Чым бліжэй да пенсіі, тым менш хочацца пытацца ў экспедыцыях пра рознага кшталту "фішкі": дамавікоў з русалкамі, цмокаў з лесавікамі... Можа таму, што пра ўсё гэта я магу расказаць у разы больш, чым сярэднестатыстычная вясковая бабуля? Канешне, бываюць прыемныя выключэньні, але...
Хочацца гаварыць з людзьмі пра рэчы простыя, жыцьцёвыя, зразумелыя: хлеб, дом, бацькі, дзеці, суседзі. Вялікодную ці купальскую песьню сьпяваюць, нібыта пераказваюць рытуальную формулу. Яе важна запомніць і ўзнавіць слова ў слова, а вось эмоцый пры гэтым мала, бо формула засталася, а валачобнікі ўжо даўна не ходзяць. Калі ж гаворка заходзіць пра дом, сядзібу, сад, гарод, адразу адчуваеш, як у голасе бабулі з'яўляецца жывое цяпло і непадробная эмацыйнасьць. Дом, як пупавіна, што злучыла чалавека з Космасам, як абярэг і бясконцая мара пра лепшае жыцьцё.
У мястэчку Астроўна, што на Бешанковіччыне, разглядаў зграбны і дыхтоўны дамок, пабудаваны за нядаўнім часам. Запытаўся ў мясцовай жанчыны:
- Дачнікі? З Масквы, Віцебску ці Мінску?
- Не, - адказала тая з гонарам у голасе, - Міша Лебядзь пастроіў. Ён месны, а ўсё мячтаў, усё мячтаў пра красівы дом. Ездзіў у Маскву, грошай заробіў і пастроіў. Я прыгадаў шматлікія аповяды пра землякоў, што ў міжваенны час ехалі на заробкі ў Штаты, францускі Эльзас, Эстонію, Латвію... Ехалі, каб заробіць грошай, вярнуцца і пабудаваць "красівы дом" у сябе на Бацькаўшчыне. Дом як Радзіма, Радзіма як дом. Гэта важна, гэта і ёсьць беларуская нацыянальная ідэя, якую дагэтуль ніяк не могуць намацаць і агучыць.
Пра гарадскую кватэру ў вясковай хаце ня думаецца. Прыстасаваньне для жыцьця. Не больш.
"Як у цюрме!" - коратка ахарактарызавала бабуля сваё гасьцяваньне ў гарадской кватэры дзяцей.
"У сваёй хаце кожны кут з табой гаворыць." - Прывяла самы важкі аргумент другая жанчына, калі завялося пра гарадскія выгоды. Я паспрабаваў падставіць у пачутае выслоўе "кватэру" і зразумеў, што гучала б гэта абсурдна. куты ў гарадской кватэры моўкныя, што мёртвы бетон. А ўжо "бацькоўскі дом" і "бацькоўскую кватэру" параўноўваць увогуле не выпадае.
"Калі жонку ўнука першы везлі тут, па дзярэўні, я яе спыталася: "Скажы мне, якая ў дзярэўні самая красівая хата?". Едзем, а яна ўсё маўчыць. А тады, як ужо пад'ехалі, гаворыць: "Вось, бабушка, самая красівая хата!". Мая хата!" - вочы бабулі ажно зьзялі ад шчырай радасьці і гонару за свой дагледжаны дом, прыгожы кветнік пад вокнамі, гарод, сад, парадак, жыцьцё, сусьвет...
Дзіўная рэч: я нарадзіўся ў горадзе і вырас у кватэры звычайнай "хрушчоўкі", але дабыць век хочацца ў хаце, дзе б і паклалі на кут, які з табой гаворыць нават тады, калі ўсе астатнія маўчаць.