Пан Лес

Aug 01, 2020 15:14




Сёньня са шчырым задавальненьнем пратопаў па лесе 17 км. І вось дзіўная рэч: лес кіламетраў ня лічыць, у адрозьненьне ад дарогі. Крок лёгкі, на кіламетраж не кладзецца, толькі калі ўжо загудуць ногі, падумаеш, што пятнашку па лесе накруціў))




Паціху пачынаюць падцягвацца элітныя грыбы, пакуль адзінкава, але ўсё адно прыемна.



Хоць і бярэш з сабой ваду, але перавагу аддаеш вітамінкам. Набіраеш прыгаршчу і паглынаеш смачную дозу, заплюшчыўшы вочы ад задавальненьня ))



Вядома, не абмінеш і золата беларускіх гушчароў. Ліскі - грыб надзвычай пазітыўны, найперш колерам. Але таксама і тым, што ніякае гадаўё гэтыя грыбы ня точыць



Лясное паветра, шпацыр ад рана і чарнічкі-вітамінкі няслаба стымулююць апетыт, скажу я табе. І на гэты выпадак у пляцаку заўсёды знойдзецца троху сала, памідорына ды луста чорнага хлеба ))



А як пад'еў, то брыдзеш сабе зусім нясьпешна, па дарозе знаёмішся з мясцовымі жыхарамі. У дзяцінстве мядзянка выклікала прымхлівы жах, як самая лютая зьмяя ў тутэйшых краях. Насамрэч, мілае і бяскрыўднае стварэньне.



Чаго толькі ў лесе ня знайдзеш... Здаецца, што лес, па якім ходзіш, ёсьць вечным і на гэтым самым месцы - спакон веку. А тут раптам - бац! - курганы ХІ стагодзьдзя. Недзе побач жылі людзі тысячу гадоў таму, хавалі сваіх, спраўлялі рытуал, курган насыпалі...



Гэты слаўны грыб таксама зь ніякім іншым ня зблытаеш. Толькі пачынаюцца...



Вядро з грыбамі за плячыма, пасудзіна з чарніцамі - тамсама, пастаяў, перавёў дых на беразе ляснога азяра і ў стане лёгкай нірваны папраставаў дадому...

лес, ягады, грыбы, Полаччына

Previous post Next post
Up