Бывай, лёд!

Mar 11, 2015 18:02




Яшчэ ўчора бачыў на прыпынку мужыкоў з рыбацкімі скрынкамі ды лёдабурамі. Але сёньня такое ўявіць немагчыма. Нават самыя адчайныя фанаты зімовай рыбалкі, выклінаючы хуткую вясну, закладаюць сваю "зброю" на антрэсолі.
Шмат разоў даводзілася лавіць па "апошнім лёдзе". Рыба бярэцца вельмі добра, але ўсе думкі твае пра тое, каб выбрацца на бераг. Раніцай можаш выйсьці на азяро па нібыта трывалым лёдзе, а па абедзе ўбачыш паласу прыбярэжнай вады, метра два -тры шырынёю. Тае бяды, можна і па грудзі ў вадзе выпаўзьці на бераг, бо небясьпека "апошняга лёду" ў іншым. Ён можа быць таўшчынёю ледзьве не ў метр, але гэта падманка. Першы лёд заўсёды папярэдзіць трэскам, апошні, рыхлы, быццам каша, расхінецца пад табою моўчкі. І выбрацца неверагодна цяжка - краі палонкі крышацца пад тваімі рукамі - зачапіцца і выкуліцца з вады зможа далёка ня кожны. Я не акунаюся на Вадохрышча, але лядовае вадасьцяце меў не раз. Болей ня хочацца.
І ўсё ж, я вельмі ўдзячны лёду крыўскіх азёраў за шчырую радасьць, што яны мне дарылі. За сумоўе ў поўнай цішыні, за суладдзе з Сусьветам і самім сабой, бо нават будыйскі манах у параўнаньні з тутэйшым рыбаком - проста дзівак.
Бывай, лёд! І да сустрэчы!

лёд

Previous post Next post
Up