Sacrum

Jul 16, 2014 11:52




З 1992 г., калі ўпершыню трапіў у этнаграфічную экспедыцыю, не магу прыпомніць ніводнага раёна Віцебшчыны, каб там не было сьвятых крыніц ці культавых камянёў, сьвятых азёр дрэваў ці "царкавішчаў", дзе калісьці, у пракаветныя часы пайшоў пад зямлю храм разам зь людзьмі. "Вясковыя сьвятыні" ня ёсьць кананічнымі, як таго патрабуе царква, яны для тутэйшых людзей заўсёды былі рэальным сьведчаньнем таго, што зямля, на якой яны жывуць, - сьвятая па вызначэньні і ўзьнікла не з прыхамаці людзей, але воляю багоў, калі яшчэ сьвет толькі зачынаўся.
Сьвятая крыніца ці камень - знакі, даваныя небам на тое, што чалавек жыве ў цэнтры Сусьвету, дзе пануе парадак і гармонія, а розныя бядоты можна выправіць уласным абраканьнем ці ахвяраю.
Pro aris et focis (За алтары і печышчы) - гукалі ў свой час рымляне. І мелі рацыю, бо калі змагацца, то за свой дом і сьвятыню каля яго.
Знаёмства з вясковымі сьвятынямі паўднёва-ўсходняй Бешанковіччыны пакінула супярэчлівае ўражаньне. Ставала зьвестак пра "сьвятыя калодзежы" і крыніцы, царкавішчы і сьвятыя азёры, але, у шэрагу выпадкаў, было цяжка пазбавіцца адчуваньня, што бачыш тыя сьвятыні ў апошні раз. Бяспамяцтва, забыцьцё, сайдынгавая сьвядомасьць, калі сапраўднае зь лёгкасьцю мяняецца на фальшаваную падробку, пляжаць наш унікальны культурны ландшафт са страшнай сілаю.

У колішнім мястэчку Астроўна цяжка не заўважыць Сьвяты калодзеж на беразе азяра. Каля асфальту, на пляжы, побач - прыбіральня і пераапраналка... Зручна! Плёскаюцца вясёлыя купальшчыкі, кумпаніі пацягваюць півасік, а то і гарэліцу, а запіць можна і сьвятой вадой. Смутнае непрыняцьце гэтай "сьвятыні" пацьвердзілася, калі стаў гаварыць са старажыламі. "Сьвяты калодзеж" апынуўся наватворам. Больш за тое, быў пастаўлены на месцы колішніх жыдоўскіх лазьняў! "Там жыды мыліся, а нам цяпер там ваду браць?!" - абуралася бабуля. А між тым, сапраўдныя сьвятыні ля мястэчка ёсьць. Аказалася, што зусім побач ёсьць даўні сьвяты калодзеж і камень-сьледавік, дзе "ступіў Ісус Хрыстос". Калісьці да сьвятыні хадзілі людзі, ахвяравалі грошы, а ў часе засухі туды выпраўляўся хросны ход і адбывалася богамаленьне.



Каб не дапамога мясцовага дзядзькі і яго "УАЗіка", то шукаў бы я той камень і калодзеж некалькі дзён. Хмызы, трава па пояс - месца выглядала дзікім, закінутым, але сапраўдным, сьвятым, намоленым.  Калісьці Мірча Эліадэ трапна зазначыў, што людзі не вольныя ў выбары сьвятога месца, бо ім дадзена толькі знайсьці яго, расчытаўшы адпаведныя знакі. Бог хадзіў па зямлі, калі камяні яшчэ расьлі і былі цёплымі. Пакінуў свой сьлед не ў чужой і далёкай Палестыне, але тут, побач...



Сьвяты калодзеж, каля самага сьледавіка выглядаў на простую яміну ў зямлі. Але чамусьці падумалася, што праз некаторы час людзі вернуцца сюды, бо сапраўдную сілу і чысьціню не заменіш студняй на месцы колішніх жыдоўскіх лазьняў.

(працяг будзе)

поле 2014, sacrum

Previous post Next post
Up