У суботу з сябрам на ягонай "OPEL OMEGA" вырашылі скатацца ў Польшчу, у Бяла-Падляску і Тэрэспаль. У мяне гэта, можна сказаць, першы такі досвед "закупаў". Ён жыве ў Брэсце, таму ездзіць раз на два месяцы, каб прыдбаць нешта для дзіцяці, па гаспадарцы і яшчэ тое-сёе. Але на машыне ён вырашыў паехаць упершыню, бо трэба было купіць рэчы, якія ў руках перанесці досыць складана. Пасля гэтай паездкі, ён наўрадці паедзе туды на машыне :)
Але скаталіся мы весела. Я прыехаў на цягніку ў 6 раніцы ў Брэст, адкуль мы амаль адразу выправіліся на "Варшаўскі мост", захапіўшы яшчэ мультыварку, якую сябра планаваў аддаць ў рэмонт па гарантыі. Аформілі страхоўку на машыну (каля 33 у.а.) і пад'ехалі да мяжы. Машын было мала, улічваючы суботу. Але мы памыляліся, думаючы, што праедзем хутка. Спачатку мы больш за гадзіну прастаялі, каб заехаць на пункт пропуска, потым каля двух гадзін чакалі ўвагі нашых мытнікаў, а потым яшчэ дзве гадзіны стаялі на польскай мяжы. Не ведаю, чым яны там займаюцца, але ўсё адбывалася вельмі марудна, млява, павольна і незразумела. Па выніку мы толькі пасля 12 выехалі з гэтай чортавай мытні, добра яшчэ, што ў Польшчы час на гадзіну меней. Памянялі ў "канторы" грошы і хуценька паехалі ў Бяла-Падляску. Некаторыя беларусы ўжо вярталіся назад, а мы яшчэ ехалі толькі туды. Дарога на Варшаву, мякка кажучы, не магістральная, пастаянныя населеныя пункты, таму ў Бяла-Падляску мы прыбылі толькі а дванаццатай па-мясцоваму. Сябра адразу накіраўся ў "Фартляндыю", каб набыць стульчык для кармлення свайму малому, а яшчэ пляменніку, ровар-імітацыі і аўтакрэсла. А мы патупалі глядзець на кошты ў нейкую крамніцу бытавой хіміі. Па шчырасці, нічога асабліва таннага я не заўважыў там, набыўшы толькі шампунь для жонкі. Мы з ёй, дарэчы, склалі цэлы спіс патрэбных рэчаў, з якіх я прыкладна 90% прывёз дадому.
Прыйшлося вяртацца да сябра, які ўжо сканчваў працэс набыцця, пакінуўшы ў краме больш за 1000 злотых.Багажнік запоўніўся на 70%, а ровар прыйшлося паставіць у салон. Потым мы накіраваліся ў гандлёвы цэнтр "Рывал", дзе правялі яшчэ каля двух гадзін. Звычайны гандлёвы цэнтр з брэндавымі крамамі. Тут мы набылі тое-сёе з адзення, абутку, гаспадарчых тавараў, першы раз за дзень паелі (42 см. піцы ў кавярні за 35 злотых). У прынцыпе, на гэтым можна было сканчваць, бо, па-першае, амаль усё пазачынялася, па-другое, горад апусцеў. Бяла-Падляска нагадвае нечым Кобрын ці Бабруйск, аднак насельніцтва там мала, праўда, ёсць усе прыкметы цывілізацыі кшталту "Макдака", гіпермаркетаў і супермаркетаў. Пасля чатырох гадзін людзей на вуліцах мала, усе крамы акрамя прадуктовых зачынены. Мы ледзь адшукалі адчыненую аптэку (тут можна ўзяць лекі на беларускі рэцэпт). Ёсць тры касцёла, забудова збольшага прыемная воку. Больш мы нічога не бачылі.
У "Рывале" мы наведалі "Стакротку", потым зазірнулі ў "Лідл", пасля наведалі "Карэфур". На закуску засталася "Бедронка". У прынцыпе, з маіх назіранняў, "Бедронка" - гэта наш "Еўраопт". А самы вялікі выбар у "Карэфур". Хаця і ў іншых крамах можна нешта вылавіць на зніжках. Зрэшты, танна тут набываць сыр (пабалаваў жонку), шакалад, алкаголь, бытавую хімію, электратавары. Гэта нават без уліка ват. Па мясу мне здалося, што кошты аднолькавыя, тым больш, там усё вымяраецца па 100 гр. Асабліва таннага адзення я не знайшоў, пэўна, трэба было ісці на рынак.
На зваротным шляху вырашылі ехаць праз "Дамачава", бо не хацелі стаяць да раніцы. Гэта, праўда, круг у 60 км, але разлік быў на тое, што туды ніхто не паедзе. Я сеў за стырно, і крыху пасля дзевяці вечара мы даехалі на мяжу. Там сапраўды было літаральна некалькі машын. Але і тут мы затрымаліся ажно на 2,5 гадзіны. Пакуль аформілі ваты (і тут жа іх забралі), а свая мытня прымусіла нас вывучыць працэс дэкларавання ад "а" да "я". Прыйшлося задэкларараваць і стульчыкі, і крэсла, і зламаную мультыварку (якую палякі не ўзялі назад, бо сябра не меў чэку), і нават пральны парашок. Побачы ехалі людзі з Германіі ад сына і везлі старыя цацкі ды рэчы, дык ім таксама прыйшлося іх дэкларараваць. Выехалі толькі пасля дванаццаці ночы. Ляцеў я як шалёны, і ў Брэсце былі а першай. Думаў а шостай сесці на цягнік, але проста не здолеў пачуць будзільнік, а прачнуўся ад сірэны сына сябра. Прыйшлося ехаць на маршрутцы.