Нагавіцы, Озалс, патроны, "Рэал"

Jul 13, 2009 17:39


Нагавіцы
Да трэцяй клясы з другой зьмены пячанскай школы я вяртаўся разам зь сяброўкай-аднаклясьніцай Ларыскай. Ад школы да майго дому было мэтраў сто, да ейнага - крыху больш, але мы заўсёды пасьпявалі напятляць кругі. Аднойчы ў цемрыве я за нешта зачапіўся і шмаргануўся аб асфальт. У пад’езьдзе намацаў велічэзную дзірку на левым калене школьных нагавіцаў. Пакуль узьнімаўся на трэці паверх, у мяне сасьпеў плян, як пазьбегнуць матчынага пакараньня. Я ціха зайшоў у кватэру, пераапрануўся, выйшаў з школьнымі нагавіцамі на гаўбец і скінуў іх у цемру. Аднак назаўтра я заўважыў, што нагавіцы ляжаць распасьцертыя на пліце-казырку. Давялося тэрмінова шукаць у двары кавалкі кардону, ізноў выходзіць на гаўбец і цаляць на нагавіцы, каб цалкам схаваць іх ад людзкога вока. Маці доўга выпытвала, куды ж я падзеў новыя школьныя нагавіцы і ўрэшце выказала здагадку: “Мабыць, на фізкультуры пасеяў”.

Озалс
У дзяцінстве ў мяне было два самых любімых дарослых фільмы - “Месца сустрэчы зьмяніць нельга”, а таксама латыская шматсэрыйка “Доўгая дарога ў дзюнах”, дзе адна з галоўных гераіняў была Марта Озалс. На той час (дый сёньня) яна мне ўяўлялася сапраўдным увасабленьнем пекнаты і жаноцкасьці. Цяжка сказаць зараз, якія пачуцьці ў мяне яна тады выклікала, але ў маім хлапечым сэрцы шчымела так,што крый яго Божа! Нягледзячы на, хоць і зьлёгку прымаскаваную, заідэалягізаванасьць, з задавальненьнем перагледзеў бы фільм і зараз. Каб ажывіць свае колішнія пачуцьці. Да Марты Озалс.




Ліліта Азаліня ў ролі Марты Озалс (udel3.ru)
Патроны
Жывучы амаль усё сваё дзяцінства і юнацтва ў вайсковых гарадках мяне ніколі не цягнула да патронаў, як цягнула амаль усіх маіх аднагодкаў. Нельга сказаць, што я быў такі ўжо паслухмяны хлопец - дома адзін, а на вуліцы зусім іншы, аднак спакусы кінуць патрон у вогнішча на палігоне ці ў лесе ў мяне не было ніколі. Магчыма, стрымлівалі жудасныя аповеды пра тое, што таму адарвала кісьць, гэтаму руку, а трэці і ўвогуле загінуў. Зрэшты, пустыя балёны з-пад дэзадарантаў ці дыкляфосаў кідануць у вагонь любіў )
“Рэал”
Футбол у маім маленстве быў для мяне мэгаўсё! Самая першая футбольная тэлетрансьляцыя, якую я памятаю - гэта матч, здаецца, Чэмпіянату сусьвету 1982 году паміж Бразыліяй і СССР, калі бразыльцы перамаглі (ізноў здаецца) 2-1.  Тады мне было восем год. А ўжо ў годзе 1987-1988-ым я разам з пацанамі стварыў у ГДР дваровую каманду “Рэал” (Хагенаў). На кардоннай паперы лёзамі “Нева” мы выразалі трафарэт з словамі REAL, adidas, уласна фірмовы сымбаль adidas-у, а таксама парадкавыя нумары на сьпіны. Чорнай фарбай наклалі адбіткі на майкі блакітнага колеру і трушчылі на футбольным полі ўсіх запар, хто выходзіў супраць нас. Нават жаўнераў. Мабыць, экіпіроўка дапамагала )

успаміны, слоўнічак майго дзяцінства, about me

Previous post Next post
Up