Свая вёска
Наколькі памятаю, практычна кожны аднакласьнік у маёй наваполацкай школе меў "сваю вёску" у адным з бліжэйшых раёнаў. Нягледзячы на статус "усесаюзнай камсамольскай будоўлі" і агітку пра тое, што горад стварылі прадстаўнікі ўсіх нацыянальнасьцяў СССР, Наваполацк са сваімі заводамі паўстаў найперш працаю тутэйшай, учоры яшчэ вясковай, моладзі. Дрысеншчына, Полаччына, Расоншчына, Вушаччына, Лепельшчына, Мёршчына... Геаграфія "сваіх вёсак" дакладна пазначала геаграфію радаводаў і зоны летняга адпачынку для ўжо гарадскіх унукаў. Сваёй вёскі ня мелі хіба толькі Эдзік Шамалаў і Толік Раздуеў, але тут усё і з прозьвішчаў ясна. Дзіўна, але наколькі мы любілі цягацца ў госьці па гарадскіх кватэрах, настолькі ж было непрынята запрашаць да сябе ў вёску. Рropriété privée. У прасторы, часе, ва ўласных адчуваньнях і эмоцыях. Лес, азяро, рыбалка і грыбы-ягады. А бабуліны бліны! Ёсьць рэчы, якімі дзяліцца ня хочацца.
Ты шлёпаеш басанож па пыльнай летняй вуліцы, вітаешся з бабай Зінай, бабай Нінай, Косьцяй Воранам. Яны вітаюцца з табой, нешта пытаюцца пра бабулю Ксеню. Чужых і незнаёмых у тваёй вёсцы няма. Кладзешся спаць нязвыкла рана, замест калыханкі штовечар просіш расказаць пра вайну. Недзе пасярод гісторыі пра тое, як немцы ў 1941-м прыехалі ў вёску на роварах, правальваешся ў вір глыбока сону, дзе не бачыш ані.
У горад вяртаешся чорным ад загару. І які там Крым параўнаецца з учэпістым тутэйшым сонцам! Падужаў і падрос. І маці канстатуе, што для школы трэба новы абутак. Ляціш на вуліцу, дзе ўжо снойдаюцца твае дваравыя сябрукі. Ты прагнеш хутчэй падзяліцца прыгодамі, што меў у сваёй вёсцы. Але ж такія намеры маюць і сябрукі. Гукаем наперабой, у спрэчках да хрыпаты, бо твая вёска - самая-самая, і быць такога не можа, каб недзе было лепш, каб ягаднік гусьцейшы, баравікоў болей і рыба лепей клявала. Бабуліны бліны нават не абмяркоўваюцца.
Мой сын, нажаль, ужо не мае "сваёй вёскі". Дзед Іван і Мацьвей, бабуля Марыя і Ксеня знайшлі вечны супакой, а без іх так цяжка пазнаць сваё і быць пазнаным як "свой". Вёска зьнікае за павароткай, машына спыняецца ля сьветлага бярозавага гаю пры самай дарозе. Ціха заходзіш на свае могілкі, вітаешся...