатна павіншаваў і яна пакрыўдзілася. Потым папрасіла разьвітальнай пяшчоты і я не адмовіў.

На ганку яе пад’езда, пад месяцовым чэрвеньскім небам я запаліў цыгарэту і вельмі выразна ўзгадаў штык, падораны аднакласьніку. І мне стала адчайна шкада. Не дзяўчыны, да якой больш ніколі ня лягу ў ложак, не вясёлых вячорак, ад якіх трэсьліся сьцены яе кватэры. Мне стала страшна шкада чорна-матавага рабрыстага штыка - сваёй зброі, якую я самахоць аддаў у баязьлівыя і здрадлівыя рукі.

здрада

Previous post Next post
Up