Вайна. Свае і чужыя.

Jul 15, 2014 21:46




Вайна, яна розная, яна ўсякая, і для кожнай вёскі свая. Вайна мае сотні вымярэньняў і адценьняў, выліваецца ў аповядах вясковых людзей сьлязьмі, болем, але і радасьцю, што выжылі, ацалелі. Толькі вось ідэалагічнага шалупіньня і звону юбілейных медалёў у гэтых аповядах не пачуеш. Усё па праўдзе, усё, як было...
Вайна абсалютна прадметна і выяўна абвастрае антыномію "свой" - "чужы". Парадаксальным чынам "свой" можа апынуцца мярзотнікам, а "чужы" - добрым чалавекам. Для бешанковіцкіх бабуль, што перажылі акупацыю, вайна сталася вар'яцкім калейдаскопам, у якім давялося паглядзець на безьліч чужынцаў рознага гатунку.
Звычайна, вядзецца пра тры асноўныя партыі: немцаў і К (паліцаяў тутэйшых, а таксама латышоў, літоўцаў, рускіх "народнікаў" і іншую набрыдзь)партызанаў і мясцовых людзей, што засталіся пад вясковымі стрэхамі ў надзеі выжыць у гэтым страхоцьці.Толькі вось Бешанковіччына ў гэтым сэнсе ўразіла неверагоднай этнічнай стракатасьцю дзеючых асоб.
Але па парадку.
Немцы. На шчасьце для тутэйшых, справу яны мелі пераважна з франтавымі часткамі, што стаялі па вёсках нядоўга, вызначаліся парадкам і дысцыплінай. "Немцы былі добрыя" - гэта можа і гучыць кашчунна, але гэты выраз запісаў у Соржыцы, Астроўне, Сініцах і Малых Паўлавічах. Толькі б я не раіў разумець гэтую дабрыню абсалютна. Акупант стае добрым, калі ён не страляе і ня паліць жыўцом. Пра любоў да немцаў і не вядзецца. Бо грэшная такая любоў: "Была адна, зь немцам любілася і мальчыка нарадзіла. Дык узяла і задавіла таго мальчыка. Гэта ж стыд які быў! А тады ў яе і мужык быў задавіўся, і сын задавіўся. Во так!"
Паліцаі. "Свае чужыя" - катэгорыя заўсёды супярэчлівая, але ў ацэнках вяскоўцаў, куды горшая за прыродных гансаў ды фрыцаў. Калі твой учорашні сусед зьдзякаецца і рабуе цябе са зброяй у руках - такое не забываецца. Градус непаразуменьня і нянавісьці  да паліцаяў, часам, проста зашкальвае і прарастае актуальнымі гісторыямі. Калі бабуля раптам пераскочыла з ваеннай тэмы на перыядычную патраву свайго гароду суседскім канём, я недаўменна папытаўся пры чым тут вясковы паліцай, пра якога вялося перад гэтым. "Дык гэта ж  дачка яго і ўнук! Паліцайскае атродзьдзе! Гэта ж перадаецца ў пакаленьні" - пераканана давяла мне жанчына.
Рускія "Народнікі" у аповядах тутэйшых фігуруюць як выключныя злодзеі і рабаўнікі. Выносілі з хат усё чыста, нават жаночае адзеньне і посьцілкі з ручнікамі. Пярэчыць і лямантаваць было бессэнсоўна - зьбівалі на горкі яблык.  "І гаварылі ж па-руску!" - гэтая ўзгадка заўсёды гучыць, як праява колішняга шоку ад таго, што чалавек, зь якім ты можаш паразумецца на словах, на справе можа аказацца апошняй свалатой.
Украінцы. Пра іх узгадвалі мала, бо былі ў гэтых краях няшмат, але пазначалі, што "адзяваліся красіва, акуратна". казакі, адным словам.
Румыны. Гэта былі абсалютна экзатычныя персанажы для тубыльцаў. Запомніліся бруднымі, вечна галоднымі, дзеля чаго павылавілі і сажралі ў вёсцы ўсіх катоў.
"Чэхаславякі". Пра іх пачуў толькі дзьве гісторыі, але абсалютна пазітыўныя. Соржыцкая бабуля тройчы ўцякала з-пад Віцебску, дзе мясцовых змушалі рыць нямецкія акопы. Двойчы яе знаходзілі паліцаі і вярталі на катаргу. А на трэці раз прыехаў "чэхаславяк". Маці галасіла, тады пачаставала "чэхаславяка" курыцай і той напісаў нейкую ліпавую паперку, што дзеўка рые акопы недзе паблізу роднай вёскі. Другі "чэхаславяк" кватэраваў у хаце, выдатна разумеў па-тутэйшаму  і, як мог, пакормліваў сям'ю: "Вось табе, мамка, мука. Ты напячы бліны, а я яшчэ мёду прынясу".
Італьянцы. Былі, як кажуць людзі, вясёлымі і жартаўлівымі, частавалі дзяцей цукеркамі (зваліся "бон-бон"). Але зьніклі з тых краёў вельмі хутка.
Партызаны. Шмат было зь ліку тутэйшых, але ставала і "пленьнікаў", што паўцякалі з нямецкіх лагероў.Адсутнасьць вялікіх лясных масіваў у гэтай частцы раёну, аб'ектыўна паўплывала на інтэнсіўнасьць партызанскага руху. У сваю чаргу, пра карныя экспедыцыі немцаў я таксама не пачуў. Бабуля з Соржыцы, доўга расказвала пра моладзь, што пайшла зь вёскі да партызанаў, але ў адказ на пытаньне, як тыя ладзілі зь мясцовым насельніцтвам, гукнула коратка: "Грабілі!". Праўда, яна тутака ж дадала, што крыўды на іх не мае: "А што ж ім там есьці было, у лесе?"

Несправядліва было б не ўзгадаць пра жыдоў з Бешанковічаў, Астроўна і іншых мястэчак, што былі вынішчаны ў часе акупацыі практычна цалкам. І хоць гэта асобная гісторыя, мне чамусьці здаецца, штопомнік аднавяскоўцам, якія загінулі ў вайне, можна было б паставіць у іншым месцы, чым на здратаваных жыдоўскіх могілках.

поле 2014, свае, вайна, чужыя

Previous post Next post
Up