Лес размаўляе з дажджом

Jul 29, 2020 11:08





Яшчэ не было сямі раніцы, як я прывітаўся зь лесам ды паклаў цукерку на пянёк. Такі парадак, калі прыходзіш на госьці да сябра.
А далей пачаўся нікім не абяцаны дождж. Лётні, цёплы, але ж такі прабіўны і шчыры. Дождж у лесе - гэта не гарадскія бурбалкі на асфальтавых лужынах. У лесе ты бачыш, як лятуць бясконцыя кроплі, але немагчыма заўважыць, куды яны зьнікаюць. Мох, ігліца, ягаднікі, дрэвы і падлесак, уся лясная існасьць прагна ўвабірае ў сябе нябесную вільгаць, а ты толькі чуеш ціхае шапаценьне, як тое бывае паміж каханкамі. Дождж напатольвае лес сілаю, а самае галоўнае - прыгажосьцю, калі нават брусьнічнік пачынае выглядаць сьвяточна, як быццам прыйшоў лясны Вялікдзень. Дождж прыбірае ўсіх звонкіх і кусучых монстраў, кшталту камароў ды сьляпнёў з аваднямі, каб ты пачуў яго размову зь лесам, бо там ёсьць і пра цябе, не сумнявайся. Чытаць лес, разумець лес і слухаць яго навучыў мяне бацька, і гэта быў вялікі і шчодры падарунак з ягонага боку, які ўсё жыцьцё нашу з сабою. Што да грыбоў і ягад, то тут пераймацца ня сьлед - лес ніколі не адпусьціць пустым паважлівага госьця. Так яно было і на гэты раз, калі праз паўтары гадзіны выйшаў з лесу з паўнюткім вядром лісак. Мокры да ніткі, але радасны неверагодна, бо сёньня слухаў, як лес размаўляе з дажджом.

лес, грыбы, дождж, бацька

Previous post Next post
Up