Брыду нетаропка...

Jan 02, 2013 16:32

     Да апошняга не збіраўся падводзіць вынікі, да таго ж яшчэ ў апошні дзень года дарабляў працу, але ўрэшце падумаў, што нават для сябе карысна ўпарадкаваць зробленае ці не зробленае.
     У 2012 былі большыя ці меншыя справы, да якіх прыклаў руку.
     Фактычна фінішаваў праект, падтрыманы Вышаградскім фондам: пераклад і выданне кніг польскіх, чэшскіх, славацкіх, вугорскіх аўтараў; семінары і стажыроўкі ў адпаведных краінах. Быў куратарам т. зв. белетрыстычнай часткі. Не ўсё было гладка, не ўсе кнігі яшчэ выйшлі, але застаецца ўжо не так шмат: давыдаць рэшту і ў студзені-лютым - пры спрыяльных умовах - правесці прэзентацыі.
     Таксама завершаны фестываль "by.BY" у Брне. Быў адным з яго арганізатараў, а заадно перакладчыкам драматургічных тэкстаў Алеся Асташонка на чэшскую. Увогуле ў рамках фестывалю адбылося шэсць сцэнічных чытак п'есаў беларускіх аўтараў, дзве фотавыставы (Каці Межавец і "Belarus Press Photo 2012), кінапаказ з дыскусіяй, некалькі канцэртаў (у т. л. Вайцюшкевіча), урэшце, кампанія па інфармаванні чэшскай публікі аб сітуацыі ў Беларусі і па вызваленні беларускіх вязняў сумлення.
     Пад канец года таксама адбылася драматургічная падзея - сцэнічнае чытанне ў хатцы Свабоднага тэатра дзіцячай казкі "Праляцець праз вясёлку", напісанай чэхам Шымонам Алівеціным паводле тэкстаў Андрэя Саннікава і перакладзенай мною на беларускую.
     На беларускую пераклаў і яшчэ адну дзіцячую кніжку - "Шмыгуся на нябёсах" Івы Прахазкавай, - але пакуль не ўдалося здабыць правы на яе публікацыю. Затое ў "дзіцячым нумары" "ПрайдзіСвета" апублікаваны іншы дзіцячы твор, які праляжаў у мяне мёртвым грузам гадоў восем, - "Мах і Шэбестава ў школе" Мілаша Мацоўрака. Увогуле, з "ПрайдзіСветам" сёлета працягнулася плённае супрацоўніцтва: таксама на пачатку года ў "дэтэктыўным нумары" пабачыла свет "Забойства ў Жлуктаве" славацкай аўтаркі Даніэлы Капітанявай; прыблізна тады ж з вялікай падтрымкай гэтага ўлюбёнага інтэрнэт-рэсурсу ўдалося правесці конкурс перакладу "Ператвор"; вялікі зборнік па выніках конкурсу рыхтую да выдання. Апроч таго, "журыў" прэмію "ПрайдзіСвета".
     З перакладаў была яшчэ публікацыя "Рускага" Максіма Гарэцкага па-чэшску. Часопісу "Host" сасватаў Альгерда Бахарэвіча, які цягам паўгода штомесяц пастаўляў ім па эсэ, а я тыя эсэ, адпаведна, штомесяц сумленна перакладаў. Яшчэ давёў да ладу пераклады трох кніг, распачатыя даўней, але самі кнігі пакуль не выйшлі - чакаю іх на пачатку 2013-га. Больш, чым уласна перакладамі, займаўся рэдагаваннем чужых тэкстаў.
     У брненскім і пражскім універсітэтах, з пераменным поспехам, адвёў пару невялікіх беларусазнаўчых курсаў, у другім семестры працягваю яшчэ беларускую мову ў Празе.
     З розных нагодаў некалькі разоў з'яўляўся на адной чэшскай і дзвюх беларускіх радыёстанцыях, тройчы на чэшскім тэлебачанні + раз у якасці сінхраніста. Надалей такое хацелася б практыкаваць мінімальна, бо падобныя медыі ўсё ж не для мяне. Некалькі разоў удзельнічаў у дыскусіях, сёе-тое мадэраваў, каментаваў, але на ўзроўні досыць аматарскім.
     Найбольш часу правёў у Брне, ягоных ваколіцах, шырэй - у Чэшскай Рэспубліцы (у т. л. у Празе), два месяцы - у Беларусі (пераважна ў Мінску), два з паловай тыдні - у Босніі (перадусім у Сараеве), амаль два тыдні - ва Украіне (Сумы, трохі Кіеў), дзён восем - у Вугоршчыне (галоўным чынам Будапешт), дзён пяць у Бельгіі (Фламандыя і Брусэль), столькі ж у Харватыі (Дуброўнік, Спліт, Заграб), пару дробных паездак - у Вену і Браціславу.
     Кніжак начытаў досыць, добрых і не вельмі, на розных мовах. Першай кніжкай у 2012-м была "U potpalublju" Уладзіміра Арсеніевіча ў цягніках Бялград-Будапешт-Варшава-Мінск, а апошнімі - "Я абслугоўваў ангельскага караля" Багуміла Грабала і яшчэ не скончаная "Piata loď" Монікі Кампанікавай.
     Прымалі шмат гасцей, адведалі таксама нямала. Маглі б больш. Дакараю сябе, што мог бы быць больш уважлівым да сяброў - старых і дарагіх, а таксама мог бы больш бачыцца з дачкой.
     Вось тое, што змог прыгадаць з лёту. Але галоўныя радасці і перажыванні - занадта інтымныя. Іх я ЖЖ не даверу.
     Год толькі-толькі пачынаецца. Нашае са stranya галоўнае пажаданне на яго - ніжэй. Будзьце здаровыя.


пераклады, сям'я, літаратура, падарожжы, падзеі, сябры, жытка

Previous post Next post
Up