Вясковыя сьвятыні 1

Aug 01, 2008 18:30



Сьвятое азяро
    Узьняўся разам з сонцам і паехаў да вясковых сьвятыняў. Ёсьць адзін дзівосны куток на Полаччыне, дзе на сем квадратных кіламетраў і пяць вёсак прыходзіцца дзьве сьвятыя крыніцы, сьвятое азяро ды шчэ крывіцкі курганны могільнік. Спачатку пайшоў да Сьвятога азяра, дзе, паводле мясцовага паданьня, стаяла царква, якую закляла нейкая баба, што спатыкнулася, сьпяшаючыся ў храм. Цэрква пайшла пад зямлю, а на яе месцы стала бяздоннае азяро. Толькі па вялікіх сьвятах, апоўдні чуваць, як гудуць у прадоньні царкоўныя званы. А яшчэ бачылі людзі на мастках цераз ручаіну, што выцякае са Сьвятога азяра белага прывіднага чалавека. З’яўляўся ён пасьля захаду сонца і нібыта чакаў чагосьці. Запозьненыя мінакі лякаліся і ўцякалі, што было сілаў. “Ат, дурні, - дзед Павал троху ведае пра тутэйшыя таямніцы, - не ўцякаць трэба было, а падыйсьці і кійком па ім лупануць. Ён бы золатам і рассыпаўся. Гэта ж грошы на масток выходзілі!”
    Ні рыбы, ні жаб няма ў тым азяры - адно вялікія чорныя жукі. Тутэйшыя мальцы спрабавалі запусьціць туды рыбу, але на раніцу плавалі тыя карасікі і акушкі пузам да неба. Нават купацца туды ніхто не хадзіў: “Ай, страшна! Яшчэ зацягне ў той вір бяздонны”.
    Азяро невялікае, амаль круглае ў плане і мае замест берагоў верхавое балота з папераджальнымі знакамі мёртвых дрэваў. Шырокая балоцістая паласа атачае ваду па ўсім перыметры, нібыта кантрольная, памежная зона, якая адасабляе прастору чалавечае мітусьні ад урачыстага спакою тагасьвету. Птушкі там не пяюць і пануе нязвыклая для лесу цішыня. Скураю адчуваеш магічную адметнасьць месца. А вока, між тым, чапляецца за россыпы дурніцаў, брусьніцаў, нявысьпелых журавінаў. Ягад дужа шмат і гэта таксама зьдзіўляе, бо да вёскі ня больш за кіламетр. Сфатаграфаваўшы азяро і напхаўшыся вітамінамі зь яго берагоў, я пачаў выбірацца на дарогу. Але, як толькі я ступіў на асфальт, адбылася цудоўная праява. Не да месца яна была, не да часу. Зьніякавеў я з такога цуду, але ў сьвятасьць азяра паверыў яшчэ больш.
    Надарыцца магчымасьць і я раскажу пра цуд Сьвятога азяра ў вузкай мужчынскай кампаніі. Для камрадаў ЖЖ яшчэ напішу пра сьвятыя крыніцы. Калі будзе цікавасьць у вас і жаданьне ў мяне.

вясковыя сьвятыні, Полаччына, Сьвятое азяро

Previous post Next post
Up