Пасядзеў троху на азяры, паглядзеў, як таньчыць паплавок ад паклёвак. Падумалася вось што. Лес і азёры гэта ня толькі неад'емныя элементы культурнага ландшафту Паўночнай Беларусі, але і важкія чыньнікі ментальнасьці тутэйшых людзей. Дагэтуль памятаю бабулю з Бешанковіччыны, што прызналася ў "лясной балезьні". Калі доўга не бывае ў лесе, то рэальна смуткуе і нядужае. Пра азёры і казаць няма чаго. Апошняй зімой, калі лёд так і ня стаў, тутэйшыя мужыкі нема тупалі капытамі і крылі, як маглі, глабальнае пацяпленьне. А летам расклады напалам: у аўтобус, што прастуе на Вушацка-Полацкае Паазер'е, у аднолькавых прапорцыях набіваюцца людзі зь вёдрамі ды кошыкамі і суворыя мужчыны з вудамі наперавес.