Сустрэча з марай

May 08, 2016 19:45




Сёньняшняе сонца выкінула фартэль і, замест абяцанай дваццаткі цяпла, лупанула +29. Самая Поўнач Беларусі, 8 траўня, і такая сьпёка, што запланаваны лёгкі шпацыр ператварыўся ў цяжкую дарогу выпрабаваньняў. Вялікая бутэлька мінералкі скончылася неяк непрыкметна, а на пустым хутары, дзе галёкаў адно сабака, у калодзежы не было вядра. Ясная справа, што мужчынам ныць і жаліцца на сьпёку не выпадае, бо заўжды можна перавесьці мозак з алярмічнай тэматыкі на думкі больш прыемныя, хай сабе ў лясных гушчарах і ня вельмі рэальныя. Ідэальны вобраз, мара, маячок на няпростым шляху з'явіўся ў галаве ўжо пасьля абеду, калі шквар стаў проста невыносным. Прыгожая карцінка, што раз-пораз вельмі рэалістычна мільгацела ва ўяўленьні, змушала змабілізаваць усе наяўныя сілы і ісьці да перамогі бадзёрым маршам.
Прахалода, колеравая гармонія, спакой, нетаропкасьць, асалода - асацыятыўны шэраг быў надзвычай пазітыўны. Ідэальны вобраз знаходзіў жывыя і ўдзячыныя водгукі ў маёй памяці, дзе, канешне ж, не захавалася ні дакладных дзён, ні гадоў, калі я меў шчасьце знаёміцца зь ім у звычайным будзённым жыцьці. І тых знаёмстваў была незьлічоная колькасьць, але кожнае зь іх, як упершыню...
Гарачыня плавіла паветра і ўвечары, калі падыходзіў да свайго дому. Можа, да лепшага, бо гэтая мара праўдзіць і прыносіць шчырае задавальненьне толькі ў сьпякоту. Зімою яна сьпіць, і ніколі не хвалюе ўяўленьне. Пасьля прахалоднага душу я быў цалкам гатовы да радаснага спатканьня, і прадчуваньне цуду мяне не падманула. На кухонным стале чакала вялікая талерка бураковага халадніку. Яйка, сьмятана, багата зялёнай цыбулі і кропу. Сьвежы чорны хлеб з кменам...
Багі, якое шчасьце, што вы ёсьць! 

кухня, традыцыя, падарожнае, сьпёка

Previous post Next post
Up