Жаба, жабка, жабця...

Mar 06, 2016 20:51




У пскоўскім музэі ёсьць шыкоўная калекцыя вышываных ручнікоў.  Але ўвагу прыцягнула адна кампазіцыя з незразумелымі істотамі. "Жабы" - падумалася мне наўскідку. "Лягушкі" - пацьвердзіла музэйная супрацоўніца і стала нешта распавядаць пра жабцяў як сімвал дабрабыту і ўсякага-рознага-добрага.
Прызадумаўся. З аднаго боку, жаба - істота хтанічная, адна з іпастасяў ведзьмы-малочніцы, увасабленьне хваробы, дзе народнае "грудная жаба" адпавядае класічнай сценакардыі, а яшчэ дзічы возьмуцца на рукі, калі патрымаеш жабу-рапуху (чуў такое ў дзяцінстве?). Ну і метафару "жаба душыць", мяркую, усе чулі.))
З другога боку, у казках жаба ператвараецца ў каралеўну-прыгажуню, якая становіцца жонкаю героя і дапамагае яму ў розных крытычных сітуацыях (такія метамарфозы здараюцца і ў жыцьці, але, як правіла, у зваротнай пасьлядоўнасьці). У міфапаэтычнай карціне сьвету з жабай сімвалічным чынам атаясамліваецца жаночая матка, і парадзіха як такая. Адсюль, жаба ўвасабляе сэксуальную (жаночую) энэргію, што, у сваю чаргу, стала грунтам актыўнага выкарыстаньня жабаў у любоўнай магіі. Акрамя таго, жабаў саджалі ў малако, каб тое не ськісала. А хіба нешта дрэннае ў малако з-пад сваёй рагулі пасадзіш?
Вось такая намалявалася амбівалентнасьць каля таго ручніка. Пры гэтым падумаў, што назваць жанчыну "жабай" пры ўсім магчымым фальклёрным пазітыве, неяк яно няправільна. Ну, хіба што вельмі крутую каралеўну, і тое - толькі "жабкай"))

фальклёр, жаба, міфалогія

Previous post Next post
Up